25 красавiка 2024, Чацвер, 14:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як еўрапеец у Беларусі праходзіў медкамісію

59
Як еўрапеец у Беларусі праходзіў медкамісію

Дзякуючы лекарам, эстонец страціў працу амаль адразу пасля таго, як яе знайшоў.

Аляксандр Захараў — ураджэнец Эстоніі. Мужчына пяць гадоў жыў у Горадні, а ў 2016 годзе пераехаў у Слонім, на радзіму жонкі. Быў заняты пошукам працы, знайшоў, але, як ён мяркуе, дзякуючы медыкам страціў яе, што выклікала ў яго абурэнне. Таму ён зайшоў у рэдакцыю «Слонимской газеты», каб выказаць сваё меркаванне аб мясцовай медыцыне.

— Я прыйшоў да працадаўцы, ён сказаў прайсці медыцынскую камісію. Я адправіўся ў паліклініку, якая знаходзіцца на Энцы. У паліклініцы мне далі накіраванне на медкамісію. Першай перашкодай стала неўролаг, якая сказала, што не можа паставіць дыягназ, бо ў яе няма маёй медыцынскай карткі. Мая медыцынская картка знаходзіцца ў Горадні, дзе я раней жыў. Я пацікавіўся ў доктара, колькі часу сыдзе на запыт і адказ. Дарэчы, я гэта сам высветліў — патэлефанаваў у Гарадзенскую ўправу ахову здароўя на гарачую лінію, дзе мне сказалі, што на гэта спатрэбіцца два дні. Я зноў прыйшоў да неўролага і стаў абурацца, бо адказу не было. Адказ прыйшоў праз пару дзён, у ім паведамлялася: грамадзянін не пражывае, звесткі адсутнічаюць. Выходзіць, што мяне наогул няма? Але за гэты час я мог з'ездзіць у Менск і прайсці дыягностыку на сучасным абсталяванні, пасля чаго можна было паставіць дыягназ. Ды і потым, яна ж лекарка, якая можа вызначыць, ці годны я для працы. Але доктарка сказала, што з маіх слоў не можа паставіць дыягназ. Уявіце, я прыходжу да аўтаслесара, каб ён адрамантаваў аўтамабіль, а ён мне кажа: «Я не магу вам адрамантаваць аўто, бо я не ведаю, што раней у ёй рамантаваў іншы спецыяліст».

Увогуле, я абураны: заплаціў 17 рублёў у касу за праходжанне медыцынскай камісіі, страціў час і працу. Больш таго, пасля неўролага я адправіўся да тэрапеўта, і яна мне не падпісала даведку, што я здаровы, бо аналіз мачы быў дрэнны: выявілі цукар. Я пытаюся ў доктара: «Што мне рабіць?» Яна кажа: «Дзе вы бралі слоічак?» — «Слоічак мне далі ў шпіталі». — «Усё зразумела», — сказала доктарка і адправіла мяне на паўторны аналіз. А таксама сказала, каб я ў аптэцы набыў стэрыльны слоічак.

Ведаеце, я ў Беларусі збіраю абсалютна ўсе чэкі, дакументы і паперкі, якія б мне ні давалі, бо ў вашай краіне плацяць паперкамі. Напрыклад, я набыў тумбачку, заплаціў грошы, а потым выявілася, што яна не адпавядае стандартам. Я тэлефаную і прашу, каб мне вярнулі грошы, а мне кажуць: «Не, не вернем». Гэта значыць, ніхто ніякай адказнасці не нясе. Гэта чыста фізічная халатнасць людзей: хтосьці не памыў слоічак, хтосьці не паставіў дыягназ...

27 лютага я пайшоў у паліклініку ў далячэбны кабінет №6, куды мяне накіравала тэрапеўт. Я прыходжу, а там мне кажуць, што лекары пачынаюць прыём з 11 гадзін... Але ж мяне ніхто аб гэтым не папярэдзіў. Больш таго, заняўшы чаргу ў далячэбны кабінет, ты раптам разумееш, што там дзве чаргі. І, прастаяўшы паўтары гадзіны, ты чуеш, што ты не ў гэтай чарзе стаіш. Але я ж займаў чаргу за апошнім чалавекам, а выяўляецца, што ў кабінеце прыём вядуць два лекары: адзін прымае адных, другі — іншых. Гэта ж абсурд.

Я, як нармальны чалавек, знайшоў працу, стаў праходзіць медкамісію, але праз халатнасць асобных людзей я страціў працоўнае месца. Я еўрапеец, калі я плачу грошы, значыць, я хачу атрымліваць кваліфікаваныя паслугі. І я зразумеў, чаму ў вас так адбываецца.

— Чаму?

— Таму што, калі б у нактраванні было 200 даляраў, то дакумент быў бы адпраўлены.

Мне даводзілася працаваць у Фінляндыі. І калі б я ў Фінляндыі прыйшоў да лекара і яна выканала б сваю працу некваліфікавана, то яе праз дзень звольнілі б. Там за ўсё людзі плацяць грошы. А ў Слоніме я заплаціў грошы, страціў працу — і мне ніхто не кампенсуе гэтыя грошы. Больш я да гэтага лекара ніколі не пайду, бо ён не зрабіў ніякага руху, каб я неяк прасунуўся. Кожны лекар можа за чатыры дні пацыенту паставіць дыягназ, адправіўшы яго на камісію, МРТ і г. д., калі, вядома, гэта кваліфікаваны лекар.

— Скажыце, а ў Эстоніі маглі так з Вамі лекары паступіць?

— Там я тэлефаную сямейнаму лекару і кажу, што мне патрэбная медыцынская даведка на працу. Прыходжу, плачу 15 еўраў і атрымліваю даведку. Мяне не зневажаюць, я не стаю ў чэргах, прыходжу ў прызначаны дзень і час, забіраю даведку з пячаткай. І ніякіх пытанняў няма, і гэта тычыцца ўсіх даведак. Калі я захварэў, я таксама тэлефаную свайму доктару і паведамляю, што мне дрэнна, я не магу ісці на працу. Лекар праз тэлефоне мяне пытаецца, што здарылася, якія скаргі. Я кажу, што прастыў, дрэнна сябе адчуваю. Яна кажа, каб я прыйшоў праз пяць дзён. Я прыходжу да яе праз пяць дзён, і яна закрывае бальнічны.

— Лекар нават не праводзіць агляд?

— Там усё пабудаванае на даверы. Бо калі чалавек не абпаліць палец, то да лекара, ён не пойдзе. Калі ў пацыента ўзнікаюць сур'ёзныя праблемы, то тады лекар адпраўляе яго да іншых спецыялістаў, на аналізы і г. д.

— А як жа прызначэнні, выпіска рэцэпта?

— Там па рэцэпту выпісваюць антыбіётыкі, а так адпраўляешся ў аптэку, дзе табе прапануюць, дапусцім, кроплі ў нос, кажуць аб пабочных эфектах і г. д.

— Аляксандр, а Вам жа давядзецца жыць у краіне, дзе, як Вы мяркуеце, людзі нядбала ставяцца да сваіх абавязкаў і ніхто ні за што не адказвае?

— Я хачу вам сказаць, што вы — жабракі. Вы хутка зваліцеся на такую планку, дзе вас проста не падымуць, вы нікому не патрэбныя — ні Расеі, ні Еўропе. Вам трэба браць валізкі і бегчы з гэтай краіны. Тут нічога не зменіцца. Калі праз год мне не дадуць грамадзянства, мы з жонкай паедзем жыць у Гішпанію.

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках