19 красавiка 2024, Пятніца, 4:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторыя аднаго поспеху: Як случчанка дамаглася будаўніцтва пандуса

Гісторыя аднаго поспеху: Як случчанка дамаглася будаўніцтва пандуса

Святлана дамаглася ад камунальнікаў будаўніцтва пандуса ля свайго пад'езду.

Цягам года случчанка Святлана дамагалася будаўніцтва пандуса ля пад'езда для свайго сына-вазочніка, піша «Слуцкі Кур’ер».

«Сёння ты здаровы чалавек і цябе не хвалюе безбар'ернае асяроддзе, а заўтра ты бездапаможны: не можаш выйсці на вуліцу праз тое, што няма пандуса», - кажа Святлана.

Зварот у ЖЭУ

Восенню 2016 года случчанка звярнулася ў ЖЭУ-2. Яна напісала заяву на імя начальніка з просьбай пабудаваць пандус. Праз тыдзень ён ёй паведаміў, што не можа выканаць просьбу, бо вонкавая газавая труба не дазволіць зрабіць пандус паводле ўсіх нормаў.

«Калі газавікі пагодзяцца яе перанесці, то мы ўсё арганізуем», - прыкладна так адказалі Святлане ў ЖЭУ-2.

Паход ва ўправу сацыяльнай абароны

Жанчына пайшла да начальніка ўправы працы, занятасцi i сацыяльнай абароны Слуцкага райвыканкама. Ён арганізаваў камісію з галоўнага архітэктара і прадстаўніка гаргазу, каб вызначыць, што рабіць.

«Газавік казаў, што яму будзе праблематычна перарабіць увесь дом. Архітэктарка сцвярджала, што сценку зносіць нельга, бо яна вонкавая. Яна прапанавала зрабіць пандус у іншы бок, каб не чапаць газавую трубу», - узгадвае Святлана.

У выніку ў лістападзе 2017 года Святлана запісалася на прыём да старшыні Слуцкага райвыканкама.

Не адбыўся прыём у старшыні

Праз месяц Святлана пайшла на прыём да старшыні райвыканкама. Аднак да яго не дайшла, бо на трэцім паверсе яе сустрэлі прадстаўнікі ЖКГ, ЖЭУ і іншых службаў. Яны паабяцалі зрабіць пандус да 9 траўня.

«Сказалі, што ў канцы года няма грошай у бюджэце горада, і папрасілі пачакаць паўгода. Да старшыні я так і не пайшла, бо пытанне, як мне здавалася, быў ужо развязанае», - кажа суразмоўца.

Надакучлівыя званкі ў службы

У траўні Святлана стала нагадваць ЖЭУ і ЖКГ пра сябе, бо абяцанага пандуса не было. Рабочыя сталі разбіраць плітку толькі ў 20-я дні чэрвеня. Пандус яны зрабілі за пяць месяцаў. Яго ўсталяванне Святлана ўвесь час кантралявала.

Як толькі заўважала, што працы спыняліся, - тэлефанавала ў райвыканкам. Пасля гэтага працы, са слоў жанчыны, аднаўляліся.

«Я адразу сказала, што буду дамагацца пандуса ўвесь час, бо ён мне патрэбен для рэабілітацыі сына», - кажа Святлана.

Пандус добры, але як выбрацца з пад'езду.

Рабочыя зрабілі пандус, але з'явілася іншая праблема. Сын Святланы не можа самастойна дабрацца з ліфта да пандуса, бо на першым паверсе таксама ёсць лесвіца.

«Так, працоўныя паклалі драўляныя дошкі, але па іх чалавек на вазку не можа спусціцца - круты спуск. Ды і не кожны чалавек можа дапамагчы інваліду пераадолець гэтую перашкоду.

Адну праблему безбар'ернага асяроддзя нам развязалі, а іншую трошкі палегчылі, але для нас яна так і засталася неразвязанай», - кажа Святлана. З яе слоў, і гэтую праблему можна развязаць - трэба проста падумаць як. Напрыклад, усталяваць пад'ёмнік.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках