17 лiстапада 2023, Пятніца, 6:23
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Хара: Лукашэнку выгадны канфлікт паміж Украінай і Расеяй

3
Аляксандр Хара: Лукашэнку выгадны канфлікт паміж Украінай і Расеяй
АЛЯКСАНДР ХАРА
ФОТА: FACEBOOK

Беларускія «міратворцы» непрымальныя на тэрыторыі Данбаса.

Кіраўнік міністэрства замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што ўлады краіны гатовыя адправіць на Данбас беларускіх «міратворцаў». Заяву кіраўніка беларускага МЗС пракаментаваў сайту Charter97.org украінскі палітолаг, экспэрт фонду «Майдан замежных спраў» Аляксандр Хара:

- Гэта вельмі заўчасная заява кіраўніка МЗС Беларусі. Калі мы ацэнім інфармацыю, якая паступае пасля перамоваў Уладзіслава Суркова і Курта Волкера, стане зразумела, што да развязання пытання для ўвядзення міратворчага кантынгенту вельмі далёка.

Расейскі міратворчы сцэнар не з'яўляецца канструктыўным для Украіны і нашых заходніх партнёраў. Калі будзе вызначацца нацыянальны склад міратворчага кантынгенту, Украіна будзе мець прэтэнзіі да афіцыйнага Менску. Я спадзяюся, што беларускіх міратворцаў не будзе на тэрыторыі Данбаса, бо Беларусь з'яўляецца вайсковым хаўруснікам Расеі. Для нас непрымальныя, як расейскія «міратворцы», так і беларускія. Беларускіх «міратворцаў» нельга ўспрымаць, як незалежных. Дзякуй Макею, што ён «дбае» пра нас, але не думаю, што ягоная прапанова рэалізуецца.

Лукашэнку вельмі выгадны канфлікт паміж Украіны і Расеяй. Ён скарыстаўся пагаршэннем стасункаў і актыўна прасоўвае Менск, як перамоўную пляцоўку. Гэта палітычны аспект. Таксама Лукашэнка выкарыстоўвае Беларусь, як транспартны калідор для транзіту грамадзян Украіны і Расеі. Беларусь стала транзітнай краінай для санкцыйных тавараў.

У нас вельмі часта жартуюць наконт беларускіх лобстэраў і крэветак, якія з'яўляюцца на расейскіх прылаўках.

Таму пазіцыя беларускага МЗС зразумелая. Яна цалкам ўпісваецца ў палітыку Лукашэнкі. З'яўляюцца сумневы наконт чыстасардэчнасці такіх намераў: ці ёсць тут жаданне дапамагчы, ці гэта проста манеўры, мэта якіх - абслугоўванне інтарэсаў рэжыму і Крамля, які ажыццяўляе агрэсію ў дачыненні ўкраінскага народа.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках