23 красавiка 2024, aўторак, 11:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каталікі, грэка-каталікі і пратэстанты святкуюць Вялікдзень

17
Каталікі, грэка-каталікі і пратэстанты святкуюць Вялікдзень

Большасць хрысціянскіх цэркваў сёння адзначаюць свята Уваскрэсення Хрыстовага.

Ва ўсіх каталіцкіх касцёлах, грэка-каталіцкіх капліцах і пратэстанцкіх малітоўных дамах Беларусі прайшлі святочныя набажэнствы.

У пастырскім пасланні мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заявіў:

- Мы з'яўляемся часткай культуры, якая ўсімі магчымымі і немагчымымі спосабамі адхіляе смерць. Людзі сярэдняга ўзросту ўсяляк імкнуцца захаваць малады выгляд і не паказваць, што старэюць. Калі гэтыя сучасныя тэндэнцыі стараюцца ўтрымаць час, то Вялікдзень вядзе нас наперад, бо з'яўляецца святам не мінуўшчыны, але будучыні.

Вялікдзень абвяшчае праўду аб тым, што будучыня мае сэнс, таму што ім валодае не хто іншы, як ўваскрэслы Хрыстус, які чакае не толькі на небе, але і на зямлі, каб дапамагаць у гэтым жыцці.

Сучасны свет ніяк не можа выйсці з эканамічнага і фінансавага крызісаў, яго скаланаюць палітычныя і сацыяльныя крызісы, з кожным днём нарастае міграцыйны крызіс.

Многія краіны адмаўляюцца ад устаноўленага Богам інстытута сям'і. Божы дар жыцця становіцца таварам, ім можна гандляваць і маніпуляваць, яго можна беспакарана забіваць ва ўлонні маці. Тэрарыстычныя акты трымаюць у страху цэлыя народы, таму што невядома, калі і дзе можа здарыцца бяда. Поўнамаштабная, а можа, нават і ядзерная, вайна зазірае нам у вочы. Нявырашаная праблема сацыяльнай справядлівасці вядзе да ўзнікнення новых канфліктаў.

Надзея свету заключаецца ва ўваскрэслым Езусе. Будучы залучанымі праз хрышчэнне ў смерць і ўваскрасенне Хрыста, людзі пакліканыя адкінуць старога чалавека, які канцэнтруецца выключна на самім сабе, імкнецца падкрэсліць сваё становішча ў грамадстве і імкнецца да ўлады, багацця і задавальненняў.

Хрысціянін павінен быць тым, хто ўсведамляе, што ўсё, што ён мае, з'яўляецца Божым дарам і яго міласцю, што яго жыццё кароткае, што ён слабы і грэшны. Нягледзячы на гэта, ён застаецца каханым дзіцем Божым. Усведамленне гэтага вызваляе ад рабства эгаізму, ад боязі страціць сваё сацыяльнае становішча ў грамадстве і страху перад будучыняй. Таму неабходна жыць ідэяй уваскрэсення, бо мэта нашага зямнога жыцця - дасягнуць вечнага жыцця з Богам. Гэта азначае, што ўсе прыхільнасці да часовай рэчаіснасці з'яўляюцца адноснымі, а не абсалютнымі.

Жадаю вам міласці ўваскрэслага Ісуса, яго святла і блаславення, моцнай веры і любові да Бога і бліжняга ўсім нам і нашай Бацькаўшчыне Беларусі, каб яна з дня ў дзень уваскрасала да новага жыцця.

Хай праўда ўваскрэсення стане новай духоўнай ін'екцыяй, якая адновіць жыццё нашага грамадства, а ўваскрэслы Збаўца будзе нашай надзеяй і вядзе ў шчаслівую будучыню - да новай запаветнай зямлі, якой з'яўляецца Божае Валадарства.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках