24 красавiка 2024, Серада, 3:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парламент Турцыі прыняў спрэчны закон аб выбарах

Парламент Турцыі прыняў спрэчны закон аб выбарах

Закон дазваляе ствараць перадвыбарчыя альянсы паміж кіроўнай партыяй і яе супольнікамі.

Парламент Турцыі прыняў супярэчлівы закон аб мадэрнізацыі выбарчага заканадаўства, які, на думку апазіцыі, можа паставіць пад пагрозу справядлівасць галасавання ў 2019 годзе.

Пра гэта паведамляе Reuters.

Заканадаўства фармальна дазваляе ствараць перадвыбарчыя звязы, пракладваючы дарогу для сувязі паміж кіроўнай партыяй прэзідэнта краіны і яе хаўруснікамі-нацыяналістамі.

Прыняцце гэтага закона ў парламенце было чаканым крокам, улічваючы яго падтрымку з боку кіроўнай "Партыі справядлівасці і развіцця" і нацыяналістычнай "Партыі нацыянальнага руху".

Аднак, як піша агенцтва, крытыкі ўраду б'юць трывогу з нагоды гэтага закона.

Паведамляецца, што новыя змены даюць Вышэйшай выбарчай камісіі паўнамоцтвы для аб'яднання выбарчых акруг і перамяшчэння выбарчых урнаў у іншыя раёны. Паводле змен, бюлетэні дазволяць прымаць без штампа мясцовага выбаркама.

Акрамя таго, прадстаўнікі сілаў бяспекі будуць дапушчаныя на выбарчыя ўчасткі. Ва ўрадзе мяркуюць, што такая мера дапаможа выкараніць запалохванні з боку забароненай у краіне Рабочай партыі Курдыстана.

У пракурдскай Дэмакратычнай партыі народаў заявілі, што такія захады могуць прывесці да перамяшчэння выбарчых урнаў з раёнаў, дзе партыя мае моцную падтрымку.

Як вядома, у мінулым годзе ў Турцыі адбыўся рэферэндум аб пытанні змен у Канстытуцыю, згодна з якімі прэзідэнт Раджэп Таіп Эрдаган атрымлівае ўсю паўнату ўлады ў краіне. За ўнясенне паправак у канстытуцыю аддалі галасы 51,41% выбарцаў (25 мільёнаў 157 тысяч), супраць выказаліся 48,59% грамадзян (23 мільёна 779 тысяч).

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках