У Берасці зноўку пратэставалі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода
11- 1.04.2018, 15:01
- 17,537
1 красавіка на плошчу Леніна ў Берасці зноў выйшлі праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода.
Праваабаронца Раман Кісляк налічыў на плошчы амаль 80 чалавек. Як і раней, удзельнікі сходу пакармілі галубоў, абмеркавалі пытанні будаўніцтва прадпрыемства і разышліся.
Цяперашняя сустрэча, са слоў яе ўдзельнікаў, праходзіла пад пільнай увагай праваахоўнікаў. На двары ля плошчы стаяў аўтазак, а таксама «УАЗ» і «газель» без апазнавальных знакаў і пробліскавых маячкоў.
- Ёсць інфармацыя, што да людзей падыходзілі людзі ў цывільным і папярэджвалі іх пра тое, што праходзіць несанкцыянаваная акцыя, - паведаміў tut.by праваабаронца Раман Кісляк.
Жыхар Берасця Канстанцін адзначыў, што за некалькі хвілін да пачатку сустрэчы на плошчы Леніна да яго падышлі двое мужчын «у цывільным».
- Яны падышлі, не назваліся, задавалі пытанні і сказалі мне, што праходзіць несанкцыянаваны мітынг. Я падышоў да журналістаў «Белсата», і мужчыны ад мяне адышлі, - распавёў берасцеец.
Са слоў Кастуся, ён не ў першы раз прыходзіць на сустрэчу праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода.
- Я мяркую, што хоць у адну нядзелю ўлады павінны былі выйсці і пагаварыць з народам. Нас не чуюць. Нам няма да каго звярнуцца, - рэзюмаваў Канстанцін.

Берасцеец Андрэй выйшаў на плошчу трэцім разам. На думку суразмоўцы, адзінае, што дапаможа спыніць будаўніцтва акумулятарнага завода, - гэта салідарнасць.
- Калі салідарнасці не будзе, то завод адназначна запрацуе. Але і іншых праблем у нас дастаткова проста праз тое, што ігнаруецца меркаванне людзей і адсутнічае салідарнасць, - падзяліўся сваім меркаваннем Андрэй.
Прысутныя правялі на плошчы Леніна блізу гадзіны, а затым разышліся. Паводле папярэдніх звестак, абышлося без затрыманняў.
Пытаннем будаўніцтва акумулятарнага завода занепакоеныя жыхары Берасця, некалькіх найбліжэйшых вёсак і садовых таварыстваў. Паводле справаздачы, ад прамысловага навабуду з розных бакоў будзе ўсяго 750 м да ўскраіны вёскі Хабаў, 1200 метраў - да дачнага пасёлка, 1800 метраў - да Шчарбіна, 2,5 км - да Тэльмаў-2, 2 км - да ракі Мухавец.

Жыхары Берасця і раёна даведаліся аб будаўніцтве завода з прэсы і абурыліся, чаму чыноўнікі Берасцейскага райвыканкама не пацікавіліся іх меркаваннем наконт гэтага пытання. Як выявілася, працэдура грамадскіх абмеркаванняў праводзілася яшчэ ў снежні 2016 года. Аднак тады «заўваг і прапаноў» ад грамадскасці не паступіла.
Як адзначаюць праціўнікі будаўніцтва, яны аб гэтай працэдуры нават не ведалі, бо адпаведная абвестка змяшчалася ў друкаванай версіі раённай газеты «Заря над Бугом», якая выходзіць накладам 3400 асобнікаў, і на сайце райвыканкама.
Галоўнае, што турбуе мясцовых жыхароў - ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Праведзеная да пачатку будаўніцтва экспэртыза паказала, што «негатыўнае ўздзеянне праектаванага аб'екта на атмасфернае паветра, паверхневыя і падземныя воды, нетры, глебы, жывёльны і раслінны свет, а таксама на чалавека нязначны», а «ўвод праектаваных аб'ектаў у эксплуатацыю не прывядзе да парушэння прыродна -антрапагеннай раўнавагі».

З 25 лютага праціўнікі будаўніцтва завода кожную нядзелю выходзяць на плошчу Леніна карміць галубоў на знак пратэсту.
Нагадаем, 27 сакавіка суд Маскоўскага раёна Берасця адмовіў у задавальненні пазову да ТАА «АйПаўэр» аб прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага завода.
У суд з пазовам звярнуліся група грамадзян і грамадскае аб'яднанне «Экадом». Яны заявілі аб парушэннях працэдуры правядзення грамадскага абмеркавання справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і патрабавалі прыпынення будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем да правядзення паўторных слуханняў.

Суд Маскоўскага раёна адмовіў у задавальненні пазову, бо «заканадаўства не прадугледжвае магчымасці правядзення паўторных грамадскіх абмеркаванняў пры наяўнасці аформленых ва ўстаноўленым парадку высноў дзяржаўнай экалагічнай экспэртызы».