29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Хашчавацкі: Беларусы і расейцы - адзін народ? Нічога такоўскага!

20
Юрый Хашчавацкі: Беларусы і расейцы - адзін народ? Нічога такоўскага!
ЮРЫЙ ХАШЧАВАЦКІ
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

Мы павінны змагацца з канцэпцыяй «расейскага свету».

«Белсат» пагутарыў з рэжысёрам культавага фільма «Звычайны прэзідэнт» Юрыем Хашчавацкім аб дачыненнях Беларусі і Расеі. На «Белсаце» надоечы адбылася прэм'ера ягонага новага фільма «Гэты шалёны, шалёны, шалёны «русский мир».

– У Беларусі многія, у тым ліку ўлады, транслююць каштоўнасці «расейскага свету». Як доўга нам удасца захоўваць незалежнасць?

– Беларускія ўлады зусім не заклапочаныя захаваннем незалежнасці Беларусі. Яны ўстурбаваныя захаваннем уласнай незалежнасці. Бо яшчэ за Кебічам пачалася планамерная здача Беларусі Расеі. Гэтыя ўсе размовы аб супольнай валюце, пра гэта братэрства... Ліквідавалі межы. Была прыціснутая нацыянальная апазіцыя. Закрытыя школы з беларускай мовай навучання.

Да 1999 года гэты працэс ішоў вельмі імклівымі тэмпамі, бо Лукашэнка спадзяваўся ўзначаліць Саюз Беларусі і Расеі. І таму рабіў усё, каб прывязаць Беларусь да Расеі, перш за ўсё, у эканамічным сэнсе. Зусім відавочны і вайскова-палітычны саюз. Нават нягледзячы на тое, што ён не робіць заяваў ні пра Грузію, ні пра Украіну. Паглядзіце, як [свабодна] сябе адчувае расейскае войска, усе гэтыя вучэнні і гэтак далей.

Гэта значыць, у вайскова-палітычным і эканамічным сэнсе гэтую незалежнасць нашая ўлада ўжо амаль здала. І адзіная сіла, якая змагаецца за незалежнасць Беларусі, – гэта апазіцыя і беларускае грамадства, найбольш свядомыя людзі. Бараніць нашу незалежнасць давядзецца яшчэ вельмі доўга, але ні ў якім выпадку не спадзявацца на ўладу.

– Прыкладна так паступілі 100 гадоў таму нашы продкі, якія абвясцілі Беларускую Народную Рэспубліку. «Расейскі свет» існаваў ужо тады?

– Тады ён так не аформіўся, як гэта адбылося на нашых вачах. Сёння гэта словазлучэнне неабходна ўзяць у «двукоссе». Таму што «расейскі мір», пра які я кажу ў фільме, расейскія ўлады спарадзілі, уварваўшыся ў Грузію, стварыўшы істэрыку на тэлевізіі, акупаваўшы Крым, агрэсіўна напаўшы на Украіну.

100 гадоў таму бацькі Беларускай Народнай Рэспублікі хацелі вырвацца з кайданоў Расейскай імперыі. Бо гэта здарылася ўсяго праз 54 гады пасля паўстання Каліноўскага. А да яго было паўстанне Касцюшкі.

Нашы людзі павінны ведаць, што калі ім кажуць: беларусы і расейцы – гэта заўсёды было адно цэлае, гэта адзін і той жа свет – нічога такоўскага!

Беларускія землі да нападу на іх Расейскай імперыі, прагавітай, якая захоплівала ўсё, што знаходзіцца побач, уваходзілі ў еўрапейскую структуру. Былі гарады з магдэбуржскім правам. Бо дэмакратыя, лібералізм развіваліся ў гарадах. Таму што іх жыхары, аб'яднаныя ў цэхі і таварыствы, вучыліся ўлічваць інтарэсы адзін аднаго. Адсюль бярэ пачатак ідэя вяршэнства закона.

Што да Расейскай імперыі, – гэта зусім іншы імпульс. Гэта феадалы, галоўны інструмент якіх – валоданне людзьмі. З гэтым яны і прыйшлі да нас, і не так ужо даўно. Вядома, Расейская імперыя адкінула беларускія землі на многія дзесяцігоддзі, а то і стагоддзі назад.

– Ці здолеюць беларусы калі-небудзь вызваліцца ад «расейскага свету»? Бо калі вы спытаеце людзей на вуліцах гэтых самых гарадоў, большасць адкажа, што мы – адзін народ.

– Ваяваць ці то з расейцамі, ці то з літоўцамі, ці з палякамі, ці эстонцамі – няправільна. Гэта ксенафобія. Мы павінны змагацца з канцэпцыяй «расейскага свету» – валодання людзьмі, халопства, рабства, жорсткасці, беззаконня. Ці зможа Беларусь вызваліцца ад гэтай імперскай каламуці, якая сюды прыходзіць праз расейскія федэральныя тэлеканалы і ў выглядзе яе прадстаўнікоў, якія прыязджаюць сюды, як белыя людзі да індзейцаў з пацеркамі? Мноства канфліктаў узнікае ў сувязі з гэтым...

– Вы маеце на ўвазе турыстаў з Расеі або службовых асоб?

– Простых турыстаў. Бо яны хворыя на ўсведамленне сваёй імперскай выключнасці. Ці здолее Беларусь вызваліцца ад «расейскага свету»? Безумоўна, здолее. Пытанне: як гэта зрабіць?

– І вы ведаеце адказ?

– Па-першае, вяртанне да сваёй нацыянальнай культуры. Мова вельмі важная. Гэта не значыць, што людзей трэба прымушаць. Я нават прыхільнік таго, каб не чапаць дзяржаўнае дзвюхмоўе. Трэба проста да гэтага закона прыпісаць тлумачэнне, што кожны чалавек, які працуе ў бюджэтнай сферы, абавязаны валодаць абедзвюма мовамі. Выбіраць мову павінен не чыноўнік, а чалавек.

Другое: лібералізацыя. Трэба даць людзям абрасці тлушчам, што называецца. Адкрыць сваю справу, стаць сапраўдным сярэднім класам. Хто ў нас цяпер сярэдні клас? Чыноўнікі. А напраўду гэта павінны быць людзі, якія прымушаюць дзяржаву прымаць законы, якія іх задавальняюць.

– Таму ўлады і не даюць развівацца гэтаму сярэдняму класу.

– Не трэба баяцца, што мы залежым ад эканомікі Расеі. Таму што сярэдні клас будзе з расейскімі прадпрымальнікамі рабіць агульную справу. Але ён будзе незалежны і будзе развязваць пытанні на сваёй зямлі. Паглядзіце: кітайцы цяпер сур'ёзна развіваюць у нас свае прадпрыемствы. Але гэта ж прыхадні. І адразу ж узнікае праблема экалогіі. Гэта ж не на іх зямлі. А беларускага прадпрымальніка гэта будзе хваляваць, бо ягоная сям'я, дзеці і ўнукі будуць жыць тут. Вось якім чынам трэба вызваляцца ад імперскага.

Мы размаўляем з вамі ў першай чвэрці ХХІ стагоддзя, калі ўсе дэмакратычныя дзяржавы пачынаюць уніфікаваць сваё заканадаўства, сціраюцца межы. І гэта вельмі добры працэс. Нас жа спрабуюць падмануць: чыноўнікі кажуць, маўляў, мы таксама аб'ядноўваемся ў ЕўрАзЭС. Але гэта, хлопцы, не тое аб'яднанне. Яно дзейнічае паводле прынцыпаў імперыі.

– Як жа нам выгадаваць сярэдні клас, калі ўлады ўвесь час душаць бізнэс?

– Пакуль мы не прыбяром гэтую ўладу, гэтыя працэсы не змогуць пачацца.

– Гэта значыць, спачатку беларусы павінны выціснуць з сябе раба. Гэта доўгі працэс?

– Як запісана ў гісторыі чалавецтва пра 40 гадоў па пустыні, каб з'явіліся два пакаленні, якія не ведаюць рабства. Калі лічыць з 1991 года, пайшло другое пакаленне пасля змены таталітарнай сістэмы. Але гэтым людзям усяго тры гады было, а з 1994 зноў пайшлі мы ў бок дыктатуры. Трэба гадаваць моладзь. Мы, старэйшае пакаленне, толькі ўсведамляем, што трэба, каб людзі гадаваліся вольнымі, у тым ліку і ўнутры сябе. Але гэты раб у нас яшчэ сядзіць. А ў маладых яго ўжо не будзе. Трэба змяніць гэтую ўладу. Я не ведаю, як. Але калі грамадства захоча, яно гэта зробіць. Проста адмовіцца плаціць падаткі, перастаць падтрымліваць гэтую ўладу, і яна абрынецца.

– Пакуль што злёгку нагадвае ўтопію. А пра што будзе ваш наступны фільм?

– Да мяне асабліва не было ніякіх планаў. Але менавіта сёння, пасля вашага пытання, сядзеў і думаў: цікава, якімі інструментамі з чалавека робяць ідыёта? Бо гэта не толькі хлусня на тэлевізіі. Гэта, напрыклад, папса. «Ой ла-ла, ой ла-ла – плохо маму слушала». І я падумаў, што выдатна было б даследаваць, як з грамадства зрабіць дэбільны статак. Рабочая назва фільма – «Школа шаленства». Людзі павінны разумець, з якога боку іх атакуюць, каб умець абараніцца.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках