26 красавiка 2024, Пятніца, 21:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Стрыжак: Асабісты дагляд - упадабаны метад ціску на актывістаў

2
Андрэй Стрыжак: Асабісты дагляд - упадабаны метад ціску на актывістаў

Улады прадаўжаюць пераслед незалежнага прафзвязу РЭП.

Намеснік старшыні прафкаму Гомеля Андрэй Стрыжак і рэдактарка сайта praca-by.info Яўгенія Стрыжак, затрыманыя на мяжы, былі адпушчаныя блізу апоўначы. Прычыну паглыбленага надгляду ім не патлумачылі.

Актывісты прафзвязу ехалі рэйсавым аўтобусам з Вільні ў Менск; апоўначы іх чакала перасадка на цягнік да Гомеля. Аднак дабрацца на радзіму ў намечаны час сябрам прафзвязу РЭП не ўдалося: на беларускай мяжы іх «знялі з аўтобуса» - папрасілі прайсці за супрацоўнікамі мытні для паглыбленага надгляду багажу і асабістага дагляду.

- То ў адным, то ў іншым кабінеце мы чакалі сваёй долі дзесьці дзве гадзіны, - распавяла Яўгенія Стрыжак, - пры гэтым ніхто з супрацоўнікаў мытні не патлумачыў, чаму і для чаго нас будуць даглядаць. Зрэшты, не магу і сказаць, што да нас хтосьці паставіўся варожа ці нават проста негатыўна. І мытнікі, і памежнікі дзейнічалі падкрэслена ветліва.

Пры гэтым называць працэдуру паглыбленага надгляду прыемнай рэдактар прафсаюзнага сайта не стала:

- Паглыблены дагляд багажу - даволі зневажальная працэдура: супрацоўнік мытні дастае з усіх кішэняў сумкі кожную рэч і ўважліва аглядае з усіх бакоў; гартае штодзённік, чытае запісы...А асабісты дагляд - гэта калі робяць тое ж самае, толькі не з рэчамі, а з табой: даводзіцца раздзявацца да ніжняй бялізны ў прысутнасці сведак, у той час як супрацоўнік мытні абмацвае тваю вопратку.

Яўгенія Стрыжак, нягледзячы на перашкоды пры перасячэнні мяжы, не мае намеру адмаўляцца ад далейшых паездак:

- Тыя, з чыёй ласкі мы прапусцілі цягнік, не спалі ноч і дабраліся да Гомеля на 12 гадзін пазней, дамагаюцца менавіта таго, каб мы ў страху перад чарговым ператрусам на мяжы перасталі куды-небудзь ездзіць. Такога задавальнення мы ім не даставім.

Андрэй Стрыжак проста звязвае дагляд са сваёй прыналежнасцю да незалежнага прафзвязу:

- Асабісты дагляд пры ўездзе ў Беларусь праводзіцца пры наяўнасці дастатковых падстаў меркаваць, што чалавек утойвае і не выдае на патрабаванні нешта, забароненае да ўвозу ў нашу краіну. Ні мне, ні Яўгеніі Стрыжак не былі названыя такія падставы, пра што мы зрабілі пазнакі ў пратаколах. Мытнікі не прапаноўвалі нам выдаць наркотыкі, зброю, фальшывую валюту...Асабісты дагляд - упадабаны метад ціску ўладаў на грамадзянскіх актывістаў. Дзяржава ўвесь час кажа, што такія дагляды ніяк не звязаныя з прафесійнай дзейнасцю тых, каго даглядаюць. Аднак першы ж запыт у Google кожнага вядомага ў грамадзянскім сектары прозвішча пакажа, што актывістаў рэгулярна «здымаюць» з цягнікоў і аўтобусаў. Абскардзіць такія дзеянні вельмі складана, бо фармальна дзяржава мае права правяраць, што людзі ўвозяць у краіну. Але ў мяне ёсць пытанне. Калі працэдура сапраўды не звязаная з нашай працай, то чаму тады за адзін тыдзень «знялі» на мяжы ўжо чатырох актывістаў і лідараў прафзвязу РЭП?

15 сакавіка а 13 гадзіне ў офісе прафзвязу РЭП у Менску пачнецца прэс-канферэнцыя, прысвечаная беспрэцэдэнтнаму ціску на сяброў незалежнага прафзвязу.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках