29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Я быў бы «за» канфлікт пакаленняў

29
Я быў бы «за» канфлікт пакаленняў
ФОТА: SVABODA.ORG

25 сакавіка больш за ўсё ўразіла адчайная смеласць беларусаў.

Артыкул лідара грамадзянскай кампаніі "«Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава:

Спачатку адчуванні

Шчыра скажу, калі ўзялі Някляева, Сіўчыка, Вінярскага, Кулакова, потым Афнагеля, Статкевіча, Нікалайчык, у мяне балела сэрца. Для мяне гэта незвычайна, бо я разумеў, што сур'ёзна. Я ўзгадаў сакавік 2003 года, 15 гадоў таму, 85 гадоў БНР. Халодныя камеры Акрэсціна, дзе мы сядзелі разам з Лёнем Малахавым, Змітром Бандарэнкам і Ленчыкам Навіцкім. Валацугі, стукачы, ледзяная вада і рукамыйніца побач з каналізацыйнай дзіркай.

І вось цяпер 100-годдзе, якое ўсе арыштаваныя збіраліся адсвяткаваць. Адсвяткаваць, а не адпратэставаць. І каторым разам - пачуццё бяссілля перад тупой шэрасцю, у якой ужо немагчыма было разгледзець асобныя сілуэты.

А як жа канцэрт? Бо людзям хочацца хоць у такой форме аддзяліць сябе ад гэтай шэрасці. Не, канцэрт павінен быць. Гэта будзе добра. Ён будзе не зусім сапраўдным, але хай ён будзе. Хай будуць сцягі, няхай будуць сем'і. Так, сем'і - гэта важна.

А потым была зачыстка плошчы Якуба Коласа, незадоўга да канцэрту. Больш за ўсё ўразіла смеласць людзей. Бачылі, што бяруць усіх пры найменшым падазрэнні, і ўсё роўна, самі падыходзілі бліжэй да шэрых тупых жывёлін, даставалі прыхаваныя плакаты, сцягі, улёткі ды ішлі ў аўтазакі. Адзін, другі, трэці, дзясяты, дваццаты... Маўклівая і адчайная смеласць беларусаў. Недэманстрацыйная і бескарыслівая.

А яшчэ весткі з рэгіёнаў. Пасадзілі Карпаўну, узялі блогераў, зноў ціснуць журналістаў Белсату. А холадна ж. І ведаеш, што як толькі жывёліны завядуць людзей за свае загародкі, усё што хочаш можа здарыцца. І зноў балючае пачуццё бяссілля.

Канцэрт пачаўся. Вельмі хацеў яго паглядзець. Хаця б проста як дакумент дня, часу. Доўга не мог зразумець, колькі людзей прыйшло. Выява ўвесь час знікала. Потым з'явілася, і стала відаць, што шмат. Выдатна! Сцягі бачныя!

Канцэрт паглядзець так і не змог. Уключаў, мабыць, у самыя няўдалыя моманты, калі хацелася адразу выключыць. Ды і вядучыя, і каментатары ў студыях не супадалі па эмоцыях, але гэта суб'ектыўнае.

Цяпер логіка

Мне вельмі хочацца пакінуць 2010 год ззаду, але не атрымліваецца. Не свой 2010-ы, а той год у гісторыі і ў палітычным развіцці Беларусі. Мой жа заўсёды будзе са мной. Але тыя падзеі былі вельмі значныя для нашага далейшай жыцця. Мне ў турме, ды і па выхадзе з яе здавалася, што ўсё стала відавочным для ўсіх. Што нас бралі, збівалі, катавалі, кідалі па турмах ва ўсіх навідавоку. Што спрытнюгам схавацца не ўдалося. Што стукачы, якія засвяціліся асабліва ў першыя дні снежаньскага шаленства дыктатара, не маюць права на прысутнасць у палітыцы на баку беларусаў. І ўсё адно, як і калі здарыўся момант злому або вярбоўкі, яны павінны былі проста сысці ў нябыт.

Пасля 19 cнежня 2010 гады прайшло зусім няшмат часу, а ў гістарычным вымярэнні прайшло толькі імгненне, як менавіта вось гэтая група незразумелых асоб стала, мабыць, самай прыкметнай камандай абслугоўвання Лукашэнкі ў апазіцыйным асяроддзі. Пасля вельмі непрацяглага зацішша яны сталі ньюсмэйкерамі у большасці «незалежных» СМІ. Тут нават не трэба кідацца ў падрабязнасці. Па-мойму, абсалютна відавочна, што яны з сябе ўяўляюць і што яны працуюць як адна каманда. Зладжана, часам творча абслугоўваюць сваіх гаспадароў.

Толькі гэта не дапамагае нам вырвацца з задушлівай несвабоды.

І вось тут дарэчы зірнуць на арганізацыю таго самага канцэрту з пункту гледжання логікі. І нават не на раскол, які адбыўся ў аргкамітэце, і які можна было назіраць у жывым эфіры. Гэта акурат было да месца, і дыскусія, пакуль яна была дыскусіяй, была жывой і нават драматургічна цікавай. Але вось потым высветлілася, што частка ўдзельнікаў была акторамі, і была ў курсе ўсяго сюжэту, дакладна ведала свае ролі, а іншая частка дрэнна разумела, што адбываецца, нервавалася і зрывалася праз гэтае неразуменне. Усё таму, што ў нейкі момант Беларусь у прыхільнікаў канцэрту проста знікла з абмеркавання. Гэта, вядома, было зроблена па-майстэрску. Галоўнае, пра што трэба казаць, краіна Беларусь, проста выпарылася, і наўзамен раптам гаворка пайшла пра надуманы канфлікт пакаленняў. Незразумела адкуль на аргкамітэце ўзяліся асобы, якія раптам сталі галоўнымі дзейнымі асобамі, і далі ўсім зразумець, што яны ўжо дамовіліся з рэжымам пра канцэрт.

Далей - справа тэхнікі. Далей пайшла зладжаная гульня той самай лукашэнкаўскай каманды, якую стварылі ў апазіцыі. Дзеткі з ліку ўмоўна вызваленых пасля 2010 года кінуліся шаптацца з рэжымнымі кантралёрамі. Усе вызначаць. Некаторыя, асабліва жвавыя, паспелі і ў Брусэль падскочыць, распавесці пра канцэрт, як пра новую эру дэмакратыі.

«- каго любіш?

- Люблю канцэрт!

- То ўзаемна!»

А потым зладжаная каманда падтанцоўкі стала прадаваць усё гэтае глупства як канфлікт пакаленняў.

Я быў бы «за» канфлікт пакаленняў. Калі б ён меў месца, ён быў бы вельмі дарэчы. Але нічога такога нават і блізка няма. Ёсць «мянтоўская пракладка», як гэта называюць на зоне.

І сухі астатак

Выдатна, што тысячы людзей сабраліся 25 сакавіка ў цэнтры Менска з нашымі сцягамі і сімваламі. Выдатна, што знайшліся людзі, якія змаглі арганізаваць ніштаватыя тэхнічныя ўмовы для хоць нейкага канцэрта. Выдатна, што тысячы беларусаў змаглі некалькі разоў на поўны голас выгукнуць «Жыве Беларусь!» Вялікая радасць, што да вечара выпусцілі частку палітвязняў.

А што ж не так?

А тое, што мы засталіся там жа, дзе і былі, калі не яшчэ глыбей.

Дзіўна было назіраць жарсці апазіцыі ў сувязі з арганізацыяй канцэрту. Ды не было ніякага расколу ў апазіцыі. На жаль, не адбылося ніякага прарыву пакаленняў. Група маладых людзей, для мяне незразумелых, выканала функцыю выканаўчай фірмы для арганізацыі масавых акцый дазволенага тыпу. Група штучна раскручанай падтанцоўкі забяспечыла як бы палітычнае прыкрыццё гэтай акцыі. А пры чым тут апазіцыя?

Апазіцыя толькі ўскосна залежыць ад канкрэтных імёнаў. Напраўду - гэта паняцці і прынцыпы. І за дыктатурай гэтыя паняцці і прынцыпы вызначаюць увесь змест і сэнс дзеянняў пэўных асоб. Гэта не Статкевіч, Афнагель, Някляеў, Нікалайчык, Кулакоў, Сіўчык і г.д. і г.д. і да т.п. і да т.п. жыць не могуць без маршаў і дэманстрацый. Гэта абавязак апазіцыі, якая жадае змены гэтага рэжыму. Усё астатняе - ірэлевантна, як сказаў бы Скарына.

У Беларусі з'явілася яшчэ адная група арганізатараў масавых акцый, якая працуе на замову, адрозная тым, што гатовая выкарыстаць нацыянальную сімволіку. Зычым хлопцам поспеху. У параўнанні з шоў «усенародны сход» гэта сапраўды крок наперад.

Усё было б нядрэнна, калі б праз арганізатараў канцэрта быў усталяваны хоць нейкі канал камунікацый з рэжымам для абмеркавання перамен. Але пакуль яны служаць толькі для рэтрансляцыі загадаў улады. Пакуль гэта ўсяго толькі выпускны клапан.

Вядома, патрэбныя канцэрты. З нашымі сцягамі, без папярэдняга «хапуна», вязняў сумлення і беззаконня сілавікоў, са шматгалосным «Жыве Беларусь!», што гучыць як адзін голас моцнага вольнага чалавека. Гэта будзе ў свабоднай Беларусі. Патрэбна свабода для ўсіх, а не па частках. Здабудуць яе тыя, хто за яе змагаецца, і здабудуць для ўсіх.

Андрэй Саннікаў, спецыяльна для Charter97.org

Вонкавае фота - people.onliner.by

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках