26 красавiка 2024, Пятніца, 15:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Назіральнай камісіі Магілёўскай вобласці перанялі доступ да палітвязняў

3
Назіральнай камісіі Магілёўскай вобласці перанялі доступ да палітвязняў
МІХАІЛ ЖАМЧУЖНЫ
ФОТА: RFE/RL

У Горацкай папраўчай калоніі №9 «усё добра».

Адміністрацыя ПК №9 не дала грамадскай назіральнай камісіі пры галоўнай управе юстыцыі Магаблвыканкама сустрэцца з палітвязнем Міхаілам Жамчужным, піша магілёўская «Вясна».

Раней праваабаронца Таццяна Равяка звярнулася ў рэгіянальную і рэспубліканскую грамадскія назіральныя камісіі (ГНК) з просьбай праверыць Горацкую ПК №9, дзе ўтрымліваецца Жамчужны, бо ўбачыла пагрозу ягонаму жыццю і здароўю. З ейнай інфармацыі, 24 студзеня мужчыну жорстка збіў іншы асуджаны.

13 сакавіка Магілёўская абласная камісія супольна з рэспубліканскай пры Міністэрстве юстыцыі праверыла, у якіх умовах утрымліваюцца зняволеныя ПК №9. Зрэшты, падыходы ў дзвюх ГНК былі розныя, распавёў прадстаўнік рэгіянальнай камісіі, праваабаронца Барыс Бухель:

- Рэспубліканская камісія ставілася да нас крыху напружана. Калі мы з маёй калегай Таццянай Казлоўскай адзначалі ў нататніках усе моманты, то яны, склалася адчуванне, проста хадзілі і глядзелі. У моманты, калі я прасіў адміністрацыю калоніі дазволіць сустрэчу з Жамчужным, рэспубліканская ГНК заўжды ставілася на яе бок. Узначальвала яе чалец «савета рэспублікі» Таццяна Краўчанка, - распавёў Бухель.

Яму і старшыні абласной камісіі Таццяне Казлоўскай не выдалі нават транспарт, каб дабрацца да Горак. Каб адрэагаваць на скаргу пра пагрозу жыццю зняволенага, праблемы давялося развязваць прыватным спосабам.

- Нам былі не радыя. Галоўнай нашай мэтай было сустрэцца з палітвязнем Міхаілам Жамчужным, аднак у калоніі зрабілі ўсё, каб гэтага не адбылося. Ён цяпер знаходзіцца ў штрафным ізалятары. Нам адмовіліся паказваць камеры штрафнога ізалятару, паказалі толькі адно памяшканне камернага тыпу. Там рэжым крыху мякчэйшы, чым у штрафным ізалятары. Калі я паўторна спытаў пра Жамчужнага, рэакцыя адміністрацыі была жорсткай: не, - і ўсё тут, - паведаміў праваабаронца.

Адміністрацыя калоніі заявіла, што паўнамоцтваў у назіральнай камісіі пры Магілёўскім аблвыканкаме на асабістую сустрэчу са зняволеным няма.

Рэспубліканскай ГНК планавалася таксама анкетаванне іншых зняволеных, аднак прайшло яно непразрыста:

- Рэспубліканская камісія ў пачатку візіту аддала анкеты адміністрацыі калоніі, а ў канцы візіту ў яе ж і сабрала. Наколькі можна верыць звесткам з анкет - вялікае пытанне, - устурбаваны Бухель.

Зрэшты, адну скаргу ад зняволенага чальцы камісіі пачулі:

- У памяшканні камернага тыпу, куды нас дапусцілі, знаходзіліся тры чалавекі. Двое з іх казалі, што ўсё адпавядае нарматывам, а трэці паскардзіўся на ўчарашнюю адсутнасць гарачай вады ў лазні, холад у камеры - дзьме са шчыліны закрытага акна і ўчора была недастаткова цёплая батарэя, а сёння яна гарачая і таму ў камеры прыкметна цяплей, фортку адчынілі. Прадстаўнікі адміністрацыі гэта ўсё адмаўлялі, спаслаўшыся на тое, што зняволены проста пакрыўджаны і спрабуе адыграцца, - распавёў Бухель.

Са станоўчых момантаў праваабаронца адзначыў якасць ежы, а таксама адсутнасць перавышэння ліміту зняволеных у калоніі.

Нядопуск да Міхаіла Жамчужны - гэта ўжо другі выпадак, калі грамадскай назіральнай камісіі не даюць сустрэцца з палітвязнем. Раней ГНК не далі наведаць Змітра Паліенку ў бабруйскай ПК №2.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках