30 красавiка 2024, aўторак, 18:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тылерсан: Расея нясе адказнасць за замах на Скрыпаля

7
Тылерсан: Расея нясе адказнасць за замах на Скрыпаля
РЭКС ТЫЛЕРСАН

ЗША будуць каардынаваць з Брытаніяй свае дзеянні супраць Крамля.

ЗША згодныя з інфармацыяй урада Вялікабрытаніі аб магчымай датычнасці Расеі да атручвання былога выведніка Сяргея Скрыпаля. Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўніка Дзяржаўнага дэпартамента Рэкса Тылерсана, якую 12 сакавіка апублікавалі на сайце ўстановы.

"У нас ёсць поўная упэўненасць у расследаванні, якое праводзіць Вялікабрытанія, і ў яе ацэнцы, што Расея, магчыма, нясе адказнасць за напад з выкарыстаннем нервова-паралітычнага рэчыва, які адбыўся ў Салсбэры на мінулым тыдні", - падкрэсліваецца ў звароце.

Тылерсан адзначыў, што "замах на забойства прыватнай асобы на тэрыторыі суверэннай дзяржавы ніколі не можа быць апраўданы".

"Мы абураныя тым, што Расея, як высвятляецца, зноў занялася такімі рэчамі. Ад Украіны да Сірыі - а цяпер і Вялікай Брытаніі - Расея застаецца беспакаранай і дэстабілізавальнай сілай у свеце, дзейнічаючы з адкрытым грэбаваннем суверэнітэтам іншых дзяржаў і жыццямі іх грамадзян", - заявіў дзяржсакратар.

Тылерсан мяркуе, што для датычных да злачынства павінны быць "сур'ёзныя наступствы".

"Мы салідарныя з нашымі хаўруснікамі ў Злучаным Каралеўстве і будзем працягваць шчыльна каардынаваць нашыя дзеянні", - рэзюмаваў кіраўнік Дзярждэпу.

66-гадовага Скрыпаля і ягоную дачку Юлію шпіталізавалі 4 сакавіка з сімптомамі атручвання. Таксама ў шпіталь даставілі сяржанта мясцовай паліцыі Ніка Бэйлі, які наведаў дом Скрыпаля ў Салсбэры.

12 сакавіка прэм'ер-міністарка Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй паведаміла, што, са звестак следства, падчас замаху ўжываўся нервова-паралітычны агент "Навічок", распрацаваны ў Расеі. Паводле ейных слоў, Крэмль павінен даць тлумачэнні таго, што здарылася да вечара 13 сакавіка, інакш Лондан будзе разглядаць інцыдэнт як незаконнае выкарыстанне сілы Расеяй супраць Злучанага Каралеўства.

Мэй таксама дамовілася з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макрон аб супольным адказе на агрэсіўныя дзеянні РФ.

Да гэтага міністр замежных спраў Брытаніі Барыс Джонсан папярэджваў, што краіна будзе жорстка рэагаваць на ўсе довады ўдзелу РФ у атручванні Скрыпаля, аж да зніжэння ўзроўню прадстаўніцтва на футбольным чэмпіянаце ў 2018 годзе.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках