17 лiстапада 2023, Пятніца, 8:00
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрыст: «Дармаедаў» змогуць высяляць з кватэр і ставіць у пашпарт адмысловы штамп

104
Юрыст: «Дармаедаў» змогуць высяляць з кватэр і ставіць у пашпарт адмысловы штамп

Сэнс дэкрэта №1 парушае многія канстытуцыйныя правы беларусаў.

Пакуль міністры, журналісты і актывісты спрачаюцца аб тым, якія паслугі можна будзе падаць да аплаты «дармаедаў», праваабаронцы ўжо бачаць пагрозы асноўным правам, закладзеным у тэксце дэкрэта №1. З гэтага пункту гледжання дакумент прааналізаваў праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка:

- Асноўным інструментам кампенсацыі дзяржавай «недаатрыманага» даходу ад падатковых і іншых аплатаў тых, хто будзе прызнаны Саветам Міністраў як катэгорыя працаздольных грамадзян, што не ўдзельнічаюць у эканоміцы (новы тэрмін для абазначэння «дармаедаў»), стане пазбаўленне іх ільготаў: у аплаце субсідаваных выдаткаў, атрыманні субсідый. Відавочна, сферай правядзення чарговага эксперыменту стане жыллёва-камунальная гаспадарка.

Канстытуцыйна гэта? Пазбаўленне льгот, з майго пункту гледжання, наўрад ці можна трактаваць як парушэнне правоў чалавека, хіба што ўлады пазбаўлялі б гэтых ільгот на дыскрымінацыйных падставах: паводле прыкметы прыналежнасці да пэўнай расы, нацыянальнасці, вызнанне пэўнай рэлігіі, напрыклад.

З іншага боку, у дэкрэце закладзеныя асновы для пазбаўлення асобных катэгорый грамадзян асноўных правоў, якiя прызнаюцца Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі. Новыя ахвяры дэкрэта - «працаздольныя непрацуючыя грамадзяне, якія вядуць асацыяльны лад жыцця», якія з сэнсу дэкрэта будуць накіроўвацца ў ЛПП. Хто трапіць у гэтую катэгорыю - пакуль невядома; ураду даручана да 1 красавіка гэтага года падрыхтаваць адпаведныя прапановы Лукашэнкі.

Вернемся крыху назад. У спадчыну ад СССР Беларусі дасталіся лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛПП), праз якія штогод праходзяць некалькі тысяч чалавек. Адначасова ў ЛПП у 2016 і 2017 годзе ўтрымліваліся больш за 6 700 чалавек. У ЛПП ва ўмовах фактычнага пазбаўлення волі ўтрымліваюцца тэрмінам да паўтара года грамадзяне, якія не ўчынілі злачынстваў, але пакутуюць на алкагалізм, а таксама абавязаныя асобы, што парушылі працоўную дысцыпліну ў стане ап'янення - катэгорыя грамадзян, абавязаных кампенсаваць дзяржаве кошт утрымання адабраных у іх непаўналетніх дзяцей у адпаведнасці з выдадзеным у 2006 годзе дэкрэтам №18. Абавязаным асобам забараняецца адчужаць нерухомую маёмасць і транспартныя сродкі, якая належыць ім. Непрацуючыя абавязаныя асобы, а таксама працуючыя абавязаныя асобы, якія кампенсуюць расходы для ўтрымання дзяцей у добраахвотным парадку паводле заявы, але не цалкам, падлягаюць прымусоваму працаўладкаванню. Яны могуць быць выселеныя з уласных жылых памяшканняў для здачы гэтых памяшканняў у арэнду. У пашпарце абавязанай асобы ставіцца адпаведны штамп. За адсутнасць на працы цягам працоўнага дня без уважлівай прычыны абавязаныя асобы ў пазасудовым парадку на пастанову органа ўнутраных спраў падвяргаюцца адміністрацыйнаму арышту з накіраваннем на прымусовыя работы.

Калі запрацуе запушчаны дэкрэтам №1 працэс, канчатковая зачыстка асацыяльных асобаў з накіраваннем іх у «працоўныя лагеры» выйдзе на новы ўзровень, закрануўшы хутчэй за ўсё і тых, хто не ўчыняе правапарушэнняў.

Так што можна ўпэўнена канстатаваць, што ўлады чарговым разам не змаглі адысці ад звычкі развязваць сацыяльныя праблемы праз абмежаванне правоў і свабодаў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках