Чубараў: Пагроза распаду РФ павінна прымусіць Пуціна вярнуць Крым
3- 5.02.2018, 18:57
- 13,721
ФОТА: EPA
Кіраўнік Меджліса крымскататарскага народа заявіў пра неабходнасць ізаляваць РФ і яе кіраўнікоў ад усіх працэсаў.
Кіраўнік Меджліса крымскататарскага народа, дэпутат Рэфат Чубараў выказаў здагадку, што акупаваны Крым можа вярнуцца пад поўны дзяржаўны суверэнітэт Украіны ў любы момант. Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю «Радио Свобода».
«Я не магу назваць дакладную дату, калі мы вернемся ў Крым, і Крым вернецца пад поўны дзяржаўны суверэнітэт Украіны. Гэта можа адбыцца ў любы момант. Для Пуціна - гэта яго палітычная, а можа нават фізічная смерць. Калі Пуцін будзе кіраваць Расеяй, то для яго можа ўзнікнуць сітуацыя больш пагрозлівая, чым вяртанне Крыма», - адзначыў Чубараў.
З ягоных слоў, больш пагрозлівымі ўмовамі можа быць «выбух у самой Расеі - распад, паўстанне».
«Сучасны свет, нашы партнёры разам з Украінай у стане падрыхтаваць гэтыя ўмовы. Неабходна максімальна ўзмацніць санкцыі, ізаляваць Расею і ўсіх яе кіраўнікоў ад усіх працэсаў, якія адбываюцца ў свеце і жыццёва важныя для самой Расеі», - падкрэсліў Чубараў.
Ён мяркуе, што эмбарга на расейскія энэрганосьбіты на адзін-паўтара года прывядзе да поўнага краху расейскай эканомікі.
«Пагроза распаду Расеі павінна прымусіць любога чалавека, які будзе ёю кіраваць, дзеля захавання самой Расеі адмовіцца ад тэрытарыяльных дамаганняў у дачыненні да сваіх суседзяў і вярнуць Крым», - перакананы Чубараў.
«Тыя, хто думаюць, што мы зможам самастойна развівацца, страціўшы Данбас і Крым, глыбока памыляюцца. Можа быць, эканамічна і атрымаецца, але ў духоўным плане будзе такі надлом, які абавязкова прарвецца новымі ўзрушэннямі для ўкраінскага грамадства. Каб гэтага надлому не адбылося, цяпер трэба прыкласці ўсе намаганні для таго, каб вярнуць гэтыя тэрыторыі і аб'яднацца з нашымі суграмадзянамі, якія там чакаюць нас, чакаюць Украіну», - падкрэсліў Чубараў.
31 студзеня кіраўнік Меджліса заявіў, што любыя кампрамісы з Пуціным, пакуль ён не выведзе свае войскі з акупаванай тэрыторыі Украіны - гэта заахвочванне агрэсара.
Расея акупавала Аўтаномную рэспубліку Крым у 2014-м годзе. Вярхоўная Рада Украіны афіцыйна абвясціла 20 лютага 2014-га пачаткам часовай акупацыі Крыма і Севастопаля Расеяй. Ключавыя міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Генеральная асамблея ААН, асудзілі дзеянні Расеі і назвалі анэксію і акупацыю Крыма незаконнай. Супраць РФ былі ўведзеныя эканамічныя санкцыі. За правядзенне Масквой так званых выбараў з удзелам Крыма ў 2016-м годзе парламент Украіны прызнаў Дзярждуму РФ нелегітымнай.