На «Ждановічах» пад чырвоным сцягам гандлююць пнеўматычнай зброяй
32- 5.02.2018, 12:15
- 27,270
Прылавак са зброяй пад сцягам дзяржавы, якой няма, стаіць каля самага ўваходу на менскі рынак.
Ліст і фатаграфію даслаў у рэдакцыю nn.by чытач Алег Грушэцкі.
«На менскім рынку «Ждановічы» спакойна гандлююць пнеўматычнай зброяй пад чырвоным сцягам з сярпом і молатам. Сцягам дзяржавы, якой няма, хоць Беларусь даўно незалежная.
Прылавак са зброяй пад чырвоным сцягам стаіць каля самага ўваходу на рынак, недалёка ад аўтобуснага прыпынку «Масюкоўшчына» - міма яго не пройдзеш. Сцяг з камуністычнай сімволікай (забароненай у нашых еўрапейскіх краінах-суседках, але не ў нас), што раздзімаецца над «Ждановічамі», можна ўбачыць здалёк.

Адміністрацыйных парушэнняў паводле беларускага заканадаўства ў гэтым быццам бы няма, таму адміністрацыю рынку, відавочна, гэта не хвалюе. Аднак з улікам таго, што апошнім часам савецкая сімволіка далёка не ўсім даспадобы, адміністрацыі варта было б задумацца.
У многіх беларускіх сем'яў сваякі пацярпелі ад «Вялікага тэрору», сталінскіх рэпрэсій, былі расстраляныя або прайшлі праз лагеры. І ўсё гэта так ці інакш звязана з гэтай сімволікай. Але паспрабуйце гэта растлумачыць прадаўцу за прылаўкам».