Праваабаронцы заступіліся за палітвязня Змітра Паліенку
- 5.02.2018, 12:57
- 8,025
ФОТА: SPRING96.ORG
Бабруйская калонія не прапусціла 150 паштовак для палітвязня.
Палітычны зняволены Зміцер Паліенка напісаў у лісце да праваабаронцаў, што ніводная з 150 паштовак, якія яму дасылалі з нагоды Новага года, не дайшла, паведамляе «Белсат».
Такая «блакада» - элемент ціску на вязня. Палітвязень піша ў лісце да праваабаронцы Насты Лойкі, што не памятае, колькі правёў у штрафным ізалятары - 25 ці 27 дзён. Раней праз алергію ды астму яго ўжо здымалі з працы вырабу пальчатак, але зноў вярнулі, нягледзячы на медычную забарону.
Актывістка Анісія Казлюк паведаміла, што праваабаронцы падрыхтавалі скаргі, якія можна дасылаць у Бабруйскую калонію.
Паліенку амаль штомесяц змяшчаюць у штрафны ізалятар за надуманыя парушэнні. Палітвязень мяркуе, што такім чынам адміністрацыя стварае падставы для таго, каб распачаць супраць яго новую крымінальную справу - на падставе арт 411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
Нагадаем, у кастрычніку 2016 года Паліенку асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай за нібыта напад на міліцыянта падчас веласіпеднага прабегу «Крытычная маса», які прайшоў у Менску. Увесну гэтага года Паліенку зноў арыштавалі: суд скасаваў адтэрміноўку і адправіў Паліенку адбываць рэшту тэрміну ў Бабруйскую калонію.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Паліенку вязнем сумлення.