25 красавiка 2024, Чацвер, 3:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кірыл Рэліх: Я ішоў за марай 20 гадоў

Кірыл Рэліх: Я ішоў за марай 20 гадоў
КІРЫЛ РЭЛІХ

У Беларусі ёсць чэмпіён свету ў боксе.

У 2006-м Сяргей Ляховіч упершыню ў гісторыі Беларусі здабыў тытул чэмпіёна свету ў боксе, перамогшы Леймана Брустэра. Хоць першая ж абарона закончылася для беларуса бясслаўна - збіццё ад Шэнана Брыгса ў 12-м раўндзе памятаюць многія, піша by.tribuna.com.

Пасля Ляховіча ў беларускім боксе практычна нічога яркага не здаралася. Нават калі расейцы і ўкраінцы рэгулярна радавалі заўзятараў новымі перамогамі, беларусы дацягнуцца да тытула не маглі. Але гэта непрыемнае чаканне перарвалася ўночф з суботы на нядзелю.

Фото: boxingscene.com

Беларус Кірыл Рэліх (22/2, 19 KO) - чэмпіён свету WBA у першай паўсярэдняй вазе (да 63,5 кг). У адной з галоўных падзей вечара бокса ў Сан-Антоніа Рэліх паводле балаў перамог кубінца Рансэса Бартэлемі - 117-110, 118-110, 118-110. Цягам усяго бою беларус быў больш актыўны за спаборніка і актыўна апрацоўваў ударамі галаву і корпус кубінца. Аб актыўнасці Рэліха сведчыць хаця б статыстыка ўдараў: 249 з 1237, выкінутых беларусам, супраць 137 з 494 ад кубінца. У сёмым раўндзе суддзі пакаралі Бартэлемі здыманнем бала за ўдары ніжэй пояса. Гэта параза стала для Рансэса першай у прафесійным боксе (26/1, 13 КО).

Дарэчы, гэта быў ужо другі бой паміж Рэліхам і Бартэлемі. Упершыню беларус і кубінец сустрэліся ў траўні мінулага года. Тады паводле балаў перамог Рансэс, аднак ацэнкі суддзяў выклікалі нямала спрэчак - экспэрты меркавалі, што бой мусіў скончыцца ўнічыю. У рэваншы ўжо мацнейшым быў Рэліх.

Гэта была не першая спроба беларуса здабыць тытул. Увосень 2016 года Рэліх сустракаўся з брытанцам Рыкі Бэрнсам і саступіў аднагалоснай пастановай суддзяў. Бэрнс страціў пояс у наступным баі, саступіўшы намібійцу Джуліюсу Індонга. А затым сам Індонга ў аб'яднальным баі саступіў амерыканцу Тэрэнсу Кроўфарду. Аднак Кроўфард надумаў падняцца ў больш цяжкую вагавую катэгорыю, пакінуўшы тытул WBA вакантным. Новым уладальнікам стаў Кірыл Рэліх.

- Перад мінулым боем я не быў гатовы, - сказаў пасля перамогі Рэліх. - Тады ў мяне не было належнай падрыхтоўкі, але цяпер з новымі трэнерамі я падышоў да паядынку ў значна лепшай форме. Я шчаслівы. Я ішоў за марай 20 гадоў. Я шмат працаваў - і цяпер гэты тытул мой. У параўнанні з апошнім боем мы паправілі мой джэб. Каманда спаборніка разлічвала, што ў мяне скончыцца бензін, як у мінулым паядынку, але гэтага не адбылося. На гэты раз мы рыхтаваліся як чэмпіёны.

Рансэс Бартэлемі мог стаць першым кубінцам, які стаў чэмпіёнам у трох вагавых катэгорыях, але пасля бою яму заставалася толькі шкадаваць аб выпушчанай магчымасці.

- Маё сэрца разбітае, бо я разлічваў на гэты тытул. Я павінен прызнаць паразу - Рэліх заслужыў перамогу. Але я вярнуся, - сказаў кубінец.

Яшчэ да бою з Бартэлемі Рэліх казаў, што плануе ў наступным баі аб'яднаць паясы з IBF. Адразу пасля паядынку беларуса з Бартэлемі чэмпіён IBF Сяргей Ліпінец саступіў амерыканцу Майкі Гарсіі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках