29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі: Няхай Дразды ўшчыльняюць!

4
Менчукі: Няхай Дразды ўшчыльняюць!
ФОТА: TUT.BY

Жыхары Паўночнага пасёлку сталі на абарону сваіх дамоў.

Новыя аўтамагістралі, шматпавярховікі, забаўляльны цэнтр і паркінг. Не дрэнна. Але не для жыхароў прыватных дамоў, якіх у найлепшым выпадку збіраюцца пацясніць, у найгоршым - зруйнаваць. У Заводскім раёне сталіцы адбылося чарговае грамадскае абмеркаванне праекта ўшчыльнення. Двойчы жыхары Паўночнага пасёлку адбілі наступ уладаў на іх маёмасць, ці ўдасца гэтым разам? Гэтае пытанне задаюць журналісты «Белсату».

Актавая зала ўстановы, дзе адбылося грамадскае абмеркаванне плану забудовы раёну, ледзь змясціла абураных, але аб’яднаных людзей. Жыхары паўднёва-ўсходняй часткі Менску нязгодныя з ужо трэцяй версіяй праекту ўшчыльнення Паўночнага пасёлку.

«На сёння гэта самая ўшчыльненая сядзібная забудова. І з гэтым згодныя нават забудоўнікі. Таму мы лічым, што наш Паўночны пасёлак будзе стаяць, пакуль Дразды не ўшчыльняць. Таму што там у іх па 10-15 сотак», – кажа Таццяна Пенкрат, старшыня ініцыятыўнай групы Паўночнага пасёлку.

Паводле праекту, на вуліцах Байкальская і Несцерава маюць знесці шэсцьдзесят дзевяць прыватных дамоў. Дамоў, якія без абяцанай дапамогі дзяржавы будавалі бацькі цяперашніх жыхароў.

«Галадалі, але будавалі, набывалі кожную дошчачку. Гэта цэлая гісторыя, гісторыя беларускага народу. А зараз узяць і ўсё пад грэйдар. Гэта жахліва. Паўсюль чалавечыя лёсы, чалавечы боль», – абураецца жыхарка Ангарскага завулку Іна Крук.

На спатканні прысутнічалі прадстаўнікі Менскага гарвыканкаму і адміністрацыі Заводскага раёну. Намеснік старшыні апошняй, Аляксандр Сцяпанаў, не зважаючы на грамадскую важнасць пытання, адмовіўся ад каментара.

Прысутны дэпутат Палаты прадстаўнікоў два гады таму на грамадскіх слуханнях у той жа праблеме падтрымаў жыхароў Паўночнага пасёлку. Сёлета ж звярнуў увагу на патрэбы гораду ва ўшчыльненні і развіцці інфраструктуры.

Выратуюць толькі лятучыя машыны

«Асноўная мэта гэтага праекту – захаваць па максімуму сядзібную забудову. Менск не стаіць на месцы, вы самі бачыце – у гадзіны пік па Партызанскім праспекце не выехаць. Рана ці позна, мы да 30-га году… А можа, і не трэба будзе – можа, ужо будуць лятучыя аўтамабілі, тады і зносу гэтага не будзе», – кажа дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Курсевіч.

Удзельнікі ж сустрэчы, якія могуць сутыкнуцца не з фантастычнай, але рэальнаю праблемаю высялення, спасылаюцца на Еўрапейскую канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў.

«Канвенцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну краіны недатыкальнасць ягонага жытла. І кожны грамадзянін краіны павінен адчуваць сябе абароненым у сваім жытле не толькі ад злачынцаў, але і ад уладаў, высялення, зносу і гэтак далей», – лічыць жыхарка Менску Валянціна Аляксеева.

Паводле прысутных чыноўнікаў, тэрмінаў руйнавання дамоў пакуль няма, бо праект цяпер на стадыі абмеркавання. Гэта аднак не пераконвае мясцовых, якія гатовыя распачаць збор подпісаў пад адпаведнаю петыцыяй.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках