19 красавiка 2024, Пятніца, 21:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Amnesty International занепакоеная станам здароўя Змітра Паліенкі

3
Amnesty International занепакоеная станам здароўя Змітра Паліенкі
Зміцер Паліенка

Праваабарончая арганізацыя абвясціла тэрміновую акцыю ў падтрымку палітвязня.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International абвясціла тэрміновую акцыю ў падтрымку беларускага вязня сумлення Змітра Паліенкі.

23-гадовы актывіст «апынуўся ў варунках, якія пагаршаюць стан ягонага здароўя», прынамсі, звязаныя з астмай і адсутнасцю медыцынскай дапамогі ў сувязі з ранай, якую вязень атрымаў у калоніі, гаворыцца ў прэс-рэлізе арганізацыі, паведамляе сайт ПЦ «Вясна».

Amnesty International атрымала пераканаўчыя звесткі пра тое, што адміністрацыя калоніі ізалявала Паліенку з мэтай уздзеяння на яго праз жорсткае абыходжанне. Сярод карных захадаў - утрыманне ў адзіночнай камеры і скарачэнне ліміту грошай для асабістага карыстання. Акрамя таго, у палітвязня ёсць праблемы з атрыманнем і адпраўленнем карэспандэнцыі.

«У канцы снежня 2017 года ягоныя сябры арганізавалі кампанію салідарнасці, але за перыяд навагодніх святаў ён не атрымаў ніводнай паштоўкі», - піша Amnesty International. - «Сукамернікам не рэкамендуецца размаўляць з ім, а тыя, хто гэта робіць, таксама атрымліваюць пакаранні з боку адміністрацыі калоніі».

«Змітру Паліенку вельмі цяжка камунікаваць з вонкавым светам, бо ягоныя сустрэчы з адвакатам і бацькам, а таксама ўся ягоная пошта кантралююцца і зазнаюць цэнзуру з боку адміністрацыі калоніі. Нягледзячы на гэта, ён даў зразумець, што амаль два месяцы назад атрымаў рану на назе, якая не загаілася, і што турэмны лекар адмаўляецца яго лячыць. Не зразумела, якім чынам ён атрымаў гэтую рану. Зміцер Паліенка таксама пакутуе на астму. Адміністрацыя калоніі накіравала яго на вытворчасць, якая прадукуе шмат пылу, і гэта пагоршыла ягоны стан. Не вядома, ці атрымлівае ён адэкватнае медыцынскае лячэнне з нагоды абвастрэння астмы, але ягоныя блізкія сцвярджаюць, што не».

Amnesty International заклікае ўсіх неабыякавых людзей звяртацца да беларускіх уладаў, у тым ліку да адміністрацыі калоніі №2 у Бабруйску, міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча і Генеральнай пракуратуры, з просьбай «неадкладна і безумоўна вызваліць Змітра Паліенку як вязня сумлення, пераслед якога звязаны выключна з ягонай мірнай дзейнасцю».

Праваабаронцы таксама заклікаюць «забяспечыць доступ зняволенага да медыцынскай дапамогі», а таксама гарантаваць яму «ўмовы, якія б не пагаршалі стан ягонага здароўя».

Нагадаем, Зміцер Паліенка - сацыяльны актывіст з Менска. Падставай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе «Крытычная маса», які праходзіў 29 красавіка 2016 г у Менску і быў перапынены міліцыяй.

12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Менска прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Зміцер Паліенка быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

7 красавіка 2017 году судом Заводскага раёна г. Менска разгледжанае прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага, і скасаваная адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджанне, актывіст быў накіраваны ў выпраўленчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам 1,5 года.

22 жніўня 2017 года Amnesty International прызнала Змітра Паліенку вязнем сумлення.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках