28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскі вознік: Мы хочам толькі аднаго, каб нам далі магчымасць працаваць

14
Віцебскі вознік: Мы хочам толькі аднаго, каб нам далі магчымасць працаваць

Пасажыры хочуць ездзіць танна і бяспечна, а гэта магчыма толькі пры наяўнасці здаровай канкурэнцыі.

26 лютага стала днём, калі супольнасць прыватных вознікаў падзялілася на два лагеры: адны прадоўжылі працаваць на свой страх і рызыку. Іншыя прыпынілі сваю дзейнасць, спрабуючы зразумець, як ім працаваць у новым прававым полі.

Згодна з новымі правіламі вознікі павінны ўкласці дамовы з аператарамі, адпраўляцца ў шлях толькі з вакзалу і рухацца паводле зацверджанага графіку і маршруту, піша «Віцебскі кур'ер».

У адказ большасць прыватных вознікаў проста перасталі вазіць людзей. Напрыклад, даехаць у Наваполацк, Полацк і Лепель (ці, наадварот, адтуль у сталіцу) можна было толькі транспартам дзяржаўнага возніка.

Як высветлілася, у Віцебску «Паўночны экспрэс» прадаўжае працаваць у звычайным рэжыме: маршруткі ездзяць паводле звыклага графіку, кошт праезду пакуль не павялічыўся. Паводле не ўдакладненых звестак вознік «Мега Аўто» прыпыніў працу.

- Цяпер усім ахвотным выдалі часовы дазвол на легальныя перавозкі. Яго тэрмін - тры месяцы. Затым будзе конкурсны адбор, пасля якога і вызначацца рэгулярныя вознікі, - распавёў Сяргей (імя на просьбу мужчыны змененае), прадстаўнік віцебскай службы міжгародніх перавозак.

З галоўных патрабаванняў конкурсу – транспарт, не старэйшы за 10 гадоў, дамова на штодзённы медыцынскі агляд кіроўцаў, кантракт на тэхнічнае абслугоўванне, гараж або сталае месца паркоўкі, а таксама адпраўленне і прыбыццё на аўтавакзал ці станцыю. Пры гэтым укладанне дамовы з аператарам абавязвае ўсталяваць GPS-трэкеры, якія кантралююць парушэнне кіроўцам правілаў дарожнага руху.

- Мы па-ранейшаму працуем праз сваю дыспетчарскую службу. Як і раней, квіток можна набыць у кіроўцы. Таксама можна зарэзерваваць сабе месца ў маршрутцы, роўна як і адмовіцца ад яго або перанесці паездку на іншую дату. Як і раней, мы можам забраць пасажыра з патрэбнага прыпынку.

За шмат гадоў працы ў фірмы з'явіліся сталыя кліенты. Калі мы не будзем працаваць, то большасць пасажыраў проста не змогуць даехаць да месца прызначэння ў патрэбны час. Ці будуць дабірацца з вялікімі нязручнасцямі.

Мы хочам толькі аднаго: каб нам далі магчымасць працаваць. Усякі вознік ведае, што, калі ён не будзе змагацца за пасажыра, знойдзецца іншы, хто зробіць гэта, - падзяліўся Сяргей.

Суразмоўца не змог адказаць на пытанне, колькі будзе каштаваць квіток пасля ўсіх новаўвядзенняў. Толькі распавёў, што змянілася месца адпраўлення ў Менску - цяпер гэта аўтастанцыя Паўднёва-Заходняя:

- Мы ўклалі дамову з дыспетчарскім пунктам. Тут трэба абавязкова рабіць адзнакі аб прыбыцці.

У некаторых гарадах Беларусі вёўся збор подпісаў у абарону «старога парадку» працы міжгародніх маршрутных таксовак. Подпісы збіралі ў кавярнях, на аўтазапраўках, на вуліцы і каля крамаў. Таксама з'явіліся паведамленні з заклікамі збіраць подпісы на працы і ва ўніверсітэтах - студэнты выявіліся самай «пацярпелай» часткай насельніцтва ад абноўленага закона «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках».

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках