23 красавiка 2024, aўторак, 15:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

РЭП: Раз наймальнік думае, што ён самы хітры, то мы прымаем выклік

3
РЭП: Раз наймальнік думае, што ён самы хітры, то мы прымаем выклік

Незалежны прафзвяз змагаецца за жыхара Рэчыцы, які атрымаў траўму на вытворчасці.

Жыхар Рэчыцы Генадзь Літвінаў уладкаваўся ў кастрычніку 2017 года працаваць на прыватную пільню. Праз месяц ён скалечыў на станку руку. Наймальнік адмовіўся прызнаваць работніка «сваім» - маўляў, выпадкова чалавек зайшоў на прадпрыемства, стаў за станок і засунуў пад пілы руку, паведамляе praca-by.info.

«Абяцалі аформіць прамінулай датай»

Козыры СТАА «Паціка-Экспарт» - працоўныя стасункі не былі аформленыя адпаведнай паперкай з подпісамі, таму ніхто нікому нічога не вінен.

Літвінаў, які праз пакалечаную правую руку застаўся без працы, перспектыў і выплат, падаў на пільню ў суд. Дапамагае яму незалежны прафзвяз РЭП. Прававы інспектар Леанід Судаленка прадстаўляе інтарэсы жыхара Рэчыцы ў судзе.

Пакуль у судзе слухаецца грамадзянская справа паводле пазову Літвінава, але ў дачыненні да выконваючай абавязкі кіраўніка лесапільні Ірыны Дзмітрэнкі Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за парушэнне правілаў аховы працы (арт.306 КК).

«Шукаў працу. На «Паціка-Экспарце» сказалі, што могуць працаўладкаваць, але пасля двухмесячнага выпрабавальнага тэрміну. Паказалі, як працаваць на станку - распілоўваць драўніну на дошкі і брус, вось і пілаваў. Восьмага лістапада здарылася траўма - адарвала палец, пашкодзілі сухажыллі. На станку раней былі дзве кнопкі: чырвоная і чорная. Пасля рамонту паставілі дзве аднолькавыя чырвоныя кнопкі. Застапарыла дошку, і трэба было спыніць станок. Я націснуў не тую кнопку. Думаў, што станок адключыўся, падняў абарону і гляджу, што там перашкаджае. І палез унутр даставаць трэску...», - распавёў Naviny.by абставіны атрымання траўмы Генадзь Літвінаў.

З ягоных слоў, адразу пасля НЗ выконваючая абавязкі дырэктара «завезла ў лякарню, там надалі дапамогу». «Яна ж абяцала аформіць на працу прамінулай датай, таму ўзяла ў мяне пашпарт і працоўную кніжку. Але потым параілася з кімсьці і перадумала. Давялося ісці ў суд», - сказаў жыхар Рэчыцы.

«Раз наймальнік вызначыў, што ён самы хітры, і пайшоў шляхам адмовы ад работніка, то першае, што мы павінны зрабіць праз суд - давесці факт працоўных стасункаў, дамагчыся выплаты заробку. Другі крок - прызнанне траўмы вытворчай, складанне акта формы H-1, і дамагацца страхавых выплат», - растлумачыў Леанід Судаленка.

Работнік лесапільні сцвярджае, што ні інструктажу па тэхніцы бяспекі, ні навучання з ім на прадпрыемстве не праводзілі - толькі паказалі, як працаваць на станку. Кубаметры распілаванага лесу работнікі падлічвалі самастойна, заносілі звесткі ў сшытак, потым паказвалі іх начальству, так і налічваўся заробак.

На судзе ўжо выступілі сведкі - былыя калегі Літвінава, якія пацвердзілі, што мужчына не быў выпадковым мінакам - ён працаваў на шматпільным станку.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках