16 красавiка 2024, aўторак, 8:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрусь Горват: Я хачу жыць сярод творчых, свабодных людзей

Андрусь Горват: Я хачу жыць сярод творчых, свабодных людзей
Андрусь Горват
Фота: «Радыё Свабода»

Пісьменьнік расказаў пра Парыж, адчуваньне дому і «Даліну анёлаў».

Пісьменьнік Андрусь Горват пагутарыў са «Свабодай» падчас прыезду ў Горадню на сустрэчу з чытачамі 3 лютага.

Стаў вядомым, калі пакінуў Менск

Андрусю Горвату 35 гадоў. Журналіст, пісьменьнік, былы дворнік Купалаўскага тэатру. Стаў вядомым пасьля таго, як зьехаў зь Менску на малую радзіму — палескую вёску Прудок. Жыцьцё ў Прудку Андрусь апісваў на сваёй старонцы ў Facebook. За аповедамі пра адбудову дзедавай хаты, муху Наташу, казу Цётку і кабачкі сачылі каля дзесяці тысяч чалавек.

Зь невялікіх пастоў паўстала кніга-дзёньнік «Радзіва Прудок». Яе перавыдалі ўжо тры разы, агульным накладам 4650 асобнікаў. Чытачы стаялі ў доўгіх чэргах па аўтограф аўтара. Кніга атрымала прэмію «Дэбют», прэмію Адама Глобуса «Залатая літара», увайшла ў шорт-ліст прэміі Гедройця. Гэтую выбуховую папулярнасьць некаторыя назвалі «фэномэнам Горвата».

Цяпер Андрусь разам зь сябрамі аднаўляе закінуты кляштарны комплекс у Мазыры, каб стварыць там культурную прастору. У родным Прудку набыў суседнюю са сваёй «Дэдалеву хату» і хоча зрабіць там аграсядзібу, гасьцявы дом, культурны цэнтар.

Жывы Андрусь адрозьніваецца ад фэйсбучнага пэрсанажа

«Добра, з радасьцю», — кажа Андрусь на прапанову аб двухгадзінным інтэрвію. Раней пісьменьнік у асноўным пазьбягаў журналістаў і публічнасьці. «Пагадзіўся, бо мяне запрасілі сюды (у Горадню) у госьці. Трэба паважаць гаспадароў. У Менску я сам арганізоўваў, а тут не».

Жывы Андрусь адрозьніваецца ад свайго фэйсбучнага пэрсанажа. Ён цісьне, вітаючыся, руку, гаворыць стрымана, нэрвова круціць у пальцах цыгарэту. Раптам бянтэжыцца, змаўкае і робіць вялікія паўзы; кажа «наступнае пытаньне», калі ня хоча адказваць; часта ўсьміхаецца і дазваляе сябе абняць на разьвітаньне.

«Давай спакойна пап’ем кавы. Я доўга прачынаюся. А за дзесяць хвілін да канца я хутка адкажу на ўсе пытаньні па сьпісе», — жартам ён спрабуе адцягнуць пачатак гутаркі.

Падарожжы. «Гомель, Бэрлін, Парыж — гэта ўсё наша»

Я пераехаў бы ў Горадню жыць толькі тады, калі б з твару зямлі зьніклі Прудок, Каленкавічы, Нароўля, Мазыр, Менск і Парыж.

Раней мая мапа падарожжаў была такая: Украіна, Польшча, Літва, Расея. Да майго падарожжа па Эўропе самая далёкая паездка была ў Самару, каб прадаваць электрачайнікі.

У Піцер я езьдзіў здымаць кіно на 20 хвілін. Думаў, што я вялікі рэжысэр. Патрэбна была сцэна з набярэжнай. У Менску такога месца не знайшлі. Я ўзяў пазыку амаль на 2 тысячы даляраў, каб аплаціць дарогу і жытло ўсёй камандзе. Сцэна была на 10 сэкундаў. А фільм я так і не даздымаў.

Раней я меў стэрэатып, што мы падобныя з украінцамі, палякамі, расейцамі

У мяне раней было адчуваньне, што Нямеччына, Нідэрлянды, Францыя, Італія — гэта штосьці з тэлевізара, вельмі далёка. Аказалася, што ўсё вельмі блізка. Яно аб’ядналася ў адну прастору, бо я паступова ехаў, ехаў, ехаў. У мяне няма адчуваньня, што Гомель наш, а Бэрлін ня наш. Гомель, Бэрлін, Парыж — гэта ўсё наша.

Раней я меў стэрэатып, што мы падобныя з украінцамі, палякамі, расейцамі. Але пасьля падарожжа знайшоў больш падабенства беларусаў да немцаў, аўстрыйцаў, бэльгійцаў. Яны таксама спакойна, інтравэртна робяць сваю справу, сугучна зь беларускім ладам жыцьця. Проста іншы матэрыяльны і інтэлектуальны ўзровень.

Фэномэн Горвата. «Для мяне ўсе, як сям’я»

Выраз «фэномэн Горвата» ўвялі ва ўжытак, але ніхто не патлумачыў, што гэта значыць. Калі я пераехаў у Прудок, у мяне было каля ста фрэндаў у Facebook. Радаваўся, калі атрымліваў шэсьць падабаек пад допісам. Я думаю, што зачапіў нейкі беларускі ген. Мы, беларусы, вельмі любім дзяліць на свае і чужыя. Мы ня ўмеем выстройваць дачыненьні на афіцыйным узроўні. Мы іх будуем на свойскасьці.

Мая кніга прадаецца ў менскай кнігарні. Я першы раз пазваніў дырэктарцы, каб дамовіцца падпісаць паперы. Дырэктарка буйной крамы і аўтар кнігі. Я пытаюся, ці магу прыехаць а дзевятай раніцы. Яна гаворыць: «Давайце ў дзесяць, бо раптам у мяне дзіця захварэе». Я кажу: «Я не магу ў дзесяць, бо мне на фрызуру». Мы пачынаем размаўляць пра тое, пра што не прынята ў гэтай сытуацыі.

Думаю, што гэта спрацавала. Я не ствараў вялікага бар’еру, не патрабаваў да сябе афіцыйнага стаўленьня. Для мяне ўсе дзядзькі, цёткі, як сям’я. У нас гэта адгукаецца.

Facebook. «Адзін чалавек — гэта вельмі блізка і вельмі многа»

Мне лягчэй выказаць свае эмоцыі тысячы чалавек, чым аднаму. Мне аднаму чалавеку складана сказаць: «Я цябе люблю, чалавек». Мая патрэба, каб я прысутнічаў на публічнай пляцоўцы, — у маёй адзіноце. У мяне была патрэба расказваць пра сябе, выказваць свае эмоцыі і атрымліваць зваротную сувязь. Ведаць, што мяне чуюць, бачаць, што я жыву, ведаюць пра маё існаваньне.

Калі адзін чалавек да мяне падыходзіць і пытаецца: «Як ты маесься?», я не выношу такіх блізкіх стасункаў. Некалі я пісаў, што людзей люблю, але на адлегласьці. Адзін чалавек — гэта вельмі блізка і вельмі многа. Я гэтага проста не вытрымліваю.

Адзінота. «Я выпальваюся, калі яе няма»

Чамусьці ўсе думаюць, што гэта нешта халоднае і страшнае, абавязкова драма. Я падзяляю словы «адзінота» і «самота». Самота — штосьці трывожнае, восеньскае, халоднае. Адзінота — даволі добрае слова. Мне яна вельмі патрэбна, нават каб фізычна жыць. Я выпальваюся, калі яе няма. Я не магу нечым займацца, калі ў мяне працяглы час няма адзіноты.

Адзінота патрэбна мне, нават каб фізычна жыцьАле людзі чуюць слова «адзінота», і ў іх адразу вочы становяцца такія: «шкада-шкада». Асабліва ў вёсцы гэтага не разумеюць. Для мяне гэта выбар. У жыцьці я паспрабаваў і быць адзін, і не адзін. Адзінота — не маецца на ўвазе толькі, жанаты ці не... Ай, мы ўжо лезем кудысьці не туды. Гэтая доўгая размова пра адзіноту нецікавая.

Дзяўчына. «Тут няма пра што размаўляць»

Тут справа ня ў тым, што гэта цяжкае пытаньне. Тут няма пра што размаўляць. Навошта? Я ня думаю, што гэта настолькі цікава чытачам. Пэрсанажу «Радзіва» патрэбна была жонка ў Прудок, каб даіць казу, глядзець агарод. Пэрсанажы заканчваюцца, а я працягваюся.

Інтравэрт. «Бяру энэргію ад свайго ўнутранага сьвету»

Давай пойдзем куды-небудзь. Я не люблю сядзець на месцы. Я хачу расказваць нешта вясёлае. Не люблю размаўляць пра важныя тэмы. Але чамусьці ўсе чакаюць, што я скажу нешта «ваў».

Я інтравэрт. Для таго, каб набрацца сілы, мне патрэбна адзінота. Экстравэрты ад людзей бяруць энэргію, а інтравэрты — ад свайго ўнутранага сьвету.

Я не люблю адкрытых прастораў. Нядаўна мы абмяркоўвалі, якім павінен быць камфортны горад: з вузенькімі вулачкамі або з шырокімі праспэктамі. Я не люблю шырокіх праспэктаў, мне там няўтульна.

«Радзіва Прудок». «Гэта быў тэкст, якім я жыў»

Задумкі стварыць кнігу адразу не было. Я першым часам жартаваў: «Тэма вёскі нікому не цікавая». Напісаць кнігу мяне справакавалі самі фэйсбучнікі. Я яе выдаваў ня як Кнігу зь вялікай літары. У мяне не было амбіцый наконт літаратурнай вартасьці. Гэта быў тэкст, якім я жыў. У мяне ёсьць свая гісторыя. Мне хацелася аб’яднаць тэксты з Facebook у адно, абараніць вокладкай, захаваць на памяць.

Крытыка. «Потым зьяўляецца абыякавасьць»

Да некаторых рэчаў проста прывыкаеш. Ёсьць меркаваньні, якія паўтараюцца. Калі першы раз прачытаў такі водгук, падумаў: «Чаму пра мяне так думаюць?». Потым зьяўляецца абыякавасьць.

Мне абсалютна ня важна, каб мяне называлі пісьменьнікам. Ёсьць сытуацыі, у якіх назваць сябе пісьменьнікам вельмі проста. У Францыі мне доўга тлумачыць, што я пішу, але не адчуваю сябе пісьменьнікам. Прасьцей сказаць: «I’m a writer».

Межы. «Я пачынаю біцца, выганяць і тупаць нагамі»

Кніга пісалася праз вобраз, такая тэатральшчына. Гэты вобраз выйшаў зь мяне. Але ня трэба яго цалкам са мной атаясамліваць. Калі людзі лезуць за межы гэтага вобразу, я не пускаю іх у маю прастору. Там я пачынаю біцца, выганяць і тупаць нагамі.

Пэрсанаж і аўтар. «Сапраўднага Андруся Горвата нельга ўбачыць ніяк»

Сам пэрсанаж вельмі адкрыты. У межах яго прасторы можна было хадзіць свабодна. Калі лезьлі ў маю асабістую прастору, я ўжо не вытрымліваў. Спробы зьмяніць межы былі спробай зразумець, дзе канчаюся я.

Я прыдумляў гэты пэрсанаж не мэтанакіравана. Само сабой так атрымалася. Пэрсанаж адрозьніваецца тым, што ён больш рэалізаваны за мяне, больш вясёлы, адкрыты, шчыры.

Сапраўднага Андруся Горвата нельга ўбачыць. Яго трэба шукаць паміж радкоў.

Імёны. «Усё роўна застаюся Горватам»

Дзядзька Горват, Андрусік Іванавіч, Андрушачка — гэта ўсё з Facebook расьце. Гэта ня столькі я ўтвараў гэты вобраз, колькі сама аўдыторыя. Людзі ў Прудку жывыя, але гэта ўсё правобразы. Калі нехта прыяжджае знаёміцца зь цёткай Дуняй, вельмі зьдзіўляюцца, не пазнаюць яе. Я выбраў з сапраўднай цёткі Надзі нейкія рысы і расьцягнуў на ўсю цётку Дуню, дадаў да яе рысы іншых людзей.

Як бы я не мяняў імёны, усё роўна застаюся Горватам. Ёсьць нейкая база, ад якой я не адмаўляюся і якая аб’ядноўвае ўсе шызафрэнічныя бакі маёй асобы. Корань адзін. Астатняе — спробы зьмяніць вобраз пэрсанажа, бо мне ў ім станавілася цесна.

Мадыфікацыя. «Вобраз з «Радзіва» скончыўся»

Гэта як у тэатры: актор сыграў адну ролю і яму хочацца паспрабаваць наступную. Я паспрабаваў вырашыць гэта праз зьмену імя. Але ў мяне ніколі не атрымлівалася. Людзі прасілі вярнуць таго ж пэрсанажа. Таму я выходзіў з Facebook або ствараў там закрытую суполку. Той вобраз з «Радзіва» ўжо скончыўся.

Некаторыя людзі праз гэта расчараваныя. Яны на мяне падпісаліся, каб чытаць аповеды пра цётку. Адзін чытач сыходзіць, двое прыходзяць. Ідзе абнаўленьне. Новыя людзі рэагуюць на мой новы спосаб. Нічога страшнага ў гэтым няма. Я не магу быць прыватнай уласнасьцю аўдыторыі. Я, як вірус, зьмяняюся зь цягам часу, мадыфікую.

«​Даліна анёлаў»​. «Я хачу жыць сярод творчых, свабодных людзей»

Можна казаць, што мне вельмі баліць культурная спадчына Палесься, архітэктура. Але перш за ўсё я хачу жыць сярод творчых людзей, якія здольныя мадэляваць новыя спосабы жыць, інакш глядзяць на рэчы, свабодныя ў сваіх думках і памкненьнях. «Даліна анёлаў» цікавая, бо зьбірае такіх людзей вакол сябе. Зьнішчае палескую самоту, калі ты адчуваеш сябе сярод аднадумцаў.

Мы аднаўляем «Даліну анёлаў» з маімі палескімі сябрамі, якія зьявіліся пасьля публікацый у «Нашай ніве». Адзін прыехаў да мяне ў Прудок позна ўвечары. Сказаў, што пра мяне прачытаў. Мы сядзелі ў хаце, пілі гарбату, маўчалі, не было асабліва пра што размаўляць. Потым ён мне падарыў казу, пачаў падтрымліваць. Другі сябар напісаў, каб я зьвяртаўся, калі мне патрэбна дапамога. Аднойчы я зьвярнуўся, і гэта ўвайшло ў звычку.

У «Даліне анёлаў» я займаюся піярам. Мая задача, каб пра гэты праект ведалі, каб прыцягваць людзей, быць магнітам. Каб праект існаваў не толькі на рэгіянальным, але на агульнабеларускім узроўні, у публічнай сфэры, каб гэта было важна для ўсіх. Я за гэты праект спакойны і веру, што ён адбудзецца. Нас было чацьвёра, а пасьля далучыліся сябры сяброў. Нас усё больш.

Па Беларусі шмат маленькіх ініцыятыў, якія ідуць зь мястэчак, зь вёсак. Але праз адсутнасьць рупара цяжка доўга трымацца, калі няма падтрымкі, зваротнай сувязі.

Мазыр і Каленкавічы. «Тое жывое, што засталося, трэба абараніць»

Мае сябры — з Каленкавіч і Мазыра. Яны ляжаць па абодва бакі Прыпяці, зьвязаныя гарадзкім аўтобусам. Гэта адна прастора. Я яе не падзяляю. У Каленкавічах няма гарадзкой душы. Там заўсёды была вёска. Горад стаў, бо завязаўся чыгуначны вузел.

Мазыр — гэта сапраўдны горад. Там ёсьць гарадзкая музыка ўнутры людзей. Мазыр заўсёды быў вельмі савецкі горад. Ён моцна пацярпеў ад саветаў. І тое жывое, што засталося, трэба абавязкова абараніць, даць яму мажлівасьць разрасьціся. Мазыр другі па велічыні горад Гомельскай вобласьці. Там дагэтуль няма курсаў «Мова Нанова», кнігарні зь беларускімі кнігамі.

Там багата людзей, якія ведаюць мяне, чытаюць. Нібы ёсьць цывілізаваны Менск і глухая правінцыя. Аказваецца, няма такой мяжы. Усюды ёсьць і цёмныя, і сьветлыя людзі; свабодныя і рабы. У Мазыры багата сьветлых, свабодных, добрых людзей.

Ідэя жыцьця. «Атрымліваць кайф»

Такія пытаньні прымушаюць да пафасу. Задача кожнага чалавека пачынаецца з банальнага «быць шчасьлівым». А што фармуе тваё шчасьце, твой камфорт, з гэтага пачынаюцца канкрэтныя дзеяньні, прыярытэты. Проста атрымліваць кайф ад жыцьця.

Майму нефізычнаму целу патрэбна беларуская нацыянальная прастора

У працэсе розныя рэчы цябе задавальняюць. Але заўсёды ёсьць фізычная аснова для цела: ежа, вада. Таксама ў мяне ёсьць нефізычнае цела. Яму патрэбна беларуская нацыянальная прастора. Гэта ня мэта, а інструмэнт, каб падтрымліваць свае целы.

Сьмецьце. «Я ня змог кінуць сабе пад ногі»

У Бэльгіі, калі мы зь сябрамі гулялі па вуліцы, пытаюся: «Куды кінуць недакурак?» Яны паказваюць на ходнік: «Сюды кідай». У іх так прынята. Кожную раніцу яны пыласосяць свае вуліцы. А я ня змог выкінуць.

Калі працаваў у Купалаўскім тэатры, аднойчы прыйшоў на спэктакль — не як дворнік, а як глядач, на галоўны ўваход. Пакурыў і хацеў парушыць правіла: кінуць недакурак на ходнік. У мяне было апраўданьне, што я выйду раніцай і прыбяру, гэта мая тэрыторыя. Але я ня змог пераадолець. Я ня змог кінуць сабе пад ногі.

Дом. Прудок і Парыж

Першапачаткова энэргію і імпэт я ўкладваў у дзедаву хату. Цяпер гэта мой дом. Ён стаў інструмэнтам, месцам, дзе я набіраюся сілы, каб рабіць іншыя справы. Я ня думаю пераяжджаць. Але Парыж — гэта першае месца, якое я паставіў на шалі насупраць Прудка. І прымусіў сябе рабіць выбар.

Парыж — гэта першае месца пасьля Прудка, дзе я адчуў сябе дома. Але гэта трошкі розныя паняцьці дома. У Прудку гэта сувязь з маёй сям’ёй, генэалягічным дрэвам, дзяцінствам, прыродай, небам над галавой. У Парыжы я адчуў сябе дома сярод людзей. У Прудку я сярод людзей сябе дома не адчуваю. Сёньняшнія прудкоўцы для мяне чужыя людзі. Мы жывём асобна.

Парыж для мяне дом дзякуючы настрою, музыцы, якая аб’ядноўвае ўсіх людзей на вуліцы. Мне камфортна быць сабой сярод іх. У Прудку мне не камфортна быць сабой. У Прудку я хутчэй жыву, як партызан, хутаранін. Я стараюся сябе хаваць ад людзей, мне некамфортна сябе паказваць. У Парыжы я магу сябе паказаць, я адчуваю сябе бясьпечна.

Я не хачу і не магу згубіць Прудок. Гэта заўсёды будзе мой дом. Але ён мяне не прымушае ўвесь час у ім сядзець. Я магу кудысьці паехаць. Таму я хачу скарыстацца сваёй свабодай і буду езьдзіць. У ідэале я б хацеў на 2-3 месяцы штогод зьяжджаць у той жа Парыж. Месяц на год вандраваць у новыя месцы. Вельмі хачу ў Амэрыку, хаця б месяц пажыць, пазнаёміцца зь ёй. У экзатычныя краіны кшталту Азіі, Афрыкі мяне ня вельмі цягне. Пакуль хачу зразумець эўрапейскую, амэрыканскую цывілізацыі.

І Прудок, і Парыж — гэта ўсё пошукі сябе, адказ на пытаньне, хто я такі, навошта я, што я магу, што я хачу.

Чужы. «У Прудку гэта даволі балюча»

Чужым сябе можна адчуваць у розных прасторах па-рознаму. У Прудку гэта даволі балюча, таму што там я не магу схавацца. Я там навідавоку. І ўвесь час чужы сярод аднаго і таго ж кола людзей. У Менску гэта лягчэй — ісьці маўкліва сярод натоўпу і быць чужым. Цяжка быць чужым для вельмі блізкіх людзей, па крыві. Для многіх сваякоў я таксама чужы. Для маці, вядома, не.

Камфорт. «Самая вялікая раскоша — кававарка»

У мяне ёсьць ноўтбук, і электрычнасьць, і Wi-Fi, і душавая кабінка, і кававарка, і ванна. Самая вялікая раскоша — гэта кававарка.

З сабой у мяне заўсёды ёсьць нататнік з асадкай, нейкая кніга, але я ніколі не чытаю. Я заўсёды думаю, што дзе-небудзь у аўтобусе буду чытаць, але не.

Кнігі. «Любімай няма»

Я вельмі хачу чытаць, але мне не шанцуе. Не магу знайсьці кнігу, якую хочацца дачытаць. Любімай кнігі на сёньня няма. Пісьменьніка, зь якога я б цяпер хацеў браць прыклад, таксама. Былі пісьменьнікі, якімі я колісь захапляўся. Мажліва, яны на мяне паўплывалі. Цяпер я такога шукаю, але не магу знайсьці.

Ежа. «Бульбу не люблю, толькі дранікі»

Я люблю есьці тое, што проста гатаваць самому. Гастранамічна я, напэўна, немец. Вельмі люблю каўбаскі. Не люблю гародніны. Люблю шкодную ежу — гамбургеры, чыпсы. Мае любімыя Францыя і Італія — вар’яты і маньякі. Нельга столькі часу гатаваць. Я не люблю замарочвацца. Бульбу не люблю, толькі дранікі. Але не люблю іх гатаваць.

Пляны. «Мой самы вар’яцкі ўчынак наперадзе»

Ёсьць рэчы, якія я раблю цяпер, якія мне цікавыя. Я люблю працэс. Плянаў на год няма. Я думаю, што я доўга жыць ня буду, што ў мяне ня будзе старасьці. У мяне ў сям’і так прынята — доўга ня жыць. Такая сямейная традыцыя.

Напэўна, мой самы вар’яцкі ўчынак будзе наперадзе, калі я набуду нараўлянскі палац. Нароўля і Мазыр блізка паміж сабой. У нас будзе хадзіць рачны транспарт. Гэта вельмі дарагая забава, вельмі адказная. І я да канца ня ўпэўнены ў сваіх сілах, што пацягну гэта, калі вазьму на сябе такую адказнасьць. Але тут такая сытуацыя, калі няма выбару. Давядзецца рызыкаваць.

Другая кніга пішацца, але пра яе я пакуль гаварыць не хачу.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках