Еўрапарламент заклікаў неадкладна вызваліць Аюба Ціціева
1- 8.02.2018, 20:51
- 8,619
У рэзалюцыі Еўрапарламент заклікае расейскія ўлады «пакласці канец пераследу свабоды слова ў Чачэніі».
Еўрапейскі парламент заклікаў неадкладна вызваліць затрыманага месяц таму кіраўніка чачэнскага аддзялення праваабарончай арганізацыі «Мемарыял» Аюба Ціціева. Расейскія ўлады павінны гарантаваць поўнае захаванне правоў Ціціева, уключаючы права на адвакатаў і медыцынскую дапамогу, фізічную недатыкальнасць і захаванне чалавечай годнасці, абарону ад незаконнага судовага пераследу, бяздоказных абвінавачванняў і незаконнага арышту, гаворыцца ў прынятай ў чацвер, 8 лютага, рэзалюцыі Еўрапарламента аб справе Ціціева, паведамляе DW.
Шэраг нападаў, арыштаў, пагроз на адрас журналістаў і праваабаронцаў
Судовы пераслед Аюба Ціціева «з'яўляецца часткай шэрагу арыштаў, нападаў, пагроз, што выклікаюць асцярогі, і дыскрэдытацыю працу у Чачэніі незалежных журналістаў і праваабаронцаў», гаворыцца ў дакуменце. Пры гэтым дэпутаты паказалі на арышт кіраўніка грамадска-палітычнага руху «Асамблея народаў Каўказа» Руслана Кутаева і чачэнскага журналіста Жалаўдзі Герыева, у дачыненні да якіх у 2014 і 2016 гадах былі вынесеныя прысуды, што грунтаваліся на "сумнеўных довадах".
Еўрапарламент таксама выказаў «сур'ёзную занепакоенасць» у сувязі з тым, што да гэтага часу ніхто не панёс пакаранне за забойства ў 2009 годзе супрацоўніцы чачэнскага аддзялення «Мемарыялу» Наталлі Эстэміравай. Дэпутаты заклікалі ўлады РФ правесці неадкладнае, незалежнае, аб'ектыўнае і дбайнае расследаванне падзей, якія адбываюцца ў Чачэніі.
«Чарговае сведчанне пераследу і цкавання»
Віцэ-старшыня Еўрапарламента Хэйдзі Хаўтала заклікала расейскія ўлады спыніць атакі на «Мемарыял» і паабяцала і надалей уважліва назіраць за сітуацыяй вакол гэтай арганізацыі. «Еўрапейскі парламент падтрымлівае «Мемарыял». Мы прыкладаем усе намаганні, каб падтрымаць мужных людзей, якія ў вельмі небяспечных абставінах рызыкуюць сваёй свабодай і бяспекай, дзеля падтрымання прынцыпаў вяршэнства закона і правоў чалавека», - заявіла яна.
Хаўтала падкрэсліла, што справа Аюба Ціціева з'яўляецца «чарговым сведчаннем пераследу і цкавання праваабарончых арганізацый на Паўночным Каўказе». Адначасова фінскі палітык нагадала пра тое, што ў 2009 годзе Еўрапарламент прысудзіў «Мемарыялу» прэмію імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».
Аюб Ціціеў быў затрыманы 9 студзеня і арыштаваны паводле абвінавачвання ў захоўванні наркотыкаў. У «Мемарыяле» асцерагаюцца фабрыкацыі крымінальнай справы супраць праваабаронцы. Старшыня Рады правоў чалавека (СПЧ) пры прэзідэнце РФ Міхаіл Фядотаў папрасіў Следчы камітэт правесці праверку магчымасці падкідання Ціціеву наркотыкаў, але СКР не знайшоў для гэтага падстаў. Акрамя таго, Вярхоўны суд Чачэніі адхіліў скаргу на арышт Аюба Ціціева. Ён застанецца пад арыштам да 9 сакавіка.