Масква не адважылася адказваць на ультыматум паводле справы Скрыпаля
2- 13.03.2018, 15:06
- 19,014
Крэмль папрасіў «азнаёміцца» з рэчывам, якім быў атручаны былы выведнік.
Расея не будзе адказваць на запыты Вялікай Брытаніі ў сувязі з атручваннем былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля, пакуль расейскаму боку не дадуць доступ да матэрыялаў справы.
Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў, паведамляе interfax.ru.
Ён растлумачыў, што Масква патрабуе доступ да атрутнага рэчыва, выкарыстанага супраць Скрыпаля.
Лаўроў дадаў, што Масква запатрабавала доступ у сувязі з тым, што атручаная дачка Сяргея Скрыпаля Юлія з'яўляецца грамадзянкай Расеі. Ці ёсць расейскі пашпарт у Сяргея Скрыпаля, ён не ўдакладніў.
12 сакавіка прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй дала Расеі адзін дзень, каб адказаць на пытанні з нагоды выкарыстання супраць Скрыпаля баявога атрутнага рэчыва «Навічок», вынайдзенага ў СССР. Калі адказу не будзе, Мэй паабяцала ўжыць супраць Расеі санкцыі.
Сяргея і Юлію Скрыпалей атруцілі нервова-паралітычным рэчывам 4 сакавіка ў горадзе Солсберы. Разам з імі ў лякарню трапіў мясцовы паліцыянт, які прыбыў на месца здарэння.
У Расеі Сяргея Скрыпаля асудзілі за шпіянаж на карысць Вялікай Брытаніі. У 2010 годзе яго абмянялі на расейскіх выведнікаў, затрыманых у ЗША.