30 красавiка 2024, aўторак, 13:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Лондане пікетавалі беларускую амбасаду

У Лондане пікетавалі беларускую амбасаду

Ад беларускіх уладаў патрабавалі вызваліць замежных зняволеных.

У панядзелак, 12 сакавіка, каля будынка амбасады Беларусі ў Лондане сабраліся пратэстоўцы, неабыякавыя да лёсу зняволеных у беларускіх турмах. Яны патрабавалі свабоды для ангельца Алана Сміта, японца Дайчы Ёшыда і беларуса Аляксандра Юркойця, паведамляе «Новы Час».

Арганізавала пікет Магдалена - жонка зняволенага ў ПК-3 (Віцебск) грамадзяніна Вялікабрытаніі Алана Сміта. Яна ўжо доўгі час беспаспяхова вядзе барацьбу за вызваленне свайго мужа, які быў асуджаны за нібыта «садзейнічанне незаконнай міграцыі».

Удзел у пікеце ўзялі прыкладна пятнаццаць чалавек, большасць з якіх былі сваякамі і сябрамі Алана. Жонка зняволенага і арганізатарка пікету Магдалена паспрабавала перадаць свой зварот беларускаму консулу, але той адмовіўся прыняць ліст асабіста, прапанаваўшы скарыстацца паштовай скрыняй.

Нягледзячы на тое, што Алан адседзеў ужо больш за палову прысуджанага тэрміна, яму не даюць умоўна-датэрміновага вызвалення, бо ён адмаўляецца прызнаваць віну ў інкрымінаваным злачынстве.

Чалавеку, які валодае толькі ангельскай мовай і не мае сваякоў у Беларусі, сядзець ва ўмовах беларускай калоніі значна цяжэй, чым звычайнаму вязню.

«З верасня 2016 я знаходжуся ў страху за жыццё майго каханага. У нас амаль няма кантакту, мы не можам убачыць адзін аднаго - толькі пісаць лісты, але нават гэтую магчымасць у нас забіраюць. Алан пазбаўлены ўсяго - кніг, вітамінаў, тэлефонных званкоў, магчымасці спаткання з сям'ёй... Нават яго сяброў з калоніі, якія ведаюць ангельскую мову, перавялі ў іншы будынак, і ў выніку ён не можа разлічваць на нічыю дапамогу.

Я прашу вярнуць мне майго Алана, з якім мы разам ужо 11 гадоў. Мы былі нармальнай шчаслівай парай і ніколі не былі крымінальнікамі»,

- кажа ў сваім звароце жонка зняволенага.

Пікетоўцы звярнулі ўвагу і на лёс двух іншых зняволеных за гучныя справы.

Японскі мастак і калекцыянер зброі Дайчы Ёшыда быў асуджаны на чатыры з паловай гады за тое, што, падарожнічаючы з Кіева ў Токіё праз Менск, вёз з сабой фрагменты антыкварнай зброі. Краязнаўца Алесь Юркойць быў асуджаны паводле гучнай «справы мытнікаў», віну адмаўляе.

Брытанская паліцыя пікетаванню не замінала.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках