18 красавiка 2024, Чацвер, 6:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

80% беларусаў хочуць вызваліцца ад ненавіснага ім «перасідэнта»

45
80% беларусаў хочуць вызваліцца ад ненавіснага ім «перасідэнта»

Але людзі пойдуць толькі за моцнымі.

Палітычная апазіцыя ў несвабоднай краіне не мае права спыняць барацьбу за свабоду і правы людзей супраць дыктатуры. Яна не мае права на «cтакгольмскі cіндром».

Сёння многія наўмысна або з няведання блытаюць палітычную апазіцыю з грамадскімі арганізацыямі або ініцыятывамі. Але гэта розныя кірункі грамадскай актыўнасці з рознымі задачамі. Што нармальна і досыць для апошняга, абсалютна недастаткова і ненармальна для першага.

Ператварэнне палітычнай апазіцыі ў «грамадскі сектар» (пакорлівая імітацыі ўдзелу ў «выбарах» не ў залік), занятак толькі «малымі справамі», пошук яе лідараў ласкі ў чыноўнікаў трэцяга ўзроўню - небяспечнае для маральнага здароўя і нават выжывання нацыі. Калі ніхто не змагаецца за свабоду - людзі забываюць пра яе. Грамадства прыстасаванцаў на чале з архаічнай уладай не мае перспектывы.

Большасць людзей у нашай краіне персаніфікуюць ідэі. Калі нейкую ідэю прасоўваюць слабыя, баязлівыя і занадта «гнуткія» палітыкі, то большасць адварочваецца ад гэтай ідэі. Каб быць для пратэстнай большасці народа альтэрнатывай уладзе, беларуская патрыятычная апазіцыя павінна дэманстраваць цвёрдасць у барацьбе супраць незаконнага рэжыму і за правы людзей. Асабліва цяпер, калі гэтая большасць зноў шукае абароны сваіх правоў.

Акрамя патрыётаў, такім абаронцам многія бачаць таксама кіраўніка суседняй краіны. Таму дэманстрацыя слабасці і баязлівасці беларускай патрыятычнай апазіцыі ставіць пад пагрозу незалежнасць краіны.

З эфектыўных палітычных рычагоў уздзеяння на сітуацыю ў нас засталіся толькі вулічныя акцыі. Ад іх залежыць і дзейснасць астатніх - петыцыі, міжнародная падтрымка і г.д. Такая сітуацыя выстаўляе вельмі высокія патрабаванні да персанальнай мужнасці апазіцыйных лідараў, іх гатоўнасці да самаахвяравання. Але ж ніхто не прымушаў іх прэтэндаваць на лідарства ў сваіх партыях.

Памятаю, як пасля «зліву» Плошчы-2006 у ноч пасля галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, апазіцыю звалі ў народзе «блазнамі».

Плошча-2010 змяніла стаўленне. Але апазіцыйныя партыі з 2011 да 2015 года толькі імітавалі барацьбу, нават пабаяўшыся падтрымаць «маўклівыя акцыі» летам 2011-га.

За гэты час у Беларусі ўдвая павялічылася колькасць прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй. Самым папулярным палітыкам у нашай краіне стаў «зухаваты» Уладзімір Пуцін. У выніку, колькасць беларусаў, якія паедуць ваяваць на Данбас за «реасейскі свет», утрая перавысіла колькасць нашых суграмадзян, якія ваявалі на баку Украіны. Нават некаторыя актывісты перайшлі з патрыятычных арганізацый у антынацыянальныя.

За апошнія гады патрыёты здолелі вярнуць да сябе павагу грамадства. Год таму, на прыклад патрыятычнай апазіцыі, людзі выйшлі на цэнтральныя плошчы ўсіх значных гарадоў краіны, каб абараняць свае правы. Яны выйшлі пад нацыянальнымі сцягамі і з нашымі лозунгамі. Пікам народных пратэстаў стаў Дзень Волі.

Актыўнасць грамадства істотна знізілася пасля жорсткага разгону. Але 80% па-ранейшаму хочуць пераменаў і шукаюць сілы, якія вызваляць іх ад ненавіснага ім «перасідэнта». Іх жыццё не стала лягчэйшым. А ўлада прыдумляе ўсё новыя спосабы залезці да іх у кішэню. Таму яны сочаць за нашай дзейнасцю.

Калі ў Дзень Волі, у гадавіну падаўлення народнага выступу, патрыятычныя сілы будуць толькі весяліцца на канцэрце, куды нават не дазволяць пранесці ніводнага «няправільнай» лозунгу, то нас зноў запішуць у блазны. І ў большасці застанецца надзея толькі на «расейскі свет».

Вось адна з галоўных прычын, чаму акрамя канцэрту большасць аргкамітэта Дня Волі намагае на годным шэсці, якое пачнецца з месца мінулагодняй расправы.

І дзе не будзе цэнзуры на лозунгі, на выказванне крыўды і болю, назапашаных у значнай часткі нашага народа, якой цяпер не да канцэртаў.

Мікалай Статкевіч, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках