24 красавiка 2024, Серада, 4:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

І тое добра, і тое добра

14
І тое добра, і тое добра

Мы павінны адзначыць 100-годдзе незалежнасці гэтак жа годна, як нашы краіны-суседзі.

У апошнія дні вакол святкавання стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі паўсталі спрэчкі.

Сайт Charter97.org звярнуўся па каментары да арганізатара многіх палітычных кампаній і акцый пратэсту, каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітра Бандарэнкі.

- На ваш погляд, чаму сёлета ў Дзень Волі важна правесці і канцэрт, і шэсце?

- Працытую народную мудрасць ад экс-старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі Сямёна Георгіевіча Шарэцкага, які любіў казаць: «І тое добра, і тое добра».

Я падтрымліваю такую пазіцыю 25 сакавіка павінны адбыцца і канцэрт (у якім плануюць удзельнічаць Лявон Вольскі, гурт "Крама" і іншыя - заўв.рэд.), і святочнае шэсце ў Менску. Я не бачу тут ніякіх супярэчнасцяў.

Многія сёння праводзяць паралелі з падзеямі стогадовай даўніны, што ва Украіне цяпер падобная сітуацыя, у Расеі і, вядома, у Беларусі.

Гэтая дата кажа пра тое, што сённяшнія рашэнні беларусаў, як уладаў, так і апазіцыі, таксама калісьці будуць разглядацца, як кропка біфуркацыі, ключавы пункт, ад якога падзеі ў Беларусі могуць пайсці тым ці іншым шляхам.

Пачнём з таго, што Дзень Волі, безумоўна, павінен насіць дзяржаўны характар. Ведаю, што ў Польшчы ў Дзень незалежнасці праходзяць шматтысячныя Маршы незалежнасці. Не ўсе да іх адназначна ставяцца, але ў Варшаве і іншых польскіх гарадах на іх выходзяць сотні тысяч людзей, нягледзячы на тое, што адначасова праходзяць іншыя мерапрыемствы: канцэрты, выставы, канферэнцыі.

Калі кажам, што мы - дзяржава, спаўняецца 100 гадоў нашай незалежнасці, то мы проста не можам быць горшыя за іншыя краіны. Бо і святочныя дэманстрацыя, і шэсце, і вайсковыя парады будуць праводзіцца ва ўсіх краінах нашага рэгіёну. Таксама калі мы кажам, што з'яўляемся спадчыннікамі Вялікага Княства Літоўскага, як шматнацыянальнай дзяржавы, то ў нас гэта стагоддзе аднаўлення незалежнасці. Усё роўна ў якім стане знаходзіцца Беларусь, мы павінны гэты дзень адзначыць гэтак жа годна, як нашы краіны-суседзі.

- Вакол даты 25 сакавіка цяпер кіпяць абмеркаванні. Якія б вы вылучылі важныя асаблівасці святкавання Дня Волі сёлета?

- Я хачу вылучыць некалькі аспектаў, звязаных з рознымі поглядамі на правядзенне гэтага дня. Па-першае, сёння крытыкуюць незразумела за што Мікалая Статкевіча, хоць абсалютна ясна, што без яго, без яго цвёрдасці, ніякага канцэрта ў цэнтры горада проста б не было.

Па-другое, канцэрт павінен адбыцца. Ёсць маладыя людзі, якія ўзяліся за яго арганізацыю, іх можна толькі павітаць. Зразумелыя тэхнічныя праблемы з правядзеннем і жаданне правесці мерапрыемства на годным узроўні. Як чалавек, які ў Беларусі праводзіў шмат масавых акцый, уключаючы канцэрты, я жадаю ім поспеху і іх трэба ўсяляк падтрымліваць у гэтай справе.

Трэці аспект, што ёсць таксама людзі, якія разумеюць неабходнасць дзяржаўнага маштабу пры святкаванні 100-годдзя БНР. Людзі ўважаюць неабходным, каб у сталіцы краіны адбылося святочнае шэсце. Іх пазіцыю таксама трэба паважаць.

Яшчэ хачу зрабіць невялікую заўвагу. Быў створаны апазіцыйны агульнадэмакратычны аргкамітэт. Падзялюся сакрэтам, што ініцыятарам яго стварэння выступаў Беларускі Нацыянальны Кангрэс. Ён рабіў усё, каб было свята, як сведчанне адзінства дэмакратычных сіл. А тыя людзі, якія пабеглі потым асобна ў выканкам са сваёй заяўкай, адхілілі агульную пазіцыю. У гэтым праўда.

Я проста разумею, што гэтым палітыкам, якія не ўмеюць весці палітычныя перамовы, ім проста ў будучыні нельга давяраць бараніць нацыянальныя інтарэсы. У іх няма ўнутранай цвёрдасці, характару, разумення асаблівасці абароны нацыянальных інтарэсаў і важных спраў. Гэта мая ацэнка.

Але маем тое, што маем. Я спадзяюся, што будзе і святочнае шэсце, і канцэрт. Урэшце, будзе цэлы год юбілею. І калі нешта не паспеем 25 сакавіка, то яно пройдзе ў іншыя дні 2018 года, які з'яўляецца юбілейным для аднаўлення нашай дзяржаўнасці.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках