Украінскі генерал: Беларускія «міратворцы» нам не патрэбныя
8- 8.02.2018, 16:31
- 14,512
Пазіцыя беларускіх уладаў вельмі звязаная з Расеяй.
Беларускім уладам лепш было б не ўмешвацца ва ўкраінскія справы на Данбасе.
Такое меркаванне выказаў «Обозревателю» генерал-палкоўнік у адстаўцы, былы начальнік Генеральнага штаба УСУ, былы першы намеснік міністра абароны Украіны Анатоль Лапата.
Ён мяркуе, што ўдзел Беларусі ў місіі ААН на Данбасе можа сапсаваць яе стасункі з Расеяй.
«Я думаю, што беларускія міратворцы нам не патрэбныя. Не таму, што ва Украіны да Беларусі ёсць нейкія прэтэнзіі. Няма. Проста нам бы не хацелася, каб у Беларусі сапсаваліся стасункі з Расейскай Федэрацыяй. Пазіцыя Беларусі будзе вельмі складанай, бо яны не могуць нашкодзіць Расеі. Такім чынам, для іх было б лепш сысці ад гэтай праблемы, выконваць нейкі нейтралітэт і заставацца ў баку», - распавёў Лапата.
Генерал расказаў, якія краіны павінны адправіць міратворцаў на Данбас.
«Самыя нейтральныя ў гэтых дачыненнях - гэта тыя краіны, якія даўно займаюцца пытаннямі падтрымання міру. Я мяркую, было б нядрэнна, калі б бралі ўдзел французы, бо яны давалі пэўныя гарантыі нашай дзяржаве, а таксама тыя дзяржавы, якія гарантавалі нам бяспеку паводле Будапешцкага мемарандуму. Маглі б быць Злучаныя Штаты і Кітай», - перакананы ён.
Нагадаем, што міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў сёння аб тым, што ўлады краіны гатовыя адправіць беларускіх «міратворцаў» на Данбас.