29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнку кітайцы пракінулі

34
Лукашэнку кітайцы пракінулі

Паднябесная не дае лёгкіх грошай у абмен на дыфірамбы.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Сі Цзіньпіна з перавыбраннем на пасаду Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі.

- Дзякуючы канструктыўнаму дыялогу, узаемнаму даверу і ўлічванню інтарэсаў адзін аднаго мы здолелі закласці трывалы падмурак для эфектыўнай рэалізацыі намечаных супольных праектаў, - падкрэсліў беларускі дыктатар.

У чым падабенства лідараў Сінявокай і Паднябеснай? - пытаецца выданне «Завтра твоей страны».

- Абодва не прызнаюць дэмакратыю як механізм фармавання ўлады, абодва - аўтарытарныя кіраўнікі. А яшчэ, як цяпер высветлілася, абодва хочуць заставацца ва ўладзе без усялякіх абмежаванняў, - адзначае палітолаг Валер Карбалевіч.

- А ці шмат у іх адрозненняў?

- Значна больш, чым падабенства. Сі Цзіньпін выразна і зразумела арыентуецца на мадэрнізацыю Кітая, выкарыстоўваючы для гэтага рынкавыя механізмы, замежны капітал. Лукашэнка дагэтуль наогул не ставіў перад сабой задачу мадэрнізацыі краіны. Наадварот, ён спрабуе захаваць рэшткі савецкай планавай эканомікі, дзе дамінуе дзяржаўны сектар.

Кітайскія лідары выразна арыентаваліся на рынак, на прыватны сектар, яны правялі рэформы нават у сельскай гаспадарцы, распусціўшы камуны. Хоць у Кітаі кампартыя з'яўляецца кіроўнай, такім чынам, вяршэнствуе камуністычная ідэалогія. Але гэта толькі форма, бо напраўду змест зусім іншы.

У Беларусі ж калгасна-саўгасны строй прадаўжае дамінаваць, хоць і пад новай назвай.

Варта адзначыць, што кітайская культура мае глыбокія шматвяковыя карані, і кітайцы гэта ведаюць і шануюць.

А ў Беларусі ўлады спрабуюць абнуліць усю ранейшую гісторыю і весці адлік з 1917 года.

Акрамя таго, кіраўнікі Беларусі і Кітая ставяць розныя замежнапалітычныя задачы, бо маштабы дзяржаў, эканамічная і вайсковая моц несупастаўныя.

- У віншаванні Лукашэнкі Сі Цзіньпіну Лукашэнка адзначыў:

«Пад Вашым мудрым кіраўніцтвам народ Кітая ўпэўнена рэалізуе грандыёзныя «мэты двух стагоддзяў». Як вы мяркуеце, чаму беларускі дыктатар спявае дыфірамбы кітайскаму лідару?

- КНР - вялікая і багатая краіна, у якой вялікія золатавалютныя рэзервы, шмат лішніх грошай. Па аб'ёму вонкавай дапамогі і фінансавання Кітай зраўняўся з ЗША. Таму ўлады Беларусі спрабуюць гэтымі грашыма скарыстацца.

Спачатку ў беларускага кіраўніцтва была надзея, што з Кітаем можна пабудаваць стасункі паводле такой жа мадэлі, як з Расеяй, калі доўгі час удавалася атрымліваць ад Крамля танны газ у абмен на клятвы ў вернасці і дружбе.

Але з кітайцамі так не атрымалася. Хоць, спецыялісты падлічылі, што прыкладна чвэрць рэсурсаў, якія Кітай выдае іншым краінам, бясплатныя гранты. Але афіцыйны Менск, нягледзячы на тое, што абвясціў сябе стратэгічным партнёрам Паднябеснай, жывых грошай у выглядзе грантаў ці нават інвестыцый атрымаў вельмі мала.

- Аднак беларускі дыктатар рэгулярна наведвае Кітай і кліча ў госці лідара КНР.

- Для Лукашэнкі вельмі ганарова і важна быць хаўруснікам вялікай дзяржавы. Бо і дачыненні з Расеяй заснаваныя на тым, што яна прэтэндуе на статус вялікай дзяржавы.

Дарэчы, на гэтую ж прычыну ЗША ў замежнапалітычнай рыторыцы Лукашэнкі таксама займаюць вельмі вялікае месца. Ён то лаецца з амерыканцамі, то хоча сябраваць.

Кітай - вялікая дзяржава, таму вельмі ганарова сябраваць з такой краінай, яе кіраўніком. Гэта, на думку Лукашэнкі, надае яму палітычную вагу.

- На ваш погляд, ці існуюць паміж Менскам і Пекінам нейкія асабліва даверныя партнёрскія стасункі?

- Аб раўнапраўным партнёрстве гаворкі быць не можа, бо беларускія ўлады ўвесь час нешта просяць у кітайцаў. Пекін успрымае Беларусь вельмі прагматычна: як адну з дзяржаў Усходняй Еўропы, якая хоча атрымаць кітайскія грошы. Такіх дзяржаў у свеце нямала, многія з іх таксама падпісалі з Кітаем пагадненні аб стратэгічным партнёрстве.

Кітайцы даюць нам крэдыты, выгадныя ім самім, а наўпроставых інвестыцый, і ўжо тым больш бясплатных грантаў, зусім не шмат.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках