19 красавiка 2024, Пятніца, 23:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская адукацыя і ахова здароўя прадаўжаюць «уціскацца»

3
Беларуская адукацыя і ахова здароўя прадаўжаюць «уціскацца»
Фота: Reuters

Нягледзячы на бравурныя рэпартажы дзяржСМІ.

Агульная колькасць школаў і лякарняў у Беларусі няўхільна скарачаецца. І гаворка ідзе не пра дзясяткі зачыненых аб'ектаў, а пра сотні, піша thinktanks.by.

Пра памяншэнне школаў, лякарняў і дзіцячых садоў сведчыць штогадовы даведнік «Беларусь у лічбах», апублікаваны Нацыянальным статыстычным камітэтам.

Паводле звестак Белстата, колькасць установаў дашкольнай адукацыі ў Беларусі ў 2012/13 навучальным годзе складала 4 064. У 2015/16 навучальным годзе ў краіне налічвалася 3 951 дашкольная ўстанова. А ўжо ў 2017/18 навучальным годзе колькасць такіх установаў дасягнула адзнакі 3 812. Гэта значыць, за 6 гадоў Беларусь «страціла» 252 дашкольныя ўстановы. Пры гэтым колькасць дзяцей, якія наведваюць іх, вырасла з 398 тысячаў да 426,3 тысячы.

За гэты ж час колькасць установаў агульнай і сярэдняй адукацыі скарацілася на 512 установаў – з 3 579 да 3 067. Але нягледзячы на скарачэнне школаў, колькасць дзяцей, якія наведваюць іх, таксама вырасла: з 928,2 тысячы навучэнцаў да 994,5 тысячы.

Характэрна, што за 6 навучальных гадоў у Беларусі «скараціліся» 3 ВНУ. Замест 54 іх налічваецца 51. Пры гэтым колькасць студэнтаў, якія навучаюцца ў іх, знізілася на 144,1 тысячы – з 428,4 тысячы да 284,3 тысячы.

Таксама за 6 гадоў у краіне скарацілася і колькасць лякарняў. У 2012 годзе ў Беларусі было зарэгістравана 657 шпітальных арганізацый, у 2017 – 622. У гэты ж час адбылося скарачэнне шпітальных ложкаў: з 106,6 тысячы да 79,8 тысячы. Праўда, колькасць лекараў-практыкаў у краіне вырасла: з 36,8 тысячы да 40,1 тысячы спецыялістаў.

Зрэшты, на суб'ектыўнай ацэнцы беларусамі свайго здароўя гэта адбілася слаба. Нагадаем, што на пачатак 2018 года 63,1% беларусаў ацанілі стан свайго здароўя як здавальняльны, 27,6% – як добры, а 9,3% – як дрэнны.

У параўнанні з папярэднімі звесткамі ацэнкі практычна не змяніліся. Паводле інфармацыі на пачатак 2017 года, 62,8% жыхароў краіны былі задаволеныя сваім здароўем, 27,6% называлі яго добрым, а 9,6% – дрэнным.

У пачатку 2016 года, добрым здароўе называлі 27,6% беларусаў, здавальняльным 63,3% жыхароў краіны, а дрэнным – 9,1%.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках