23 красавiка 2024, aўторак, 14:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Забарона беларускай малочнай прадукцыі ў Расеі: ці ёсць кампраміс?

6
Забарона беларускай малочнай прадукцыі ў Расеі: ці ёсць кампраміс?

Пазіцыі бакоў у новай «малочнай вайне».

Пастаўкі малочнай прадукцыі з Беларусі ў Расею могуць быць забароненыя з 15 сакавіка. Як улады ў Менску ўспрымаюць патэнцыйнае эмбарга і на што гатовыя пайсці для яго недапушчэння?

Расея - найбуйнейшы рынак для беларускіх малочных прадуктаў

Экспарт малочнай прадукцыі - адна з найважнейшых крыніц папаўнення бюджэту Беларусі, на яе прыпадае 7,5% усіх валютных паступленняў у краіну. Ільвіная доля яго ідзе ў Расею, у якой усё часцей гучыць незадаволенасць як якасцю, так і аб'ёмамі паставак беларускіх малочных прадуктаў, піша dw.com.

Прычыны абвастрэння канфлікту Менска і Масквы

Рассельгаснагляд у тлумачэнні магчымай забарона на імпарт з РБ, сцвярджае, што апошнім часам вырасла колькасць паставак у РФ беларускай малочнай прадукцыі, якая змяшчае забароненыя і шкодныя для здароўя рэчывы. Напрыклад, паводле звестак расейскага боку, у пітным малаку Полацкага камбіната паўторна была выяўленая наяўнасць антыбактэрыяльнага прэпарата сульфаметазіну, які лекары не раяць ужываць дзецям. Такога кшталту абвінавачванні расейская структура выставіла і ў адрас іншых вытворцаў з РБ.

На гэтую прычыну Рассельгаснаглядам «у сувязі з парушэннямі беларускімі вытворцамі ветэрынарна-санітарных норм і патрабаванняў Еўразійскага эканамічнага саюза і Расейскай Федэрацыі ўведзеныя часовыя абмежаванні на пастаўкі малака і вяршкоў пастэрызаваных, стэрылізаваных і ультрапастэрызаваных налівам; малака і вяршкоў сухіх, канцэнтраваных, кансерваваных і згушчаных; сыроваткі малочнай наліўной, канцэнтраванай і сухой, канцэнтрату сыроватачнага і малочнага бялку».

Гэтымі часовымі кропкавымі захадамі расейская структура не абмежавалася. Яна наважылася забараніць пастаўкі малочнай прадукцыі ўсіх беларускіх вытворцаў спачатку з 26 лютага, потым гэты тэрмін перанеслі на 6 сакавіка, затым назвалі новую дату - 15 сакавіка.

РФ - найбуйнейшы рынак для беларускай малочнай прадукцыі

Дзеянні Рассельгаснагляду выклікалі гнеў беларускага дыктатара. «Без адказу такія рэчы не застануцца, мы проста трываць гэта не будзем», - прыстрашыў Лукашэнка. У той жа час развязваць праблему спрабуюць чыноўнікі ніжэйшага рангу.

Як паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц, найбліжэйшым часам для абмеркавання пытання запланаваная сустрэча на ўзроўні намеснікаў кіраўнікоў урадаў дзвюх краін. Таксама ў сакавіку плануецца супольная калегія сельскагаспадарчых устаноў Беларусі і Расеі, якая абмяркуе «балансы паставак прадуктаў харчавання».

Менск экспартуе сваю малочную прадукцыю ў 45 краін свету. Расея - найбуйнейшы рынак для беларускай малочнай прадукцыі, на другім месцы Казахстан, на трэцім - Украіна. У дзвюх гэтых краін ніякіх прэтэнзій да якасці малочных тавараў з РБ дагэтуль не ўзнікала.

Ці ўвядзе эмбарга Расея?

Наколькі магчымая забарона паставак усёй беларускай малочнай прадукцыі ў Расею? Эканаміст Леў Марголін мяркуе, што эмбарга не будзе. На ягоную думку, гэтае пытанне хутчэй палітычнае, хоць у тым, што тычыцца экспарту прадуктаў харчавання, заўсёды можна знайсці рознага кшталту нюансы. Суразмоўца ўвязвае праблему з «квітнеючымі пастаўкамі праз Беларусь у Расею санкцыйных тавараў». Гэта не толькі малочная, але і плодаагароднінная прадукцыя, рыба і морапрадукты і г. д.

Пры гэтым Менск не рэагаваў на неаднаразовыя заклікі Расеі перакрыць такія пастаўкі. «Але ў нас Лукашэнка і ўся ягоная каманда намёкаў не разумеюць, для іх трэба стукнуць кулаком па стале, і вось гэта, мабыць, і ёсць той удар, які павінен быць успрыняты ў Менску», - тлумачыць эканаміст.

На тое, што ў гэтым выпадку адыгрывае ролю як эканамічны, так і палітычны фактар, звяртае ўвагу і менскі палітолаг Валерый Карбалевіч. Першапачаткова праблема была эканамічнай - з Новай Зеландыі і Аўстраліі ў Расею паставілі занадта шмат таннай малочнай прадукцыі, таму расейскія лабісты, каб распрадаць яе, запатрабавалі ад сваіх уладаў абмежаваць прысутнасць на рынку прадукцыі беларускай.

«Калі Менск стаў агрызацца, то Рассельгаснагляд выступіў з заявай аб тым, што Беларусь пастаўляе прадукцыю дрэннай якасці, што было спачатку, а аб тым, што яна ажыццяўляе кантрабанду з Еўразвязу і іншых краін, а гэта ўжо палітычнае абвінавачванне ў несаюзніцкіх дачыненнях», - падкрэслівае Карбалевіч.

Альтэрнатыва для Менска не праглядаецца

Цяпер гаворка можа ісці аб дамоўленасці аб аб'ёмах паставак малочнай прадукцыі з Беларусі ў РФ, а гэта ўжо самаабмежаванне для Менска, паказвае аналітык. Гэта значыць, РБ зможа завозіць у Расею не столькі малочнай прадукцыі, колькі хоча, а столькі, колькі дазволіць Масква паводле вынікаў магчымага пагаднення.

Пра гэта цяпер спрабуе дамовіцца з расейскімі калегамі віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Міхаіл Русы. «Гэта магчымы кампраміс, але ён пагаршае пазіцыю Беларусі, бо цяпер яна сама вымушаная браць на сябе пэўныя абмежаванні», - канстатуе Валерый Карбалевіч.

Леў Марголін дадае, што за апошнія гады ў Беларусі істотна вырас аб'ём вытворчасці малочнай прадукцыі, у тым ліку і таму, што павялічваўся попыт на яе ў РФ. І забарона на экспарт туды стала б сур'ёзным ударам па гэтай галіне беларускай эканомікі.

«Ніякіх іншых супастаўных з Расеяй у аб'ёме рынкаў збыту для нашай малочнай прадукцыі няма, бо такія рынкі ствараюцца гадамі, а канкураваць з сусветнымі грандамі ў галіне сельскай гаспадаркі нам пакуль складана. Кошт дастаткова высокі, а якасць саступае. Таму калі нейкія рынкі і асвойваюцца, то з вялікім скрыпам, і кампенсаваць расейскі для беларускіх вытворцаў на гэтым этапе яны не могуць», - сказаў на заканчэнне эканаміст.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках