18 красавiка 2024, Чацвер, 4:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Канец нейтралітэту: каго закрануць новыя санкцыі ЗША

2
Канец нейтралітэту: каго закрануць новыя санкцыі ЗША
ФОТА: SHUTTERSTOCK

ЗША будуць паступова нарошчваць ціск на хаўруснікаў Расеі.

Не паспела Расея акрыяць ад папярэдніх абмежаванняў, як міністр фінансаў Стывен Мнучын заявіў пра гатоўнасць новага санкцыйных пакета, звязанага з Сірыяй. Пад санкцыі могуць патрапіць і партнёры Расеі ў Еўразійскім эканамічным звязе, піша аглядальнік «Форбс» Арэг Галсцян.

На мінулым тыдні адбыліся падзеі, якія прымусілі міжнародную супольнасць вярнуцца да абмеркавання патэнцыйнага прамога сутыкнення паміж дзвюма найбуйнейшымі ядзернымі дзяржавамі – ЗША і Расеяй. Твітарная «дыпламатыя» прэзідэнта Трампа і рэзкія заявы прадстаўнікоў расейскага Генеральнага штаба пра гатоўнасць адказаць на ракетныя ўдары амерыканскай кааліцыі трымалі ўвесь свет у неабыякой напрузе.

Але пачуццё хуткай вайны шмат у чым штучна ўкаранялася эмацыйнымі заявамі і агрэсіўнай рыторыкай з боку Вашынгтона і Масквы. Насамрэч цяперашнюю адміністрацыю можна смела назваць адной з самых прагматычных у амерыканскай палітычнай гісторыі. Прадстаўнікі «генеральскага лобі» (узброеныя «галубы») у Белым доме ў асобе міністра абароны Джэймса Мэціса і кіраўніка прэзідэнцкага апарату Джона Кэлі маюць дастатковы практычны досвед, каб усведамляць наступствы рэальнай ваеннай канфрантацыі дзвюх краінаў. На сёння іхняга ўплыву цалкам дастаткова, каб стрымліваць «ястрабаў вайны» Джона Болтана і Майка Пампея.

Нельга таксама забывацца, што пасля берлінскага (1961) і карыбскага крызісаў (1962) Вашынгтон і Масква навучыліся культуры ўзаемнага стратэгічнага стрымлівання ў небяспечных сітуацыях. Нягледзячы на сур'ёзны крызіс даверу паміж Штатамі і Расеяй, які суправаджаецца вострымі заявамі, вайскоўцы абедзвюх краін заўсёды захоўваюць фармальныя і нефармальныя каналы сувязі, разумеючы негатыўныя наступствы радыкалізацыі палітычнага супрацьстаяння. Больш за тое, сірыйскі кірунак цікавіць амерыканцаў з пункту гледжання доўгатэрміновай стратэгіі ў развязанні іранскага пытання. У дакладах такіх мазгавых цэнтраў, як RAND Corporation і Atlantic Council, шматкроць адзначалася, што прэзідэнт Башар Асад і ягоны алавіцкі рэжым разам з рухам «Хезбала» ў Ліване з'яўляюцца галоўнымі стратэгічнымі хаўруснікамі ісламскага рэжыму ў Тэгеране. Відавочна, што без ліквідацыі гэтых двух чыннікаў Вашынгтона складана спадзявацца на поспех у працэсе змены палітычнай прыроды сучаснага Ірана. Такім чынам, Расея ў гэтым пытанні зусім не асноўная прычына галаўнога болю амерыканцаў.

Вашынгтон аб'ектыўна валодае якасна-колькаснымі рэсурсамі, якія дазваляюць гуляць у доўгую партыю, на што ў Масквы і Тэгерана няма ні часу, ні грошай. Іншымі словамі, Злучаныя Штаты наўрад ці ўсур'ёз абмяркоўвалі магчымасць вайны з Расеяй праз Сірыю (іншая справа, калі б Масква разгарнула свае базы ў Канадзе або Мексіцы). У дачыненні да Масквы абраныя прынцыпова іншыя падыходы ціску.

Першы ўзровень – гэта шырокі спектр эканамічных санкцый, якія павінны аслабіць Расею знутры. Другі – гэта паслядоўная палітыка-дыпламатычная праца са сваімі хаўруснікамі і партнёрамі з мэтай паступовай міжнароднай ізаляцыі Масквы. На гэтых двух узроўнях праведзены вялікі аб'ём працы: прынята шэсць рэзалюцый і два буйныя законапраекты, уключаючы фундаментальны закон «Аб супрацьдзеянні спаборнікам Амерыкі праз санкцыі». Апошнія абмежаванні з боку Міністэрства фінансаў ЗША прывялі да таго, што індэкс РТС абрынуўся на 11,4%, а ўжо ў аўторак рубель упаў у адносінах да даляра на 4,5%. Адчувальны ўдар атрымалі мільярдэры, блізкія да палітычнай эліты, а таксама буйныя прадпрыемствы, якія маюць важнае фінансавае і стратэгічнае значэнне.

На цяперашнім этапе Злучаныя Штаты на аснове глыбокай кансэнсуснай пастановы рэспубліканцаў і дэмакратаў будуць наносіць моцныя і нечаканыя ўдары без тлумачэння канкрэтных прычынаў. Санкцыі – гэта рэальнасць, з якой Маскве давядзецца змірыцца. Новыя санкцыі характарызуюцца высокай хуткасцю распрацоўкі, прыняцця і імплементацыі. Не паспела Расея акрыяць ад папярэдніх абмежаванняў, як міністр фінансаў Стывен Мнучын заявіў пра гатоўнасць новага санкцыйных пакета (яго плануецца апублікаваць у панядзелак, 16 красавіка). У гэты раз Вашынгтон будзе караць кампаніі, якія пастаўляюць у Сірыю абсталяванне і тэхналогіі, якія дазваляюць рэжыму Асада вырабляць і выкарыстоўваць хімічную зброю. Тактыка крыжаваных санкцый будзе мець двайны эфект, з прычыны таго, што адны і тыя ж людзі і арганізацыі (палітычныя, вайсковыя, навуковыя і фінансавыя) могуць патрапіць пад розныя абмежаванні ў розных кейсах (Украіна, Сірыя і т. д.). Хутчэй за ўсё ў найбліжэйшай будучыні асобныя санкцыі будуць рыхтаваць Вялікая Брытанія і Францыя.

Трэці патэнцыйны ўзровень у расейскім кірунку – гэта абмежаванні супраць асноўных стратэгічных хаўруснікаў Крамля ў Еўразійскім эканамічным звязе (ЕАЭЗ) і Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Згодна з санкцыйнымі законамі, ЗША пакідаюць за сабой права ўводзіць абмежаванні ў дачыненні да краінаў, якія цесна працуюць з Расеяй у вайскова-тэхнічнай сферы. Праз страх трапіць пад санкцыі Саудаўскай Аравіі давялося адмовіцца ад набыцця зенітных ракетных сістэмаў С-400. У вельмі складанай сітуацыі знаходзіцца таксама Турцыя, у якой дзякуючы сваім лабістам у Вашынгтоне пакуль атрымоўваецца адтэрмінаваць непазбежнае траплянне ў «чорны спіс».

Калі амерыканцы пачнуць выкарыстоўваць пугу ў дачыненні да сваіх хаўруснікаў (Сірыя і Турцыя), то наўрад ці іншым краінам варта спадзявацца на якую-небудзь ласку. У сваім нядаўнім інтэрв'ю амбасадар ЗША ў Арменіі Рычард Мілс заявіў, што афіцыйны Ерэван можа трапіць пад санкцыі. Палітычнае самаадчуванне Масквы наўпрост адбіваецца на вайскова-палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Арменіі: Расея – найбуйнейшы інвестар і вайскова-тэхнічны партнёр Ерэвана. Знешнепалітычнае выжыванне краіны залежыць ад таго, наколькі паспяхова захоўваецца баланс сілаў у стасунках з Расеяй, Іранам, ЕЗ і ЗША. Нейкі час гэтая палітыка прыносіла свой плён. Арменія, будучы чальцом ЕАЭЗ, падпісала пагадненне аб пашыраным партнёрстве з Еўрапейскім звязам. Аднак Амерыка – выпадак асаблівы. Цягам доўгага перыяду дыялог з Вашынгтонам забяспечваўся за кошт арганізаванага і ўплывовага праармянскага лобі. Сёння гэтая група ўплыву знаходзіцца ў глыбокім крызісе і аб'ектыўна не здольная гуляць актыўную ролю лабіста інтарэсаў армянскай дзяржавы. Упершыню за 25 гадоў Белы дом цалкам зрэзаў бязвыплатную фiнансавую дапамогу для Арменіі па лініі ўрадавых праграмаў, пакінуўшы толькі $ 6 млн на гуманітарныя патрэбы. Такім чынам, для невялікай закаўказскай рэспублікі, блакаванай з боку Турцыі і Азербайджана, прамое траплянне пад амерыканскія абмежаванні будзе мець сур'ёзныя наступствы.

Казахстан, у адрозненне ад Арменіі, мае ў Штатах сур'ёзных агентаў уплыву ў асобе нафтавага лобі. Карпарацыя Shevron абараняе свае бізнэс-інтарэсы на казахстанскім рынку і будзе прагматычна падтрымліваць станоўчую дынаміку палітычнага дыялогу паміж Вашынгтонам і Астаной. Але ў такіх складаных варунках, калі бізнэс адсоўваецца на другі план (нават карпарацыя Exxon Mobil няздатная ў лабіяванні сваіх інтарэсаў у Расеі), хаўруснікам Масквы давядзецца весці больш мудрую і ўзважаную палітыку. Казахстан адкрыта дэманструе сваё імкненне да знешнепалітычнай дыверсіфікацыі. Афіцыйная Астана не падтрымала праект расейскай рэзалюцыі з патрабаваннем асудзіць і спыніць агрэсію ў дачыненні да Сірыі, устрымаліся ад галасавання ў Радзе Бяспекі ААН. Акрамя таго, прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў паслядоўна выбудоўвае новую мадэль эканамічнага дыялогу з Вашынгтонам. Аднак усе гэтыя намаганні таксама не гарантуюць лёгкага жыцця для Астаны.

Як бы ні развіваліся падзеі, ЗША будуць паступова нарошчваць ціск на хаўруснікаў Расеі, выкарыстоўваючы ў тым ліку санкцыйныя інструменты. Пытанне заключаецца толькі ў тым, якая з краінаў выйдзе з гэтага крызісу з найменшай палітычным і эканамічным стратамі. Цалкам ясна адно: ніхто не зможа адседзецца ўбаку. Час нейтралітэту падышоў да канца.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках