24 красавiка 2024, Серада, 2:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святар апавёў, як правільна адзначаць Радаўніцу

12
Святар апавёў, як правільна адзначаць Радаўніцу

Гэта свята, і яно абавязвае хрысціянаў радавацца.

Слова «Радаўніца» паходзіць ад словаў «род» і «радасць» – радасць, што родныя людзі набылі вечнае жыццё. Гэта свята, і яно абавязвае хрысціянаў радавацца, а не ўпадаць у перажыванні з нагоды смерці блізкіх.

Напярэдадні Радаўніцы «Брэсцкая Газета» пагутарыла з клірыкам храма Свяціцеля Міколы Цудатворца ў Берасці святаром Дзмітрыем Нагнібядой пра тое, як правільна адзначаць гэтае свята.

– Які сэнс праваслаўныя хрысціяне ўкладаюць у свята Радаўніцы?

– Які сэнс мы ўкладаем у свята Вялікадня? Вялікдзень для нас усіх – гэта перамога жыцця над смерцю. Гэта значыць сваім уваскрэсеннем Хрыстос паказаў, што апошняе слова не за смерцю, а за жыццём. Калі да гэтай падзеі людзі не ведалі, што там, за труной, то ўваскрэсеннем Госпад паказаў, што існуе вечнае жыццё. Сэнс Радаўніцы такі самы, як і сэнс Вялікадня. Бо мы ж на Вялікдзень збіраемся са сваякамі, дзелімся гэтай радасцю. І паколькі нябожчыкі для нас проста з'яўляюцца людзьмі, якія не сядзяць з намі за сталом, але ў нашай памяці яны застаюцца, мы сапраўды гэтак сама хочам падзяліцца гэтай велікоднай радасцю і з імі.

– Як правільна памінаць памерлых на Радаўніцу?

– Самае галоўнае для нябожчыка – гэта малітва. Для гэтага трэба прыйсці ў храм на ранішнюю службу, падаць запіску з імем нябожчыка, памаліцца, а потым рушыць на могілкі і падзяліцца з ім велікоднай радасцю. На берасцейскіх могілках каля поўдня служыцца агульная ліція, на якой памінаюцца ўсе, хто пахаваны на гэтых могілках.

– Ці можна прыносіць ежу, велікодныя яйкі і пакідаць іх на магілах? Ці можна на могілках у гэты дзень піць спіртныя напоі?

– З царкоўнай пазіцыі памінанне алкаголем непрымальнае. Ды і ежа на могілках – гэта нейкае паганства. Уведзена гэта было ў савецкі час, калі трэба было замяніць рэлігію нейкі ідэалогіяй. Тады пачалі прыносіць нябожчыку чарку і хлеб, як быццам ён падзяляе з вамі трапезу. Але для верніка самая галоўная трапеза – гэта еўхарыстыя (прычашчэнне – заўв. аўт.), а не чарка і гэтак далей.

– Эколагі цяпер рэкамендуюць не набываць штучныя кветкі на Радаўніцу. Як праваслаўная царква ставіцца да традыцыі прыносіць такія кветкі?

– Калі я прыйду да вас на дзень нараджэння, я прынясу вам жывыя кветкі. Калі я прынясу штучныя, вы на мяне пакрыўдзіцеся. Для верніка жыццё не заканчваецца труной. Мы верым у тое, што памерлы жыве ў іншым свеце. Як мы да яго пойдзем з штучнымі кветкамі?! Вядома ж, мы пойдзем да яго з жывымі кветкамі. Жывыя кветкі – гэта сімвал таго, што я веру, што іду да жывога чалавека, а не да мёртвага.

– Як правільна запрасіць святара для памінання? Што рабіць, калі сваякі пахаваныя на некалькіх могілках?

– У Берасці некалькі могілак. Ёсць тры дні, якія адведзеныя для асвячэння магілаў – нядзеля, панядзелак і аўторак. Арганізавана дзяжурства святароў. Апоўдні на могілках усе святары разам спачатку служаць памінальную ліцію, а потым разыходзяцца па сектарах. Людзі, якія стаяць ля магілы, бачаць святара і могуць запрасіць яго асвяціць магілу. Пры гэтым трэба не забывацца пра павагу да блізкіх – як жывых, так і мёртвых. Святар падыдзе да ўсіх ахвотных, трэба толькі набрацца цярпення. Святары знаходзяцца на могілках да таго часу, пакуль ёсць людзі.

– За тое, што святар чытае малітву на могілках, трэба плаціць. Калі ў чалавека няма такой магчымасці, ці пагодзіцца святар зрабіць гэта без грошай?

– Царква існуе на ахвяраванні. І тычыцца гэта не толькі Радаўніцы. Так, ёсць рэкамендаваны памер ахвяраванняў, які вісіць на царкоўнай краме. З чаго ён разлічваецца? Царква плаціць камунальныя паслугі, маецца штат супрацоўнікаў, якім таксама трэба плаціць заробак. Звычайны свецкі бухгалтар сядзіць і на калькулятары вылічвае, колькі было б пажадана атрымаць ахвяраванняў за запіскі, свечкі і гэтак далей, каб хапіла на патрэбы царквы. Калі ў чалавека няма грошай, у яго ўсё адно возьмуць запіску, ніхто вас не згоніць. Тое самае тычыцца і ахвяры на асвячэнне магілы. Кожны ахвяруе з сваіх магчымасцяў!

– Ці можна на Радаўніцу прыбіраць магілу?

– Радаўніца – гэта дні святкавання. Мы павінны святкаваць і радавацца, а не працаваць. Мы вучым таму, каб у дні свята людзі не працавалі. Да святаў мы рыхтуемся загадзя, сапраўды гэтак сама і магілы варта прыбіраць загадзя.

– Чаму не прынята ездзіць на могілкі на Вялікдзень?

– Па-першае, паездка на могілкі накладвае нейкі адбітак: узнікаюць журботныя думкі. Каб іх не дапускаць у гэты дзень (на Вялікдзень – заўв. аўт.), царквой і вызначана памінанне памерлых. Па-другое, падчас светлай сядміцы не здзяйсняюцца памінальныя набажэнствы, таму невыпадкова свята Радаўніцы адзначаецца ў аўторак пасля Светлага тыдня.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках