19 верасня 2018, Серада, 16:57
На маршы
Рубрыкі

Як жыхарка Жодзіна атрымала перамогу над Міністэрствам абароны

3

Жонка вайскоўца вярнула дачку ў склад сям'і.

Уступала ў адзіночны бой, а выйграла сапраўдную вайну за правы ўсіх сем'яў з «няўлічанымі» дзецьмі, піша сайт mlyn.by.

Жонка вайскоўца з Жодзіна Таццяна Столяр-Дубіна стукалася ва ўсе дзверы: асабіста да міністра абароны Беларусі, у Генеральную пракуратуру, раду бяспекі, «палату прадстаўнікоў», адміністрацыю Лукашэнкі. Сёння ў гэтай гісторыі можна паставіць тлустую кропку.

У свой дзень нараджэння Таццяна атрымала галоўны падарунак: уступіў у дзеянне дакументы, якія пацвярджаюць, што дачка ад першага шлюбу - неад'емная частка яе новай сям'і. 27 лютага 2018 году суд Цэнтральнага раёна горада Менска абавязаў Міністэрства абароны Беларусі разгледзець пытанне аб уключэнні дзіцяці не толькі ў сям'ю яфрэйтара вайсковай часткі 28729 Паўла Дубіна, але і ў склад ЖБСК «Савецкі 2017».

«Рашэнні начальніка ўпраўлення жыллёвага забеспячэння, якія аспрэчваліся, на думку суда, ушчамляюць правы непаўналетняга дзіцяці - Столяр Соф'і, 2013 года нараджэння», - гаворыцца ў пастанове.

Давесці агульнасць і непадзельнасць сям'і Таццяне давялося, калі маладая пара стала збіраць дакументы на будаўніцтва трохпакаёвай кватэры. Прызнаецца, што раней пра гэта нават не задумваліся: Павел браў Таццяну ў жонкі, калі яе дзяўчынцы не споўнілася і года, і ані не знізіў градус любові і клопату пасля нараджэння агульнага дзіцяці.

Аднак высветлілася, што кіраўніцтва ўпраўлення жыллёвага забеспячэння Узброеных Сіл са спасылкай на Закон Беларусі ад 4 студзеня 2010 года «Аб статусе вайскоўцаў» у разлік ільготных метраў гатова прыняць толькі малодшую Вікторыю. Старэйшую Соф'ю знялі з чаргі «ў сувязі з адсутнасцю факту блізкага сваяцтва і ўсынаўлення (удачарэння)», - абвяшчаў дакумент, падпісаны начальнікам упраўлення жыллёвага забеспячэння Узброеных Сіл палкоўнікам Міхаілам Ляўшук.

«Як так?», - задалася пытаннем Таццяна і пачала пошук адказу з тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Жодзінскія спецыялісты дапамаглі ёй наладзіць сувязь з абласной калегіяй адвакатаў, і жанчына, атрымаўшы юрыдычную падтрымку, пачала паходы па інстанцыях. Сёння і не хоча ўзгадваць, колькі разоў яе звароты вярталіся ў тое ж упраўленне жыллёвага забеспячэння Узброеных Сіл і ўпіраліся ва ўказ №563. Двойчы давялося асабіста пагутарыць з міністрам Раўковым, тройчы - пісаць у адміністрацыю кіраўніка.

- Мне не шкада патрачанага «пораху», бо ў выніку я перамагла, - усміхаецца Таццяна. - Я абараніла правы свайго дзіцяці, сваёй сям'і. Змагла давесці, што змагацца можна і трэба. Наша сям'я не адзіная нават у нашым гарнізоне, хто сутыкнуўся з такой сітуацыяй, але змірыўся і адступіў. Пасля артыкула ў СМІ мне ў сацсетках пісалі і з іншых рэгіёнаў, раіліся, што рабіць, з чаго пачынаць. Дзеці ад папярэдніх шлюбаў ёсць у многіх сем'ях, але праблемы з іх пастаноўкай у чаргу на будаўніцтва жылля асабліва вострая менавіта для вайскоўцаў. Прызнаюся, што і ў мяне былі асцярогі, што мая актыўнасць можа даставіць непрыемнасці мужу, але камандзір часткі нас цалкам падтрымаў. За сваё трэба змагацца і не апускаць рукі!

Акрамя аднаўлення ў правах старэйшага дзіцяці, суд пастанавіў спагнаць з Міністэрства абароны выдаткі Таццяны на аказанне юрыдычнай дапамогі: 927 р. 50 к. Але самае галоўнае - настойлівасць маладой жанчыны прынесла нечаканы для яе самой вынік:

«...з мэтай папярэджання ўзнікнення ў далейшым такіх сітуацый у праект указа, які распрацоўваецца цяпер, які карэктуе Палажэнне аб уліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і аб парадку выдавання жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду, зацверджанага Лукашэнкам ад 16 снежня 2013 года №563 «Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін», уключаная норма, якая вызначае склад сям'і грамадзяніна пры пастаноўцы яго на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў, што дазволіць усталяваць адзіныя падыходы (між іншым, гэта тычыцца тых сем'яў, у складзе якіх ёсць дзеці ад папярэдніх шлюбаў).

Цяпер праект Указа знаходзіцца на юрыдычнай экспертызе ў Міністэрстве юстыцыі», - гаворыцца ў адказе Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі аб разглядзе скаргі Таццяны Столяр-Дубінай.

Шматпавярхоўка, дзе ў трохпакаёвай кватэры будзе уладкоўваць побыт сям'я Паўла, Таццяны, Соф'і і Вікторыі, ужо будуецца. Будучых навасёлаў папярэдзілі, што здача дома, вызначаная на жнівень гэтага года, можа перанесціся на восень. Але маладая пара не маркоціцца: невядомасць і чаканне пастановы іх праблемы адабралі значна больш часу і нерваў, а створаны прэцэдэнт з наступнай карэкціроўкай заканадаўства вырашыць праблему ўсіх сем'яў, дзе выхоўваюць не толькі супольных дзяцей.