23 красавiка 2024, aўторак, 11:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праца радзільняў сур'ёзна зменіцца

4
Праца радзільняў сур'ёзна зменіцца
Иллюстрационное фото
Источник: novosib-online.ru

Уводзяцца раннія выпіскі, рэдкія «захаванні» ў бальніцы, дазваляецца наведванне бацькамі.

Міністэрства аховы здароўя прыняло новы клінічны пратакол у ахове здароўя маці, згодна з якім істотна змяняюцца падыходы да вядзення фізіялагічнай цяжарнасці. Так, гінеколага будучая мама, калі ў яе ўсё ў парадку, будзе наведваць радзей, пры жаночых кансультацыях з'явяцца аддзяленні дзённага стацыянара, а месцаў у аддзяленнях паталогіі пры радзільнях стане менш.

Пра гэта 24 сакавіка казалі спецыялісты на кангрэсе «Мама Pro», які праходзіць у Горадні.

Адной з галоўных тэм, якую абмяркоўвалі і спецыялісты, і будучыя мамы, было рашэнне Міністэрства аховы здароўя дазволіць сваякам наведваць палаты ў радзільнях. У тэорыі ідэя выглядае добра, аднак тут варта падумаць, каб у выніку такога наведвання палата не ператварылася ў прахадны двор, піша tut.by.

Адным з рашэнняў будзе памяншэнне колькасці, згодна з новым медыцынскім пратаколам вядзення цяжарнасці, палат у аддзяленнях паталогіі. Спіс станаў цяжарных жанчын, якія былі падставай для накіравання ў гэтыя аддзялення, у Беларусі скарочаны. Для некаторых станаў, якія адносілі да паталогіяў цяжарнасці, пры жаночых кансультацыях будуць стварацца аддзялення дзённага стацыянара.

- Вядома, нейкія сур'ёзныя паталогіі так і засталіся падставай да шпіталізацыі. А калі жанчына кажа, што яе часцей, чым раней, цягне на салёнае ці ванітуе, то гэта не можа быць падставай для адпраўкі яе ў шпіталь. Пры гэтым гінеколаг у жаночай кансультацыі будзе назіраць за станам цяжарнай і ў выпадку чаго можа адправіць яе ў дзённы стацыянар. Удзень жанчына будзе пад наглядам спецыялістаў, а ўвечары - у сямейным коле, што вельмі важна для псіхалагічнага стану цяжарнай, - кажа галоўная акушэрка-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Юлія Савачкіна.

Месцы ж, якія былі раней занятыя ў радзільнях «захаваннем», не знікнуць - будуць ператвораны ў аднамесныя камфартабельныя палаты. Напрыклад, у Гарадзенскай вобласці такім чынам хочуць перарабіць 100 ложка-месцаў.

- Скажам, у Гарадзенскім перынатальным цэнтры магчымасць наведваць сваякам жанчын ёсць ужо даўно. Але ў аднамесных палатах. Што тычыцца тых палат, дзе ляжаць трое і больш парадзіх, то я спытаў у маладых мам, ці хацелі б яны, каб іх мужы сюды прыходзілі. Яны адназначна адказалі, што не, - кажа галоўны лекра Гарадзенскага абласнога клінічнага перынатальнага цэнтра Уладзімір Звярко.

Яшчэ адным варыянтам, які могуць разгледзець установы аховы здароўя, - гэта стварэнне спецыяльных пакояў для сустрэч. Спецыялісты Міністэрства аховы здароўя кажуць, што новы рэгламент дае магчымасць больш гнутка вырашаць пытанне наведвання кожнай радзільні паасобку.

- Для Беларусі рашэнне пускаць сваякоў у палаты радзільняў - гэта вельмі вялікі крок. Мы ўпэўненыя, што наведванне мам блізкімі людзьмі будзе спрыяць пазітыўнай абстаноўцы ў сям'і і павышэнню даверу паміж бацькамі, - распавяла Юлія Савачкіна.

Таксама ў Беларусі ўкараняецца практыка так званай ранняй выпіскі. У некаторых радзільнях яна існуе ўжо досыць даўно, а іншыя медустановы толькі прыглядаюцца да такой магчымасці. Калі дзіця і мама адчуваюць пасля родаў сябе нармальна і няма ніякіх ускладненняў, то выпісваць іх будуць на трэці дзень, пасля кесарава сячэння - на пяты.

Таксама спецыялісты Міністэрства аховы здароўя разглядаюць магчымасць зрабіць у радзільнях «дні адчыненых дзвярэй», калі будучыя бацькі маглі б прыйсці ў медыцынскую ўстанову, пазнаёміцца з медперсаналам і ўбачыць «ужывую» палаты і радзільныя залы. Але пакуль гэта толькі планы.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках