25 красавiка 2024, Чацвер, 2:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускіх паралімпійцаў пакараюць, калі яны падтрымаюць Расею

3
Беларускіх паралімпійцаў пакараюць, калі яны падтрымаюць Расею
Людміла Ваўчок

У НАК паабяцалі, што ніякіх акцый з трыкалорам не будзе.

9 сакавіка ў Пхёнчхане, дзе два тыдні таму скончыліся ХХІІІ Алімпійскія гульні, стартуе XII зімовая Паралімпіяда. Ад Беларусі ў Паўднёвую Карэю адправіліся 15 спартоўцаў, шэсць з іх - дэбютанты.

Праводзіны нешматлікай беларускай дэлегацыі адбыліся ў менскай ратушы, з прамовамі выступілі першы намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Максім Рыжанкоў, віцэ-прэзідэнт НАК і старшыня Беларускай федэрацыі хакея Сямён Шапіра, першы намеснік міністра спорту і турызму Вячаслаў Дурноў, старшыня Паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель, перадае «Радыё Свабода».

Таксама члены дэлегацыі наведалі царкву ў гонар св.Марыі Магдалены, дзе настаяцель прыходу протаіерэй Іаан Харашэвіч адслужыў набажэнства.

Пастанавілі, што сцяганосцам каманды на цырымоніі адкрыцця будзе шматразовая чэмпіёнка і прызёрка Паралімпіяды і чэмпіянатаў свету Людміла Ваўчок, якая выступае і ў летніх, і ў зімовых дысцыплінах. Капітанам каманды стане яшчэ адзін тытулаваны паралімпіец Дзмітрый Лобан.

У Паўднёвай Карэі будуць весці барацьбу 700 спартоўцаў з паўсотні нацыянальных камандаў. Плануецца раздаць 80 камплектаў узнагарод у шасці тыпах спорту. Паўтара дзясятка беларусаў, якія выйдуць на трасы Пхёнчхана, выступяць толькі ў дзвюх дысцыплінах - біятлоне і лыжных гонках. Спартовыя чыноўнікі разлічваюць, што гэтым разам атлеты здольныя здабыць пяць медалёў - чатыры гады таму ў Сочы былі тры.

Папярэдняя Паралімпіяда-2014 у Сочы

Пры гэтым інвалідны спорт у Беларусі па-ранейшаму застаецца ў цені «здаровага». Калі алімпійцы атрымліваюць ад дзяржавы 150, 75 і 50 тысяч даляраў за золата, срэбра і бронзу адпаведна, то ганарары паралімпійцаў значна больш сціплыя - 50, 30 і 20 тысяч даляраў за тыя ж самыя месцы. Пры тым што ў суседзяў даходы паміж здаровымі спартоўцамі і тымі, якія маюць фізічныя абмежаванні, роўныя.

Адна з самых тытулаваных беларускіх паралімпіек Людміла Ваўчок, якая адправілася на свае сёмыя гульні, перакананая: ацэньваць дасягненні паводле рэшткавага прынцыпу праз фізічныя вады як мінімум нелагічна, бо ў падрыхтоўку і выступы ўкладваюцца такія ж вялізныя намаганні.

«Вядома, гэта неапраўдана. Калі глядзіш, як ставяцца да сваіх спартоўцаў-паралімпійцаў у іншых краінах, нават на экс-савецкай прасторы - Расея, Украіна, Азербайджан - то там наогул наладжана так, што прывозіш медаль з Алімпіяды, і табе пажыццёва даецца пенсія. Гэта значыць, нешта важкае зрабіў для гонару дзяржавы, таму за сваю працу будзеш забяспечаны. Прынамсі, чалавек ведае, што ўсе яго намаганні ўрэшце будуць апраўданыя. У большасці краін ужо не дзеляць - алімпіец ты ці паралімпіец. Усе ўмовы выраўнялі і шануюць усіх аднолькава. Таму ў гэтым сэнсе, вядома, хацелася б больш увагі і з боку нашай дзяржавы».

Як і ў выпадку з асноўнай камандай Расеі, у Пхёнчхане атлеты з гэтай краіны таксама будуць прадстаўленыя пад нейтральным сцягам. На летняй Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра, куды расейскіх паралімпійцаў не дапусцілі праз допінгавыя злоўжыванні, беларуская дэлегацыя здзейсніла акт салідарнасці, узняўшы над калонай расейскі трыкалор.

Андрэй Фомачкін на ўрачыстым прыёме ў Паралімпійским камітэце Расеі

Член беларускай місіі, спартовы функцыянер Андрэй Фомачкін, які гэта зрабіў, быў неадкладна адпраўлены дадому, дзе неўзабаве быў прызначаны кіраўніком цэнтра падрыхтоўкі зімовых тыпаў спорту ў Раўбічах пад Менскам. У Расеі ён атрымаў кватэру ў Падмаскоўі і ўвекавечаны ў назве аднаго з стадыёнаў.

Гэтым разам першы намеснік прэзідэнта НАК Андрэй Асташэвіч яшчэ падчас праводзін нацыянальнай каманды паабяцаў, што «ніякіх акцый» са сцягамі не будзе.

Старшыня Паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель пацвердзіў, што паралімпійцаў з Беларусі афіцыйна папярэдзілі аб недапушчальнасці «ўсякіх публічных акцый», у тым ліку па-за Алімпійскай вёскай. У адваротным выпадку ім самім будзе пагражаць дыскваліфікацыя.

Цырымоніі адкрыцця і закрыцця Паралімпіяды пройдуць на тым жа стадыёне, дзе адбыліся спаборніцтвы XXIII зімовых Алімпійскіх гульняў.

Паралімпійскія гульні пройдуць з 9 да 18 сакавіка.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках