25 красавiка 2024, Чацвер, 16:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чырвона-карычневыя планы Лукашэнкі

68
Чырвона-карычневыя планы Лукашэнкі

Увазе МВФ, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Сусветнага банка, прыватных банкаў, замежных інвестараў.

Пад прыкрыццём размоў пра лібералізацыю і дэмакратызацыю, падлабуньваючыся да Захаду, Лукашэнка рыхтуецца ўвесці ў Беларусі камуна-фашызм пад кантролем сваёй крымінальнай групоўкі.

Перабольшанне?

Ані.

Няма ніякай выпадковасці ў тым, што ў беларускае грамадства адначасова ўкінутыя тэмы «перапрацаваны» закон аб дармаедах, папраўкі да закона аб СМІ і будучыя змяненні ў канстытуцыі.

Як за кожнай дыктатурай рэжым цынічна апраўдвае неабходнасць змены заканадаўства патрэбамі народа, але нікога гэта ўжо не можа падмануць.

Папраўкі да закона аб СМІ патрэбныя рэжыму для знішчэння свабоды слова ў інтэрнэце. Лукашэнка ўвесь час кажа аб сваёй нянавісці да інтэрнэту. А пасля леташніх масавых пратэстаў у яго народны гнеў і інтэрнэт зліліся разам.

Страх і інстынкт тут жа спрацавалі: забараніць ўсю гэтую вакханалію, паставіць пад кантроль, а адначасна выявіць усіх яшчэ не выяўленых. І тады эканоміка зноў расквітнее з дапамогай дзяржаўнай тэлепрапаганды і зноў спакойна можна будзе другі дзясятак гадоў абяцаць «пяцьсот».

Быў аддадзены загад заблакаваць «Хартыю», запалохаць блогераў і стрымераў прымусіць замаўчаць каментатараў.

З'явіўся праект паправак, якія загадваюць усіх рэгістраваць і ўсё рэгламентаваць. І не толькі інтэрнэт выданні, але і ўсіх журналістаў і нават саміх карыстальнікаў. Хочаш выказаць сваё меркаванне – рэгіструйся, гэта значыць данасі сам на сябе, бо, за рэдкім выключэннем, станоўчыя думкі пра рэжым у сетку пастаўляюць асобы, якія знаходзяцца на ўтрыманні гэтых уладаў.

Асмеляцца зарэгістраваныя інтэрнэт-СМІ пікнуць, будуць заблакаваныя без усялякіх папярэджанняў, судовых працэдур і падстаў. А для разблакавання трэба будзе прадэманстраваць падвоеную лаяльнасць.

Адпрацаваўшы блакаванне на сайтах Беларускага нацыянальнага кангрэсу, Белпартызану і Хартыі, рэжым надумаў заканадаўча ўзаконіць беззаконне.

Цяпер паслухмяныя чыноўнікі будуць імітаваць абмеркаванне, грамадскія дыскусіі, кансультацыі з грамадскімі арганізацыямі. «Палатачнікі» будуць паказваць нейкія чытанні, распінацца пра карысць паправак для народа. Але пастанова ўжо прынятая: са свабодай слова ў інтэрнэце на тэрыторыі Беларусі павінна быць скончана. Калі трэба будзе, прыцягнуць кітайскіх таварышаў. Час для гэтага ёсць, але не так шмат: трэба паспець да пачатку рэалізацыі закона аб «дармаедах».

Яго, дарэчы, кемлівыя чыноўнікі абазвалі «дэкрэтам аб садзейнічанні занятасці». Але сутнасць жа не схаваеш. Ён нават да занятасці мае ўскоснае дачыненне. Яго мэта – усё той жа татальны кантроль за насельніцтвам, забеспячэнне лаяльнасці ўладам і стварэнне новых магчымасцяў для рабавання.

Дэкрэт, як належыць дакументам такога кшталту, напісаны так, што дапускае поўнае самавольства пры вызначэнні «дармаедаў», а таксама пабораў з іх.

Ну і вяршыняй заканатворчасці Лукашэнкі ў гэтым опусе з'яўляецца стварэнне спецыяльных камісій, якія складаюцца з карных органаў, мясцовых лукашэнкаўскіх адміністрацый і грамадскіх лукашэнкаўскіх арганізацый, якія і будуць вызначаць, хто і ў якой ступені трапіць пад новыя рэпрэсіі і рабаванні. Увогуле, ствараюцца свайго кшталту «тройкі», якія будуць без суда і следства разглядаць лёсы прынамсі сотняў тысяч людзей.

Новы дэкрэт, сярод іншага, дазволіць:

- Узмацніць сістэму шантажу рабочых у дадатак да кантрактнай сістэмы. Працоўныя апынуцца ў яшчэ больш падпарадкаваным становішчы перад працадаўцамі, бо звальненне будзе пагражаць велізарнымі выдаткамі на «камуналку».

- Высяляць ўладальнікаў жылля з іх кватэр за нявыплату празмерных «камуналак». Фактычна ствараецца механізм канфіскацыі асабістай уласнасці грамадзян паводле спрошчанай схемы.

- Узмацніць рэпрэсіі супраць апазіцыі і актывістаў. Пры фактычна існай «забароне на прафесію» для іншадумцаў многія з іх патрапяць у спісы «дармаедаў» ці «асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця».

- Без суда і следства змяшчаць людзей у ЛПП, калі лукашэнкаўскія «тройкі» прызнаюць іх «асацыяльнымі».

- Стварыць сістэму шантажу часовых і нават сталых эмігрантаў, якія працуюць або якія пражываюць за мяжой. Паводле дэкрэту яны абавязаны будуць даказваць лукашэнкаўскім камісіям-тройкам, што яны працуюць і плацяць падаткі. А калі не працуюць, а выйшлі замуж ці ажаніліся і пераехалі за мяжу, а дома засталіся бацькі і жыллё? Значыць яны будуць аплачваць «дармаедскім» тарыфам? Такое вось «садзейнічанне занятасці» беларусаў дзе-небудзь у ЗША ці Нямеччыне. Тых, хто з'ехаў у пошуках заробку і лепшага жыцця беларусаў – сотні тысяч, калі не мільёны. Цяпер рэжым іх навучыць «радзіму любіць».

- Стварыць базу звестак на беларусаў, якія пражываюць за мяжой, у тым ліку адрас і месца працы. Для спецслужбаў адкрыюцца неабмежаваныя магчымасці для вярбоўкі грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой, а таксама іх сваякоў у Беларусі. Улічваючы тое, якія дрэнныя справы сёння ў расейскай агентуры і прыязнае сяброўства спецслужбаў Лукашэнкі і Пуціна, гэтай магчымасцю ахвотна скарыстаецца Крэмль.

- Даць доступ да базы асабістых звестак грамадзян Беларусі не толькі сілавікам, але і камісіям-тройкам, а праз іх – каму хочаш. Адкрыюцца новыя магчымасці для крыміналітэту.

Шмат яшчэ сюрпрызаў закладзена ў новым дэкрэце, але сэнс і накіраванасць яго зразумелыя.

Вянчаць усё гэта законатворчае вар'яцтва закліканая змена канстытуцыі. Няма асаблівага сэнсу гадаць, якімі будуць планаваныя змены. Яны будуць такімі, якія патрэбныя Лукашэнку для ўзмацнення жорсткасці кантролю над грамадствам, расправы з іншадумствам, забеспячэннем раскошнага жыцця ўладальнікам палацаў у Драздах, для ўзмацнення рэжыму сваёй асабістай улады.

Лукашэнка так паверыў у свой спрыт і ўменне падманваць усіх, што, безумоўна, будзе прасіць грошы ў Захаду, каб за яго кошт увесь гэты камуна-фашызм надзець на шыю беларусам. А ў каго яшчэ? Пуцін што-небудзь падкіне, калі паспее, а сваіх рэсурсаў няма.

Дыктатар паспрабуе прадаць на Захад свае планы пад выглядам неабходных рэформаў для працягу таго самага шматгадовага сну, пасля якога Беларусь павінна прачнуцца ў дэмакратыі. Разлік на тое, што заняты Пуціным Захад чарговым разам дасць магчымасць сябе абвесці вакол пальца. Надзея на тое, што ў Брусэлі па-ранейшаму будуць спрабаваць разглядзець у Лукашэнкі патэнцыял барацьбы з Пуціным.

Можа годзе ўжо Захаду дэманстраваць наіўнасць, што межавала з глупствам? Адзіны і самы адданы вайсковы хаўруснік Пуціна ў Еўропе прыступіў да рэалізацыі сваіх вар'яцкіх планаў, якія пагражаюць і нам, і вам. З дапамогай Захаду Лукашэнка хоча далей рабаваць народ, які яго ненавідзіць, яшчэ больш умацаваць уладу сваёй злачыннай групоўкі.

Можа пара, нарэшце, праявіць цвёрдасць і вернасць прынцыпам у дачыненні да дыктатара? З Пуціным жа атрымліваецца. А ўжо якім мачо яго малявалі.

Нельга падлабуньвацца да дыктатараў. Усіх. Вялікіх ці маленькіх.

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках