17 лiстапада 2023, Пятніца, 8:00
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўнага інжынера МЗКЦ прызналі невінаватым, але зноў затрымалі

7
Галоўнага інжынера МЗКЦ прызналі невінаватым, але зноў затрымалі

Расследаванне доўжылася амаль два гады.

Суд Фрунзенскага раёна Менска абвясціў апраўдальны прысуд 56-гадоваму Андрэю Галавачу. У сваім апошнім слове мужчына падзякаваў суддзю за дбайны разгляд і папрасіў паставіцца да ягонай справы непрадузята. У сакавіку 2017 года гэтым жа судом Галавач быў прызнаны вінаватым і асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

- Калі суддзя Юлія Блізнюк зачытала тату апраўдальны прысуд, у нас слёзы ліліся градам, гэта быў радасны шок! І ён, і мы былі такія шчаслівыя, суддзя пастанавіла вызваліць бацьку ў зале суда. Ужо пасля абвяшчэння спусціліся на першы паверх, чакалі, вось-вось канваіры адпусцяць тату, і нарэшце зможам яго абняць. І тут выходзіць адвакат: «Ваш тата не спусціцца, толькі што яго затрымалі паводле іншага эпізоду атрымання хабару», - Анастасія і Наталля, дочкі Андрэя Галавача, прыехалі ў рэдакцыю tut.by адразу пасля абвяшчэння апраўдальнага прысуду.

Галоўны інжынер Менскага завода колавых цягачоў Андрэй Галавач быў затрыманы ў лютым 2015 года. Паводле версіі следства, ён, а таксама начальнік канструктарскага бюро і намеснік начальніка інструментальна-штампавай управы МЗКЦ атрымлівалі ад прадстаўнікоў суб'екта гаспадарання хабар за садзейнічанне пры пастаўках на завод рэжучага і дапаможнага інструменту. Усяго следства выявіла 80 эпізодаў атрымання хабару, Андрэю Галавачу інкрымінавалі атрыманне больш чым 180 тысяч дэнамінаваных рублёў.

Расследаванне доўжылася амаль два гады. У сакавіку 2017 г суд Фрунзенскага раёна Менска прызнаў усіх траіх фігурантаў вінаватымі, Андрэй Галавач быў асуджаны паводле ч.3 арт.430 КК (Атрыманне хабару ў асабліва значнай суме) і асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Быў накладзены арышт на кватэру дачкі, аўтамабіль самога Галавача і дачны пляц жонкі, мабільны тэлефон і грошы.

- Увесь гэты час тата адмаўляў сваю віну. Адразу пасля абвяшчэння прысуду мы звярнуліся з апеляцыйнай скаргай у Менскі гарадскі суд, ён скасаваў прысуд і адправіў справу на новы разгляд у той жа Фрунзенскі суд Менска, толькі ўжо да іншага суддзі, - распавядаюць дочкі Андрэя Галавача. - Суддзя Блізнюк стала старанна вывучаць матэрыялы справы, задаваць пытанні, выклікаць сведкаў, усе абвінавачванні былі ўскоснымі. Мы заўважылі, што следчы, які вёў гэтую справу, у канцы судовага разбору пачаў хадзіць на пасяджэнні. А сёння ў час абвяшчэння прысуду быў супрацоўнік ГУБАЗіК МУС, які ў 2015 годзе затрымліваў тату.

У сваім апошнім слове Андрэй Галавач падзякаваў суддзю за дбайны разгляд і папрасіў паставіцца да ягонай справы непрадузята. У спрэчках дзяржабвінаваўца запрасіў для абвінавачанага ўсё тыя ж 8 гадоў пазбаўлення волі. Два тыдні суддзя знаходзілася ў дарадчым пакоі, а пасля апраўдала абвінавачанага.

- За тры гады ў нас было ўсяго тры спатканні, неаднаразова прасілі змяніць тату меру стрымання, адпусціць пад падпіску аб нявыездзе або даручальніцтва, але ўсё адхілілі. Тата больш за 30 гадоў аддаў заводу, пра яго добра адгукаліся і былыя супрацоўнікі, і цяперашнія. Нічога не прадвяшчала, што ў 2015 годзе бацька патрапіць за краты, - успамінаюць Анастасія і Наталля.

У судзе ад каментароў адмовіліся. Як паведаміла Юлія Ганчарова, афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта, у гэты момант былы галоўны інжынер МЗКТ затрыманы паводле падазрэння ў злачынстве па ч.3 арт.430 КК «Атрыманне хабару ў асабліва значнай суме». Гаворка ідзе пра новыя эпізоды, а не пра тыя, якія яму раней залічвала следства.

- На разглядзе Галоўнай следчай управы СК знаходзіцца крымінальная справа, якая тычыцца атрымання службовымі асобамі розных прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі хабараў ад прадстаўнікоў замежных суб'ектаў гаспадарання. У тым ліку гаворка ідзе пра былога галоўнага інжынера МЗКЦ, - паведаміла Юлія Ганчарова.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках