25 красавiка 2024, Чацвер, 17:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крык душы студэнта БНТУ: IT-краіна? У нас нават забараняюць пісаць курсавыя на кампутары!

65
Крык душы студэнта БНТУ: IT-краіна? У нас нават забараняюць пісаць курсавыя на кампутары!

Проста крыўдна за краіну.

Студэнт будаўнічага факультэта БНТУ напісаў ліст у рэдакцыю nn.by:

«Я амаль заканчваю Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, будаўнічы факультэт. І вось у той час, як мы «будуем ІТ-краіну», выкладчыкі будаўнічага факультэта забараняюць выкарыстоўваць кампутар для выканання курсавых работ.

Матывуюць, што змагаюцца з плагіятам. Але гэта нонсэнс. Нікому не сакрэт, што існуе цэлая індустрыя перапісвання курсавых работ. Хто хоча спісаць і купіць - зробіць.

Яшчэ адная адгаворка выкладчыкаў: плагіятараў і пакупнікоў курсавых не выгнаць, дык забараняюць, каб хоць неяк «выхаваць», вось такія дурныя патрабаваннямі. Лухта!!! Проста выкладчыкі трымаюцца за дробныя прэміі (вядома, што калі адлічваць шмат - прэмія «гудбай»), а яшчэ ім лянота прымаць пераздачы, бо другая праца ёсць, і часам яна не другая, а першая, а выкладанне - з пажоўклага ад часу канспекту студэнцкіх часоў выкладчыка. Ды і да таго ж, чаму праз гультаёў пакутуюць нармальныя студэнты?

Яшчэ адзін нонсэнс. У будаўнічай галіне існуюць стандарты. Беларусь два гады таму перайшла на еўрапейскія з савецкіх. А вось кафедра металаканструкцый дагэтуль вучыць паводле савецкіх, некаторыя з якіх скасавалі нават у Расеі.

І нават забараняюць выкарыстоўваць еўрапейскія ў навучальным праектаванні. Адная з думак, чаму так - гэта таму, што 90 адсоткаў выкладчыкаў не хочуць разбірацца ні з чым новым і працуюць паводле старых БНіП (будаўнічых нормах), але даюць працу астатнім 10%, якія запрашаюць студэнтаў на платныя курсы для вывучэння еўракодаў. У вучэбны час кансультаваць студэнтаў, як працаваць з еўранормамі, з гэтых 10% выкладчыкаў адмаўляецца палова - ідзіце на платныя курсы. Гэта відавочная нізасць і паскудства. Але добры спосаб смактаць грошы з праектных фірмаў.

Глядзіце. Кожны год з 200 студэнтаў выпуску 60 ідуць у праектаванне. За пяць гадоў асвоілі б гэтыя нормы ва ўсіх фірмах. Але не. Выкладчыкі, відаць, наўмысна не вучаць, каб смактаць грошы з фірмаў. Прыязджаюць два чалавекі раз на год і праводзяць курсы паводле новых нормаў без адрыву ад вытворчасці і за вялікія грошы.

Што не замінае кафедры асвойваць грошы дзяржавы ўжо дзесяць гадоў на вывучэнне еўрапейскіх норм і расказваць на канферэнцыях, як яны інтэгравалі іх у навучальны працэс.

Варта адзначыць, што не ўвесь будаўнічы факультэт гнілы, ёсць выкладчыкі, якім хоць і 80, але яны аўтары самага сучаснага і шыкоўнага з расейскамоўных падручнікаў механікі - іх люблю і паважаю. Тады як у некаторых іншых выкладчыкаў патрабаванні настолькі дурныя, што нельга нават выкарыстоўваць праграмны калькулятар!

Бо выкладчык не ўбачыць ход вылічэнняў (напрыклад A + B = 3 + 2 = 5, а на калькулятары, не кажучы пра сістэмы інжынерных вылічэнняў, так не зробіш. Яны выдадуць на дысплэй адказ А + B = 5, а выкладчыкі ўсё перакрэсліваюць. Яны яшчэ кажуць: «У нашыя часы (60-е) мы і зусім без калькулятараў жылі і выраслі нармальнымі людзьмі». Яшчэ кажуць, што дзесьці ў Нямеччыне таксама такія ж патрабаванні. Але гэта поўная лухта. Большасць з выкладчыкаў і моў замежных не ведае.

Я вось ведаю студэнтаў з Францыі і Польшчы - нідзе няма такога. Наадварот, у навучальных праграмах робяць акцэнт на авалоданне камп'ютарнымі тэхналогіямі.

Можа здацца, што гэта дробязь. Але не зусім. Па-першае, гэта адставанне ад свету. Па-другое, дурная муштра рыхтуе рабоў, а не творцаў. Па-трэцяе, «бай-бай» экспарт тых жа інжынірынгавых паслуг. Па-чацвёртае, «бай-бай» замежныя студэнты (будаўнічы факультэт з нязменнай з 60-х гадоў праграмай просіць шалёныя грошы з іншаземцаў за падрыхтоўку на расейскай мове). Па-пятае, кансервуецца адставанне будаўнічай галіны.

Для мяне гэта ўсё амаль скончанае, працую над дыпломам, але шкада змарнаванага часу. І крыўдна за краіну».

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках