18 красавiка 2024, Чацвер, 22:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаго чакаць Маскве ад новага дарадцы Трампа ў нацыянальнай бяспецы

1
Чаго чакаць Маскве ад новага дарадцы Трампа ў нацыянальнай бяспецы
ДЖОН БОЛТАН
ФОТА: REUTERS

Джон Болтан выступае за жорсткі замежнапалітычны курс у дачыненні да КНДР, Ірана і Расеі.

У Вашынгтоне пра новага дарадцу прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў нацыянальнай бяспецы Джоне Болтане жартам гавораць: гэты чалавек мяркуе, што ў свеце няма ніводнага міжнароднага канфлікту, які нельга было б развязаць з дапамогай вайсковага ўмяшання ЗША, піша «Нямецкая хваля».

Хоць гэта і перабольшанне, але фраза стала крылатай, і як мага лепш пралівае святло на тое, што многія амерыканскія палітыкі - і зусім не толькі дэмакраты - думаюць пра будучага дарадцу прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы.

Варта адзначыць, што ў гэтых словах сапраўды ёсць доля праўды: былы сталы прадстаўнік ЗША пры ААН, які займаў гэтую пасаду ў часы адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага, быў адным з гарачых прыхільнікаў пачатку вайсковай аперацыі ЗША ў Іраку. У адрозненне ад многіх сваіх былых паплечнікаў, Болтан не толькі дагэтуль перакананы ў правільнасці такой пастановы, але і падтрымлівае выкарыстанне такой стратэгіі ў іншых гарачых пунктах планеты.

Іран

У сваіх шматлікіх каментарах ў амерыканскай прэсе Джон Болтан пазіцыянаваў сябе перакананым супраціўнікам пагаднення аб іранскай ядзернай праграме. Хоць такі пункт гледжання і знаходзіць водгук у Вашынгтоне, большасць крытыкаў угоды з Тэгеранам усё ж мяркуюць, што выхад ЗША з пагаднення прынёс бы з сабой значна больш рызыкаў і адмоўных наступстваў, чым пераваг.

Джон Болтан, зрэшты, так не думае. У сярэдзіне студзеня на старонках The Wall Street Journal Болтан заклікаў Трампа скасаваць міжнароднае пагадненне з Іранам, назваўшы яго "дыпламатычным Ватэрлоо", якое ўжо не змогуць выратаваць нават намаганні еўрапейцаў. У тым жа артыкуле ён таксама выступіў за змену палітычнага рэжыму ў Іране. Паказальна, што яшчэ ў 2015 годзе ён напісаў для газеты The New York Times гасцявы каментар пад загалоўкам "Каб не даць Ірану стварыць бомбу, трэба разбамбіць Іран".

У адрозненне ад папярэдніка Болтана Гербэрта Макмастэра, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ужо даўно мае намер выйсці з пагаднення з Іранам, таму лёс угоды можа вызначыцца самым найбліжэйшым часам. Прынамсі так мяркуе былы супрацоўнік адміністрацыі прэзідэнта Буша, а цяпер прафесар Калумбійскага ўніверсітэта Мэцью Ваксман, які асабіста знаёмы з Болтанам. "Пасля прызначэння Болтана (дарадцам у нацыянальнай бяспецы- Рэд.) магчымасць захавання пагаднення з Іранам уяўляецца менш імавернай", - мяркуе ён. Са слоў экспэрта, новы дарадца Трампа будзе "толькі падсілкоўваць інстынкты прэзідэнта".

Такога меркавання прытрымліваецца і старшы навуковы супрацоўнік вашынгтонскага Цэнтра вывучэння праблем нераспаўсюджвання ядзернай зброі Майлс Пампер. "Імавернасць выхаду ЗША з пагаднення вельмі высокая. У гэтым выпадку ўзнікае пытанне, як на гэта адрэагуюць Іран і ЕЗ", - адзначае ён.

Паўночная Карэя

Болтан з'яўляецца прыхільнікам жорсткага замежнапалітычнага курсу і ў дачыненні да Паўночнай Карэі. Як і ў выпадку з Іранам, а раней - і з Іракам, у сваіх артыкулах ён дзеліцца разважаннямі на тэму вайсковай аперацыі ў КНДР. І гэта нягледзячы на тое, што, улічваючы факт наяўнасці ў Пхеньяна атамнай зброі, такая стратэгія можа прывесці да ядзернай вайны.

Як тлумачыць Мэцью Ваксман, такая радыкальная пазіцыя Болтана выклікае неспакой, але ягоную ролю не варта ацэньваць гэтак адназначна. Хоць Болтан і выступае за развязанне канфлікту вайсковым шляхам, у выпадку, калі справа дойдзе да перамоў паміж ЗША і Паўночнай Карэяй, адміністрацыі Трампа спатрэбіцца чалавек, здольны ўзяць на сябе абавязкі іх каардынатара. А Болтан з яго досведам і навыкамі добра пасаваў бы на гэтую ролю, адзначае экспэрт.

У той жа час Майлс Пампер адзначае: пасля прызначэння Болтана дарадцам Трампа імавернасць таго, што перамовы паміж прэзідэнтам ЗША і лідарам КНДР Кім Чэн Ынам сапраўды пачнуцца, знізілася. У сваю чаргу пагроза вайсковай канфрантацыі, наадварот, узрасла, мяркуе спецыяліст.

Болтан - прыхільнік жорсткай лініі паводзін з Масквой. Як адзначае Мэцью Ваксман: "Болтан ставіцца да Расеі з глыбокім недаверам, таму я б уважліва сачыў за з'яўленнем прыкмет, якія сведчаць пра яго ўплыў на пазіцыю Трампа ў дачыненні да Пуціна".

Ягоны калега Майлс Пампер, зрэшты, мяркуе, што ўплыў Болтана на Трампа ў гэтым пытанні хутчэй будзе нязначным. Што да стасункаў ЗША з Масквой, то тут дастаткова іншых важных гульцоў - да прыкладу, Пентагон, Кангрэс і NАТО, упэўнены экспэрт.

У той жа час былы памочнік дзяржсакратара ЗША Лінкальн Блумфільд падкрэслівае: мала хто знаёмы з дэталямі амерыкана-расейска-савецкай дыпламатыі ў галіне раззбраення гэтак жа добра, як Болтан. Па-за ўсякім сумневам, ён скарыстае гэтыя веды і падчас дыскусій у Белым Доме. "Аднак у выніку пастанову прымае прэзідэнт, таму трэба пачакаць і паглядзець, як будуць развівацца падзеі", - рэзюмуе экспэрт.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках