5 траўня 2024, Нядзеля, 4:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Магдалена Радзівіл уважала сябе за беларуску, марыла жыць у Менску»

1
«Магдалена Радзівіл уважала сябе за беларуску, марыла жыць у Менску»

Стала вядома, дзе і калі ў Менску будуць пахаваныя перавезеныя са Швэйцарыі парэшткі Магдалены Радзівіл.

17 лютага ў менскім касцёле Святой Тройцы (Святога Роха) адбудзецца перапахаванне парэшткаў Магдалены Радзівіл. Цырымонію ўзначаліць біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, паведамляе афіцыйны інтэрнэт-партал Каталіцкай царквы ў Беларусі catholic.by.

Марыя Магдалена Радзівіл у свой час надавала фінансавую падтрымку выдавецтву «Загляне сонца і ў наша аконца», газеце «Беларус», шпіталям, сельскім крамам. У 1917 годзе ахвяравала брыльянтавае калье на заснаванне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме - грошы перадалі святарам марыянам у Друі.

Дзякуючы яе намаганням, запрацавалі беларускія школы ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі. Таксама мецэнатка плаціла стыпендыі студэнтам-беларусам, якія вучыліся ў Пецярбургу, падтрымлівала мясцовую беларускую бібліятэку.

«Яна ўважала сябе за беларуску, марыла жыць у Менску. Таму будзе вельмі сімвалічна, калі мы пахаваем прах Магдалены тут», - адзначаў прадстаўнік роду Радзівілаў князь Мацей Радзівіл, як толькі з'явіліся першыя чуткі аб магчымым перапахаванні ў Беларусі.

Як распавёў пробашч парафіі Юрый Санько, урну з парэшткамі Магдалены Радзівіл выставяць для развітанне ў царкве напярэдадні, вечарам 16 лютага.

Са слоў святара, парэшткі будуць перапахаваныя ў левай частцы святыні, дзе паўстане памятная табліца і барэльеф у гонар знакамітай мецэнаткі.

Мяркуецца, што на ўрачыстасць прыедуць Мацей і Міхаіл Радзівілы, а таксама праўнучка Магдалены Радзівіл - Марылена Замойская.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках