23 красавiка 2024, aўторак, 16:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Гэтыя зняцці з цягнікоў - бессэнсоўныя

1
Генадзь Фядыніч: Гэтыя зняцці з цягнікоў - бессэнсоўныя
ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ

Лідар прафзвязу РЭП пракаментаваў сітуацыю з надглядам актывістаў на беларуска-літоўскай мяжы.

Старшыня прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч пракаментаваў Праваабарончаму цэнтру «Вясна» сітуацыю з надглядам актывістаў прафзвязу РЭП на беларуска-літоўскай мяжы.

13 сакавіка намеснік старшыні Гомельскага прафкама РЭП Андрэй Стрыжак і рэдактар сайта praca-by.info Яўгена Стрыжак былі затрыманыя на беларуска-літоўскай мяжы на памежным пераходзе «Каменны Лог» для паглыбленага надгляду без паведамлення прычын.

Тыдзень таму, 7 сакавіка, падчас памежнага і мытнага кантролю на станцыі «Гудагай» былі зняты з цягніка для асабістага дагляду намесніца старшыні прафзвязу Зінаіда Міхнюк і адна з каардынатараў моладзевай сеткі РЭП Ганна Дусь, якія ехалі з Вільні ў Менск.

«Відавочна, што спецслужбы атрымалі нейкі пісьмовы загад, каб актывістаў РЭП, якія будуць перасякаць мяжу, трэба неяк устрывожыць, але гэтыя зняцці з цягнікоў - бессэнсоўныя. Такім чынам, улада яшчэ раз хоча паказаць, што ўсё пад яе наглядам і прэсам», - каментуе сітуацыю старшыня прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч.

Паводле «справы прафзвязаў» апыталі ўжо больш за 500 чалавек. РЭП не падаваў следчым органам спісы сябраў. Магчыма, такая інфармацыя трапіла з канфіскаванай тэхнікі офіса. Следства працягнулі да 1 траўня.

«У Беларусі яшчэ такога не было, каб грамадскую арганізацыю так шчыльна правяралі па яе пашырэнню. Складваецца ўражанне, што яны наогул хочуць паглядзець, ці існуюць гэтыя сябры прафзвязу, ці гэта проста запісаныя лічбы. Я думаю, што гэта быў загад зверху, каб праглядзець структуру РЭПу», - адзначае Генадзь Фядыніч.

Заўтра 15 сакавіка а 13 гадзіне ў галоўным офісе РЭП адбудзецца прэс-канферэнцыя паводле падзеяў, якія складваюцца ў апошні час у дачыненні да сяброў прафзвязу.

Нагадаем, раніцай 2 жніўня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў правялі ператрус у менскім офісе прафзвязу РЭП, а таксама дома ў старшыні прафзвязу Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара Ігара Комліка.

Затым было абвешчана, што ў дачыненні да абодвух распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйнай суме).

Ігар Комлік правёў за кратамі два месяцы, Генадзь Фядыніч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Абодва лічаць сябе невінаватымі і выплачваць налічаныя ім падаткі не збіраюцца.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках