30 красавiка 2024, aўторак, 20:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кааліцыя ЗША: Расейцы забралі целы загінулых пад Дэйр-эз-Зорам

Кааліцыя ЗША: Расейцы забралі целы загінулых пад Дэйр-эз-Зорам
Фота: AFP

У сірыйскай апазіцыі і войскаў кааліцыі целаў загінулых няма.

У Расею прадаўжаюць прывозіць целы грамадзян краіны, якія загінулі ў Сірыі 7 лютага. Тады пад Дэйр-эз-Зорам пад авіяўдар, які кааліцыі, якую ўзначальвае ЗША, патрапілі фармавання, што ваююць на баку Башара Асада. Прадстаўнікі кааліцыі сцвярджаюць, што ўсіх загінулых забралі прадстаўнікі расейскіх вайскоўцаў, паведамляе bbc.com.

Пасля баявога сутыкнення паблізу сірыйскага горада Дэйр-эз-Зор, у выніку якога, як паведамлялі СМІ, маглі загінуць сотні грамадзян Расеі, сілы кааліцыі і сірыйскай апазіцыі звярнуліся да прадстаўнікоў расейскага камандавання.

Амерыканцы прапанавалі забраць целы загінулых, што і было зроблена. Пра гэта журналістам распавёў Раян Дылан - прадстаўнік міжнароднай кааліцыі з ЗША ў Сірыі ды Іраку.

"Падчас, да і пасля атакі мы падтрымлівалі сувязь з расейцамі, і яны паслалі групу людзей, якія забралі целы", - сказаў палкоўнік Дылан.

Пазней у размове з журналістамі ён удакладніў: "Мы звязаліся з расейскай стараной праз "гарачую лінію" ўжо пасля таго, як усё адбылося. Лаяльныя рэжыму сілы забралі целы".

"Мы ліквідавалі пагрозу"

У сірыйскай апазіцыі і войскаў кааліцыі целаў загінулых няма, сказаў Дылан, і дадаў, што, нягледзячы на мноства здагадак аб тым, кім былі нападнікі, у кааліцыі іх разглядаюць як "частку варожых сіл, лаяльных рэжыму".

Цяпер, больш чым праз месяц пасля гэтых падзей, вялікая частка раёна на ўсход ад Еўфрату, дзе адбываўся бой, кантралюецца паўстанцамі і войскамі кааліцыі, у тым ліку і поле бою.

Палкоўнік распавёў, як паводле версіі кааліцыі развіваліся падзеі 7 лютага. Бой адбываўся каля ракі Еўфрат, якая, з ягоных слоў, "традыцыйна была лініяй размежавання паміж зонай, падкантрольнай нашым партнёрам, Сірыйскім дэмакратычным сілам, і зонай, дзе дзейнічаюць лаяльныя рэжыму сілы і сірыйскае войска".

"Позна ўвечары 7 лютага і 8 лютага, мы - Сірыйскія дэмакратычныя сілы і кааліцыя - зафіксавалі навалу сіл на ўсходнім баку ракі Еўфрат, - распавёў Дылан. - Мы звязаліся з расейцамі праз "гарачую лінію", як рабілі ў такіх выпадках цягам апошніх месяцаў і нават гадоў. Мы праінфармавалі іх аб колькасці сіл".

"Мы чакалі нападу, і таму, як толькі ён адбыўся (гэта была нічым не справакаваная атака супраць Сірыйскіх дэмакратычных сіл і сіл кааліцыі), мы абараніліся - правялі ўдары і ліквідавалі пагрозу", - растлумачыў ён.

Праз тры дні пасля сутычкі ў гэтым раёне быў знішчаны яшчэ адзін танк, які, як меркавалі ў кааліцыі, меў для іх пагрозу. Пры гэтым перад знішчэннем танка, як сцвярджае палкоўнік, яны таксама звязаліся з прадстаўнікамі расейскага камандавання ў Сірыі.

Загінулы нумар 6

Праз месяц пасля бою 7 лютага ў Расею паступова пачалі прывозіць целы загінулых у тым сутыкненні.

Яшчэ 7 сакавіка, распавядаючы пра тое, як сваякі зніклых у Сірыі чакаюць навінаў пра лёс сваіх блізкіх, паведамлялася, што на той момант было вядома толькі аб вяртанні ў Расею цела актывіста "Другой России" Кірыла Ананьева, таксама загінуў у баі 7 лютага. 25 лютага прайшло ягонае пахаванне.

12 сакавіка выданне Znak.com паведаміла, што ў Асбесце найбліжэйшыя дні пройдуць пахаванні загінулых у тым жа баі Станіслава Мацвеева і Ігара Касатурава.

Стала вядома імя яшчэ аднаго байца ПВК Вагнера, які загінуў у Сірыі 7 лютага. 6 сакавіка ў Навашахцінску Растоўскай вобласці пахавалі 42-гадовага Сяргея Краўчанку.

З СЯРГЕЕМ КРАЎЧАНКА Ў НАВАШАХЦІНСКУ РАЗВІТАЛІСЯ 6 САКАВІКА

Сваякі Краўчанкі перадалі журналістам копіі дакументаў, якія былі выдадзеныя ім за дзень да пахавання прадстаўнікамі так званай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера, на якую, як мяркуецца, працавалі загінулыя пад Дэйр-эз-Зорам расейцы.

У даведцы аб смерці, якую падпісаў загадчык консульскага аддзела расейскай амбасады ў Сірыі Турпал Аўтаеў, датай смерці пазначана 8 лютага. Краўчанка, мяркуючы з дакументу, загінуў у раёне горада Хшам у правінцыі Дэйр-эз-Зор. У якасці прычыны смерці пазначана "асмальванне цела".

Даведка і пасведчанне аб смерці Краўчанкі, падпісаныя расейскімі дыпламатамі, атрымалі нумар 6. Улічваючы, што нумарацыя такіх дакументаў пачынаецца з пачатку каляндарнага года, пакуль гэта адзінае дакументальна пацверджанае пасведчанне аб тым, колькі грамадзян Расеі загінула на тэрыторыі Сірыі з пачатку 2018 года.

Сваім родным аб намеры ўступіць у "ПВК Вагнера" і паехаць у Сірыю Краўчанка не распавядаў. Пасля заканчэння вайсковай вучэльні ў Новачаркаску ён служыў у Чачэніі, адкуль вярнуўся з медалём ветэрана баявых дзеянняў. Затым ён працаваў у міліцыі, МНС, апошнія гады быў кіроўцам фургона.

Перад тым, як у лістападзе 2017 года з'ехаць на базу ПВК у Краснадарскім краі, Краўчанка сказаў сваякам, што плануе аднавіцца ў МНС.

НОВАЯ ЎЗНАГАРОДА ПВК ВАГНЕРА "ЗА ПЕРАМОГУ НАД ІДІЛ", ЯКУЮ ПЕРАДАЛІ РОДНЫМ СЯРГЕЯ КРАЎЧАНКІ

На базе ў Краснадарскім краі Краўчанка атрымаў асабісты жэтон з парадкавым нумарам М-4840, што дазваляе зрабіць выснову аб агульнай колькасці ПВК Вагнер.

У лютым выданне Republic, вывучыўшы спіс байцоў аднаго з падраздзяленняў ПВК, паведаміла, што ў шэрагах вайсковай кампаніі як мінімум 3 602 чалавекі. Пра кантрактніка з жэтонам М-3601 – Яўгенія Алікова з Архангельскай вобласці - тады ж распавядала журналістам.

Асабісты нумар, прысвоены Краўчанку ў канцы 2017 года, дазваляе выказаць здагадку, што агульная колькасць байцоў, якія прайшлі праз ПВК, набліжаецца да пяці тысяч.

Прадстаўнікі ПВК перадалі сваякам Сяргея Краўчанкі створаныя прыватнай вайсковай кампаніяй медалі "За адвагу і мужнасць", "За кроў і адвагу", а таксама "За перамогу над ІДІЛ".

А таксама настойліва рэкамендавалі не кантактаваць з журналістамі.

"Але смешна думаць, што гэта застанецца ў таямніцы, - сказаў ВВС адзін са сваякоў загінулага. - Увесь горад гудзеў, калі даведаліся, што Сяргей загінуў. Увесь горад ведае, дзе ён загінуў. Усім жа рот не зашыеш. Толькі на пахаванні было блізу 300 чалавек".

Са слоў суразмоўцы ВВС, за некалькі дзён да пахавання ў Навашахцінску ў іншы горад вобласці, Новачаркаск, прывезлі труны з целамі яшчэ траіх загінулых у Сірыі байцоў ПВК. "У мяне адное жаданне - каб нашы хлопцы туды больш не ехалі. Бацька Сяргея казаў на пахаванні, што сын і сабе, і бацькам на смерць зарабіў. Яны адразу два месцы на могілках купілі", - кажа ён.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках