20 красавiка 2024, Субота, 5:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Адчуваю, што абавязаная асвятляць людскія праблемы»

7
«Адчуваю, што абавязаная асвятляць людскія праблемы»

Журналістку Вольгу Чайчыц зноў аштрафавалі.

Суддзя Фрунзенскага раёна Менска Андрэй Малечка пакараў незалежную журналістку Вольгу Чайчыц штрафам на 735 рублёў за тое, што журналістка нібыта незаконна зрабіла сюжэт аб ушчыльненні дамоў на вуліцы Якубоўскага, піша сайт «Беларускай асацыяцыі журналістаў».

У месцы кампактнага пражывання людзей з інваліднасцю зроку ўлады далі дазвол на больш шчыльную забудову. Мясцовыя жыхары пратэстуюць, а журналістаў штрафуюць за тое, што асвятляюць гэтую тэму.

ФОто: БАЖ

Згодна з пастановай суда, віна Чайчыц у тым, што журналістка без акрэдытацыі падрыхтавала сюжэт для замежнага сродку масавай інфармацыі - тэлеканалу «Белсат».

- Але мне не патрэбная ніякая акрэдытацыя, каб збіраць і распаўсюджваць інфармацыю пра падзеі ў Беларусі. Асабліва на такія грамадска значныя тэмы. Гэта права мне дае 34 артыкул Канстытуцыі, - заявіла журналістка.

Працэс над калегам спрабуюць зняць журналісты, аднак супрацоўнікі суда спасылаюцца на інструкцыю і забараняюць рэпарцёрам гэта. Журналісты ў сваю чаргу апелююць да Канстытуцыі і адкрытасці Феміды.

Пачынаецца сварка, выклікаюць міліцыю, аднак да затрымання справа не даходзіць. Усіх прысутных некалькі хвілін здымае толькі супрацоўнік міліцыі ў цывільным.

Гэта ўжо 22-і суд у 2018 годзе, калі незалежных журналістаў судзяць за працу без акрэдытацыі для тэлеканала «Белсат».

- Я часцей раблю сюжэты з рэгіёнаў, альбо матэрыялы на вострыя сацыяльныя тэмы. Таму, думаю, мяне і цягаюць так часта па судах. Тэмы патрабуюць тэрміновай рэакцыі з боку ўладаў, прыцягваюць да сябе шмат увагі. Я думаю, мэта гэтага пераследу - каб мы не агучвалі праблемы, не казалі пра тое, што адбываецца ў краіне. Не ведаю, хто пераможа ў гэтай барацьбе, але я адчуваю, што пакуль проста абавязаная рабіць такія сюжэты, звяртаць увагу на вострыя праблемы людзей. Пакуль магу, я раблю гэта, - кажа Вольга Чайчыц.

У суд падтрымаць журналістку прыйшлі некалькі мясцовых жыхароў, якія змагаюцца супраць ушчыльнення забудовы ў мікрараёне.

ФОто: БАЖ

- Мы прыйшлі, каб падтрымаць журналістаў, якія пішуць пра нашую праблему. Мы вельмі ўдзячныя ім, відаць, што яны хочуць нам дапамагчы. У сюжэце «Белсату» была паказаная вельмі сур'ёзная сітуацыя, так запраектаваны дом знішчыць безбар'ернае асяроддзе для сляпых людзей.

Вакол дамоў устаноўлены спецыяльныя парэнчы, трымаючыся за якія людзі з інваліднасцю могуць ісці на працу, у краму і г. д.

А на тым месцы, дзе збіраюцца пабудаваць дом, ёсць адзіная прастора для адпачынку, там сляпыя людзі могуць бяспечна бавіць свой час на дварэ, - кажа мясцовая жыхарка Ала Валенчукевіч.

Тым не менш, ні падтрымка мясцовых жыхароў, ні грамадская важнасць тэмы не ўплываюць на ход справы. Праз гадзіну суддзя выносіць пастанову - штраф.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках