24 красавiка 2024, Серада, 6:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Злучаныя штаты» ад Балтыйскага мора да Чорнага

«Злучаныя штаты» ад Балтыйскага мора да Чорнага

Правілы жыцьця Антона Луцкевіча.

23 сакавіка 1942 году памёр Антон Луцкевіч, беларускі палітычны дзеяч, публіцыст і навуковец. Антон Луцкевіч быў ініцыятарам абвяшчэньня незалежнасьці БНР, аўтарам Трэцяй устаўной граматы і прэм’ер-міністрам БНР.

Журналіст «Радыё Свабода» Дзьмітры Гурневіч сабраў некаторыя выказваньні Антона Луцкевіча, якія адлюстроўваюць яго бачаньне сьвету і канцэпцыю дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі.

Нацыянальную сьвядомасьць нельга аддзяліць ад сьвядомасьці правоў чалавека і грамадзяніна: яны гэтак цесна зьвязаны ў адно, што, калі будзіцца адна, яна неадступна будзіць і другую, — а ў той жа час, дзе няма сьвядомасьці нацыянальнай, там няма месца і для чалавечай гордасьці. Гэта асабліва яскрава выявілася ў беларусаў.

Антон Луцкевіч не дарабіў «луцкевіцу», але затое стварыў БНР

Мала выразаць кусок зямлі, на якой жывуць беларусы, на якой пануе беларуская мова і аб’явіць яе незалежнай дзяржавай: трэба, каб дзяржава гэтая мела забясьпечаны асновы эканамічнага разьвіцьця, эканамічнай незалежнасьці. Хай гарачыя галовы думаюць, што адно гутаркай у роднай мове, адно верай у нацыянальны ідэал яны збудуюць будучае шчасьце свайго народа. Але палітыкі — цьвярозыя палітыкі з халодным разважлівым розумам — павінны пад будучую нацыянальную будоўлю падвясьці крэпкія фундамэнты: забясьпячэньне эканамічнага расьцьвету. На гэтым грунце і стаіць беларуская дэмакратыя, якая гаворыць аб будове новай дзяржавы ў межах колішняга ВКЛ.

Не шкада сіл нашых, калі мы аддаем іх на тое, што ўзбагачае нашую душу, павялічвае моц народу. Калі ж яны ідуць толькі на разьвіцьцё ў нас благога — нянавісьці, злосьці, завісьці, калі аддаюцца на змаганьне з другімі нацыямі, станамі ці клясамі не дзеля вызваленьня, а толькі каб пакрыўдзіць слабейшага, — тады шкада вытрачаных жыцьцёвых сіл, шкада, што яны назад не вернуцца і не ўзбагацяць нашай культурнай скарбніцы.

«Жыві і сам дай жыць другім» — гэтай думкай павінны кіравацца мы, беларусы, дабіваючыся правоў для сябе.

Толькі высокая культура, толькі эканамічная моц даюць кожнаму народу тую сілу, што можа тварыць новае жыцьцё. Работа павінна ісьці да пашырэньня нацыянальнай асьветы і разьвіцьця нацыянальнай і грамадзянскай сьвядомасьці, а поруч з гэтым разьвіваць эканамічную сілу народу.

«Злучаныя штаты» ад Балтыйскага мора да Чорнага — гэта найшырэйшы, найдалейшы палітычны ідэал, на каторым зыходзяцца беларусы ўсіх партый, усіх палітычных кірункаў. На ўсход ці на захад? Наша арыентацыя — на тым баку, за кім мір умацуе панаваньне на Курляндзкім узьбярэжжы Балтыйскага мора, каму Эўропа аддасьць ключы ад вольнага мора і нашых портаў.

Варункі, пры якіх беларусы нацыянальна прабудзіліся, назначылі наперад дарогу па каторай павінна пайсьці далейшае нацыянальнае адраджэньне беларускага народу. Дарога гэта — спакойная творчая праца над стварэньнем сваёй нацыянальнай культуры на чыста дэмакратычным фундамэнце, — значыць без найменшых знакаў нацыянальнага шавінізму і нянавісьці да чужых нацый.

Сотні гадоў жывем мы тутака разам — на аднэй зямлі — беларусы і літвіны, палякі і габрэі. Нельга думаць, каб нам калі-небудзь давялося разысьціся ў розныя бакі і расьсяліцца. Край гэты стаў родным для ўсіх. З гэтай зямлёй зьвязана наша мінуўшучына і будучыня. І лепшую долю мы павінны здабыць разам.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках