20 красавiка 2018, Пятніца, 5:41
Рубрыкі

Беларуску аштрафавалі за тое, што ішла з пустым вядром

83

Праз пустое вядро міліцыя ламала дзверы ў доме і некалькі гадзін трымала жанчыну «ў аблозе».

Ішла з пустым вядром – значыць… скрала малако. Такою дзіўнаю логікаю кіраваўся капітан міліцыі Аляксандр Малчанаў, калі ўзяўся надзвычай заўзята выконваць свае працоўныя абавязкі ў вёсцы Мушычы Гомельскай вобласці. Ён намагаўся выламаць дзверы ў хаце і гадзінамі прымушаў падпісаць пратакол, паведамляе «Белсат».

Сустрэнеш жанчыну з пустым вядром – быць бядзе, кажа народная прыкмета. Часам бяда прыходзіць да самой жанчыны.

«У пятніцу раніцай шостага я ішла з працы з пустым вядром. І мне супрацоўнік міліцыі сказаў – спыніцеся. У мяне было пустое вядро, а ён кажа, хадземце са мной, там пабачыў лужыну малака. Я пайшла дадому, яны прыехалі за мной. Кажуць падпішаш паперы, або паедзем са мной. Я кажу – я нічога не брала, у мяне вядро было пустое», – распавядае даярка Лідзія Вераб’ёва.

Далей пачаліся актыўныя аператыўныя дзеянні. Камера на тэлефоне толькі мацней раззлавала праваахоўнікаў.

«Пазабіралі тэлефон і ўсё такое – не хацелі аддаваць. Тыпу забароненыя відэаздымкі. Я ў сябе ў двары знаходзіўся, як гэта яна мне забароненая, правільна? Накінуліся, пасля ўжо супакоіліся, я зайшоў да цёці па цыгарэту, а супрацоўнік мне пагражаў здароўем, маўляў ідзі адсюль, у цябе што здароўя шмат?», – узгадвае падзеі таго дня пляменнік Лідзіі.

Пры гэтым ніхто акрамя ўчастковага Аляксандра Малчанава ня бачыў той лужыны малака, з-за якой усё пачалося. У выніку капітан запрасіў падмогу

«Дык тут мала таго, адзін, потым другі, потым трэці, потым чацвёрты! Як сабак! Абурыла больш за ўсё, як дом ламаў. І як кінуўся на сына, я ў дом зайшла і кажу – толькі крані. Хопіць, што ён яго картавым называў», – кажа суседка Лідзіі Верабʼёвай Раіса.

Людзі падкрэсліваюць, што рэшта праваахоўнікаў спрабавала супакоіць свайго калегу. Сам Малчанаў сваёй версіяй здарэння падзяліцца не пажадаў.

Міліцыянт: «Будзе так, як я сказаў – ты ж мяне ведаеш»

У самой Управе Унутраных спраў райвыканкаму заявілі, што пра сітуацыю чуюць упершыню і нават не пажадалі адказваць на пытанні аб правамоцнасці дзеянняў свайго супрацоўніка. А яны дакладна выходзяць па-за межы дзейнага заканадаўства, кажа адмысловец.

«Ёсць дакладныя градацыі – у якім выпадку супрацоўнік міліцыі можа трапіць у жылое памяшканне. Нас цікавіць артыкул 2.6 кодэксу адміністрацыйных правапарушэнняў, дзе дакладна кажацца аб тым, што недатыкальнасць памяшканняў гарантуецца законам», – зазначае праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Натуральна ёсць выключэнні: адпаведны дазвол можа даць пракурор, або існуюць падазрэнні, што падазраваны ў правапарушэнні зможа схаваць прыкметы свайго злачынства.

«Пачалі ўжо казаць, што прыкмет няма на яе. А ён кажа, што я не адстану. Будзе так, як я сказаў – ты ж мяне ведаеш. І я ўжо сказала, каб мама падпісала паперы, бо спужалася, што нараджу раней за час, пад ціскам прымусілі падпісаць паперы. Ну гэта Малчанаў у нас такі..»., – кажа Наталля, дачка Лідзіі Верабʼёвай.

І сапраўды – сталася так, як і казаў капітан Малчанаў. Праз тры з паловай гадзіны пагрозаў жанчына аплаціла дзве базавыя штрафу.