17 лiстапада 2023, Пятніца, 6:22
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У «Белсата» зноў канфіскавалі тэхніку

4
У «Белсата» зноў канфіскавалі тэхніку

У судзе Першамайскага раёна Менска адбыўся чарговы суд над супрацоўнікам незалежнага тэлеканала.

На гэты раз да справы Баразенкі-Любенчука далучылі аператара Алеся Сіліча. Алесю пагражала канфіскацыя тэхнікі і штраф ад 30 да 50 базавых адзінак. Раней былі разгледжаныя два эпізоды гэтай справы, у выніку чаго суд пастанавіў канфіскаваць тэхніку на суму блізу €20 000, паведамляе «Белсат».

«На маю тэхніку клеілі налепкі «Белсат» і канфіскоўвалі»

12:00 Суддзя вынесла пастанову аштрафаваць Алеся Сіліча на 35 базавых адзінак (875,5 рублёў), а таксама канфіскаваць камеру, мікрафон, сістэмны блок, два ноўтбукі.

«Гэта становіцца руцінай, хадзіць у суды. Буду абскарджваць. Для мяне важна хадзіць, задаваць пытанні, глядзець у вочы суддзям, змагацца», - каментуе пастанову суддзі Анастасіі Папко Алесь Сіліч.

10:10 Суддзя адмовіла ў адводзе.

Суддзя зачытвае пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, у якім спіс тэхнікі з таварным знакам «Белсат», якую нібыта выкарыстаў Алесь Сіліч. Суддзя пытаецца, ці прызнае Сіліч сваю віну ў правапарушэнні. Алесь Сіліч кажа, што не.

Алесь Сіліч кажа, што не з'яўляецца ўладальнікам тэхнікі.

Суддзя пытаецца, каму належаць офісы, у якіх аштрафавалі тэхніку, і што Алесь Сіліч там рабіў.

Пытанне задае адвакат Алеся Сіліча аб ягоных абавязках журналіста-фрылансера.

«Я працую аператарам, націскаю на кнопку. Я не адсочваю лёс матэрыялаў. Можа, я іх здымаў, а можа і не. Тэарэтычна файлы, падпісаныя маім імем, мог падпісаць хто заўгодна», - кажа Алесь Сіліч.

Суддзя пытаецца, як Алесь Сіліч «індывідуалізуе» свае матэрыялы і як аплачваецца ягоная праца.

Суддзя зачытвае заяву Белякова, у якім ён тлумачыць свае прэтэнзіі аб выкарыстанні таварнага знака «Белсата».

Суддзя Папко зачытвае, якую тэхніку аштрафавалі падчас ператрусаў 31 сакавіка 2017 года.

09:15 Суддзя, якая прыме пастанову паводле справы Алеся Сіліча - Анастасія Папко.

«Можа, патрэбныя грошы...Але на выхадзе ўсё адно гэта канвеер», - кажа Алесь Сіліч перад пасяджэннем.

Бізнэсовец Андрэй Белякоў не з'явіўся на суд. Уласнік фірмы «БЕЛСАТплюс» з 2013 года спрабуе забараніць незалежнаму тэлеканалу выкарыстоўваць таварны знак «Белсат ТВ» («Belsat TV»).

Алесь Сіліч прадставіў падставы, каб адвесці суддзю. Прадаўжэнне паседжання а 10:00.

***

31 сакавіка 2017 года ў офісах «Белсата» прайшлі ператрусы і як вынік - арышт апаратуры. Была арыштаваная і апаратура Аляксандра Баразенкі, які на той час знаходзіўся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў пасля стрыму на Дзень Волі. Фармальнай прычынай ператрусаў і канфіскацыяў стала нібыта незаконнае выкарыстанне таварнага знака «Белсат».

За 2017 года журналістаў «Белсата» прысудзілі да штрафаў сумай блізу $25 000. За першы месяц гэтага года ўжо адбылося 7 судовых пасяджэнняў у справах за незаконны выраб і распаўсюд СМІ. Журналісты атрымалі штрафы ў суме 276 базавых адзінак.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках