29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ён быў беларускім геніем»: У Менску развіталіся з акторам Генадзем Гарбуком

6
«Ён быў беларускім геніем»: У Менску развіталіся з акторам Генадзем Гарбуком
ГЕНАДЗЬ ГАРБУК

Развітанне з народным артыстам Беларусі прайшло ў Купалаўскім тэатры.

Народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук будзе пахаваны на Алеі зорак на Усходніх могілках, паведамляе «Радыё Свабода».

Народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук памёр 7 лютага ў Менску ва ўзросце 83 гадоў.

Нарадзіўся артыст 24 ліпеня 1934 года ў вёсцы Глыбачка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. У 1958 годзе скончыў тэатральна-мастацкі інстытут, пачынаў у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску.

Грамадзянская паніхіда па Генадзю Гарбуку была непрацяглай і заняла паўгадзіны. Яе вёў мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін.

- Што казаць? Столькі гадоў Генадзь Гарбук аддаў гэтай сцэне, - адзначыў Пінігін. Безумоўна, ён быў беларускім геніем. Не кожны год і не кожныя дзесяць гадоў беларуская зямля нараджае такіх людзей, як ён. Ведаеце, цяпер я ўспамінаю 80-годдзе Генадзя Гарбука. Ён выйшаў на гэтую сцэну і сказаў: «Я не буду прымаць віншаванні, седзячы ў крэсле, я буду спяваць». І ён спяваў разам з нашым аркестрам беларускія і расейскія песні. Я думаю, што ён у гэтым жыцці праспяваў сваю вялікую песню.

Прыйшоў на грамадзянскую паніхіду па Генадзю Гарбуку паэт Уладзімір Някляеў. Са сцэны ён нічога казаць не стаў, сказаў толькі некалькі слоў «Народнай Волі».

- Усё цяжэй перажываць сыход людзей, якія зрабілі істотны ўнёсак у нацыянальную беларускую культуру. Гарбук быў менавіта такім чалавекам. З гэтымі людзьмі сыходзіць той тэатр, які быў тэатрам маёй маладосці. Купалаўскі застаецца маім улюбёным тэатрам, але ўжо іншым. Не толькі вонкава, але з часам змяніўся і Купалаўскі дух. І замяніць такіх людзей, як Генадзь Гарбук, людзей на спектаклях з удзелам якіх я ўвесь дрыжаў, не так проста.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках