New York Times распавяла пра беларуску, якая адмовілася ад Facebook
7- 5.02.2018, 11:10
- 11,962
Студэнтка Пенсільванскага ўніверсітэта з Беларусі наважыла кінуць выклік сацсеткам.
Дацэнт Джорджтаўнскага ўніверсітэта Кэл Ньюпорт заклікаў чытачоў свайго блога правесці ў студзені экспэрымент - на месяц адмовіцца ад усіх некрытычных для жыцця і працы дзеянняў у інтэрнэце.
Мэта - навучыцца адсякаць плынь лішняга інфармацыйнага шуму, усвядоміць празмерную залежнасць сучаснага чалавека ад вэб-сайтаў і мабільных дадаткаў.
Адной з тых, хто прыняў такі выклік, стала Ганна Мушакевіч - 20-гадовая беларуска, якая вучыцца ў Пенсільванскім універсітэце, піша New York Times (пераклад - belmir.by).
У выніку адмовы ад сацсетак нашая суайчынніца высветліла, хто з яе сяброў за мяжой гатовы зрабіць высілкі і застацца на сувязі па-за Facebook. Хто з кола камунікацыі ў Беларусі і ў Сінгапуры, дзе Ганна таксама вучылася, знайшоў час для пошуку адрасу ейнай электроннай пошты і тэлефоннага нумара.
«Я стала надаваць больш увагі часу, які праводжу з людзьмі. Мы пачалі размаўляць радзей, і захацелася браць максімум ад гэтых стасункаў, яны сталі больш змястоўнымі», - распавяла беларуска, якая, хутчэй за ўсё, не будзе зноў устанаўліваць дадатак Facebook на сваім тэлефоне.
Са слоў самога Кэла Ньюпорта, большасць з тых, хто адпісаўся яму аб выніках экспэрыменту, паведамілі, што ў выніку ў іх з'явіўся час для новых захапленняў і заняткаў: малявання, трэніровак або напісання кнігі.
Яны навучыліся вызначаць для сябе больш строгія рамкі і правілы: класці блок сілкавання ў іншым пакоі ці не заходзіць лішні раз на ўлюбёны сайт спартыўных навін.