30 красавiка 2024, aўторак, 22:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Горацкая маршрутніца: Мы засталіся без сродкаў

5
Горацкая маршрутніца: Мы засталіся без сродкаў

У Горках блізу 20 міжгародніх маршрутнікаў паставілі свае аўто ў гаражы да лепшых часоў.

Мы ўсе звыклі да прыватных міжгародніх маршрутак. Яны таннейшыя, хутчэйшыя і ездзяць туды, куды не ходзяць дзяржаўныя аўтобусы, піша сайт Horki.info.

Але з 26 лютага маршруткі перасталі перавозіць пасажыраў. Рэч у тым, што цяпер яны павінны стаць рэгулярнымі вознікамі, перайсці на іншую схему працы: адпраўляцца з вакзала, ездзіць паводле вызначанага маршруту і спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках, распрацаваць расклад, інтэрвалы руху транспартных сродкаў, колькасць рэйсаў на маршруце ды іншае. А самае галоўнае - плаціць за паслугі аператару аўтамабільных перавозак і аўтавакзалу.

"Што рабіць далей - не ўяўляю"

Пасля ўвядзення новых правіл у Горках стала блізу дваццаці маршрутак, якія раней дастаўлялі пасажыраў у Магілёў, Воршу і Менск. А гэта значыць, што сем'і кіроўцаў, якія абслугоўваюць гэтыя рэйсы, пазбавіліся даходаў. Часова або стала, пакуль не вядома. Бо новаўвядзенні, якія дзяржава прапануе гэтым вознікам, не зручныя і не выгадныя ні уладальнікам маршрутак, ні пасажырам.

- Нашая каманда абслугоўвала магілёўскі кірунак. У дзень мы рабілі па сем-восем рэйсаў у адзін бок. У выходныя, калі было шмат студэнтаў, колькасць аўтамабіляў была павялічаная. Працавалі ў залежнасці ад патрэб пасажыраў. Ці змогуць дзяржаўныя вознікі забяспечыць пасажырам такую якасць паслуг? Думаю, адказ на гэтае пытанне ведае кожны. У маёй сям'і за стырном была я, а таксама мой муж.

Цяпер мы засталіся без сродкаў. У нас двое дзяцей - сын-студэнт і дачка-школьніца. На тым, што было зароблена раней, мы зможам пражыць месяц-два. Што рабіць далей, не ўяўляю. Магчыма, наогул давядзецца з'ехаць адсюль, - распавяла Надзея, кіроўца адной з міжгародніх маршрутак.

Новы закон ускладніў жыццё ўсім

Кіроўца прыватнай міжгародняй маршруткі Юрый у пятніцу, 2 сакавіка, пабываў на сходзе ў Горацкім выканкаме. Ён праводзілася, каб патлумачыць вознікам новыя ўмовы працы.

- Сабраліся маршрутнікі чалавек 7-8. Нас хочуць падвесці пад аўтавакзал, кажуць, каб укладалі дамовы на перавозку. Але там столькі блытаніны, што галава ідзе кругам. Складваецца адчуванне, што чыноўнікі самі да канца не разумеюць ўсіх нюансаў. Думаю, што новы закон ускладніў жыццё ўсім - нам, пасажырам ды і самім чыноўнікам таксама, - падзяліўся мужчына уражаннем ад пачутага.

Некаторыя вознікі кажуць, што гатовыя прыняць амаль усе новыя ўмовы. Але падкрэсліваюць, што цяпер кошт паездкі павялічыцца, бо перавозчыкі пачнуць плаціць аўтавакзалу за пасадку пасажыраў, і ў іх вырасце кошт страхоўкі. У перавозцы пасажыраў будуць удзельнічаць тры юрыдычныя асобы: дыспетчар, заказчык і перавозчык. І ўсе яны, паводле логіцы, таксама павінны атрымліваць пэўны адсотак з кошту паездкі. У выніку пасажырам давядзецца плаціць прыкладна на 20% больш, чым яны аддавалі за паездку да новаўвядзенняў.

- Яшчэ адная праблема – замова білета. Калі нам не дадуць магчымасці браць пасажыраў, як раней, праз тэлефон, то людзям давядзецца купляць квіткі ў касах аўтавакзала. Або праз інтэрнэт з пераплатай, альбо з рэзерваваннем, якое трэба аплаціць цягам некалькіх гадзін. Спадзяюся, не трэба тлумачыць, наколькі гэта нязручна, - адзначыў Андрэй, яшчэ адзін наш суразмоўца.

Легальна працуе толькі адзін прыватнік

У панядзелак, 5 сакавіка, мы зазірнулі на Горацкі аўтавакзал. У зале было шмат людзей. Чакалі сваіх рэйсаў не толькі пенсіянеры, якія часцей за ўсё адпраўляюцца ў прыгарад, па вёсках, але і моладзь.

У дыспетчарскай нам распавялі, што 26 лютага было вельмі шмат пасажыраў на ранішні рэйс магілёўскага аўтобуса. Потым плынь ахвотных з'ехаць знізілася. Цяпер пасажыраў прыкладна столькі ж, колькі было да новаўвядзенняў. Нашы суразмоўніцы выказалі здагадку, што, магчыма, некаторыя прыватныя вознікі працягваюць працаваць нелегальна. І дадалі, што ў Горках пакуль толькі адзін прыватны прадпрымальнік-вознік падаў неабходныя дакументы і працуе ў адпаведнасці з новымі правіламі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках