25 красавiка 2024, Чацвер, 20:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зняпраўджаны міф пра «бясплатныя» кватэры ў СССР

62
Зняпраўджаны міф пра «бясплатныя» кватэры ў СССР

Савецкае жытло каштавала ў пяць разоў больш, чым «капіталістычнае».

«Часта ў каментарах да сваіх допісаў пра СССР сустракаю пэрлы аб тым, што ў СССР было «бясплатнае жыллё» — аднойчы я ўжо пісаў на гэтую тэму, але мабыць давядзецца зрабіць яшчэ адзін падрабязны разбор, каб нарэшце паставіць кропку ў гэтым пытанні», - піша папулярны беларускі блогер Максім Міровіч.

«У прынцыпе, я разумею, чаму гэты міф такі жывучы — цяпер у Расеі ды іншых постсавецкіх краінах будуецца не так шмат жылля, і здаецца, што ў СССР з гэтым было прасцей — узяў ды і атрымаў усе «бясплатна», аднак гэта не так.

Такім чынам, у сённяшнім допісе — поўнае зняпраўджванне міфа пра «бясплатныя кватэры» ў СССР.

1. У дзяржаве не бывае нічога бясплатнага.

Пачнем з таго, што нічога «бясплатнага» ў дзяржаве няма, а тыя, хто разважае пра нейкія «бясплатныя» кватэры ў СССР — папросту не разумеюць, як функцыянуе эканоміка. Бюджэт краіны (кожнай — хоць савецкай, хоць турэцкай) фармуецца з унутранага брута прадукту — гэта значыць, усіх сродкаў, якія краіна зарабіла за той ці іншы перыяд, прадаўшы пэўную колькасць тавараў або паслуг. Сродкі з бюджэту размяркоўваюцца на розныя выдаткі дзяржавы — на войска, на медыцыну, на адукацыю і гэтак далей, плюс адкладаюцца ў рэзервовыя фонды і пераводзяцца ў розныя актывы.

Будаўніцтва жылля — дакладна такі ж артыкул выдаткаў як і іншыя — сродкі для яго браліся з агульнага бюджэту. Што такое жылы дом? Гэта дзясяткі тон бетону, арматуры, цэглы, «сталяркі», шкла і металу — усё гэта хтосьці вырабляе і ўсе гэтыя рэсурсы маюць сваю вартасць. Над домам працуюць архітэктары, інжынеры-праектанты, а таксама брыгады будаўнікоў і аздабляльнікаў — усе гэтыя людзі атрымліваюць заробак, і ўсё разам, уключаючы лагістыку будматэрыялаў і іншыя спадарожныя выдаткі, і складае ў выніку кошт жылога дома.

Савецкі панэльны жылы дом на некалькі пад'ездаў каштаваў бюджэту прыкладна мільён рублёў. Правільна казаць менавіта не «дзяржава давала мільён», а «каштаваў бюджэту» — таму што ніякіх сваіх грошай у дзяржавы няма — яно толькі размяркоўвае сродкі з «агульнага катла» бюджэту, які сфармавалі сваёй працай усе грамадзяне краіны.

2. Адна «бясплатная» кватэра коштам пяці платных.

Цяпер давайце разбяромся, адкуль канкрэтна ўтвараліся сродкі на будаўніцтва «бясплатных» кватэр. Тое, што яны не падалі з неба і не прыляталі з Марса, мы ўжо разабраліся — цяпер давайце паглядзім больш канкрэтна. Да прыкладу, ёсць рабочы Іван Фёдаравіч, які працуе на заводзе слесарам. Сваю прадукцыю завод прадае за мяжу і атрымлівае прыбытак, з якога выплачваецца заробак. З гэтага заробку ў Івана Фёдаравіча вылічваецца падатак, які фармуе бюджэт дзяржавы і з якога ў выніку бяруцца сродкі на «бясплатную» медыцыну, «бясплатную» адукацыю і «бясплатныя» кватэры.

У прынцыпе, такая сістэма працуе ва ўсіх краінах — але ёсць адзін важны нюанс. У СССР ніхто не казаў грамадзянам, якую суму падаткаў яны плацяць і на што канкрэтна выдаткоўваюцца гэтыя сродкі. Замест гэтага была створаная нейкая скрыўленая сістэма, пры якой грамадзянам абвяшчалася, што гэта не дзяржава павінна даваць справаздачу перад грамадзянамі за свае выдаткі, а наадварот — простыя грамадзяне яшчэ «праз усё жыццё вінныя» дзяржаве за усе «бясплатныя» паслугі, якія дзяржава ім выконвае.

Калі перавесці гэта ў лічбы, то апынецца, што Іван Фёдаравіч мог бы атрымліваць на сваім заводзе 600 рублёў замест 200 і самастойна распараджацца астатнімі 400 рублямі — укладваючы іх у іпатэку, набываючы медыцынскія паслугі або неяк інакш выдаткоўваць іх на сваё меркаванне. Мне сустракаліся падлікі, аўтары якіх даводзілі, што за сваё працоўнае жыццё сярэдні савецкі грамадзянін выплачваў такім схаваным «кватэрным падаткам» прыкладна пяціразовы кошт «бясплатнай» кватэры.

3. Сутнасць савецкай сістэмы.

Ну добра, скажаце вы, а для чаго ўсё гэта было трэба СССР? Чаму не укараніць сістэму, як у развітых краінах — каб грамадзяне бачылі, колькі падаткаў яны плацяць і на што ідуць гэтыя падаткі? Уся справа ў тым, што савецкая сістэма глядзела на сваіх грамадзян не як на самастойных асоб, годных шчасця тут і цяпер, а як на рэсурс, які можна выдаткоўваць у імя нейкіх будучых «вялікіх мэтаў», назвы якіх цяпер ніхто і не ўспомніць.

Калі глядзець на савецкую сістэму з гэтага пункту гледжання, то ўсё становіцца на свае месцы, і вельмі лёгка ўбачыць і зразумець яе ўнутраную логіку. З сістэмай «схаваных падаткаў» дзяржава ўсё гэтак жа атрымлівае ад грамадзян адлічэнні, але пры гэтым максімальна кантралюе іх і трымае ў цуглях, падкормліваючы з рукі «бясплатнымі» кватэрамі — маўляў, бачыце, якая ў нас дзяржава добрая, шануйце яе і любіце, і ні аб чым ні пытайцеся.

У гэтым была сутнасць савецкай сістэмы — грамадзянін у ёй павінен быў заставацца ўвесь час зняважаным і з працягнутай рукой, атрымліваючы і так ужо тройчы заробленыя даброты нібыта «задарма, з вялікай міласці кампартыі». Такая сістэма закрытага дзяржаўнага размеркавання часта спараджала разнастайныя канфлікты і складаныя жыццёвыя сітуацыі — людзі былі вымушаныя дзесяцігоддзямі жыць у камуналцы, чакаючы перасялення ў «бясплатную» кватэру — часам гадамі ходзячы па інстанцыях і ваюючы па меры сіл з чыноўнікамі.

4. Савецкае жыллё не належала ўладальнікам.

Яшчэ адзін важны аспект, аб якім забываюць усе пераказчыкі пра «бясплатнае савецкае жыллё» — у СССР кватэры фактычна не належалі сваім уладальнікам. Давайце пойдзем ад адваротнага — што прадстаўляла з сябе рэальная бясплатная кватэра? Скажам, за нейкія паслугі нейкая арганізацыя (напрыклад, прыватная фірма) узнагароджвае вас кватэрай — гэта значыць, што вы выканалі агульнай справе паслугі, эквівалентныя кошту гэтага жылля. Вы можаце гэтую кватэру абмяняць, закласці, перадаць у спадчыны, а таксама прадаць — атрымаўшы на рукі грашовы эквівалент вашага ўкладу ў справу. Вось гэта можна было б назваць «атрыманай бясплатна кватэрай».

У СССР усё было інакш — «ваша» кватэра не належала вам, фактычна вас туды толькі «пусцілі пажыць» на доўгі час, і дакладна гэтак жа маглі б выселіць — калі, да прыкладу, вы захочаце змяніць месца працы, часта гэта цягнула санкцыі ў выглядзе канфіскацыі «ведамасных» кватэр. Вы не маглі прадаць гэтую кватэру, і калі вы да прыкладу з'язджалі з СССР — фактычна вы не маглі забраць з сабой грашовы альбо нейкі іншы каштоўны эквівалент кошту свайго жылля. Фактычна, вы проста яго пазбаўляліся, як пазбаўляліся і ўсіх вылічаных у вас у выглядзе падаткаў грошай.

Прыватызацыя жылля стала магчымая толькі пасля распаду СССР — дагэтуль усе грамадзяне жылі ў сваіх кватэрах, фактычна, «на птушыных правах», не маючы права нічога з імі зрабіць».

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках